Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

10:56 21 снежня 2016
18
Памер шрыфта

Яшчэ вясной гэтага года, калі чэмпіянат Беларусі па футболе толькі стартаваў, я распавядаў пра неверагоднае “шчасце”, якое нечакана звалілася на галаву бабруйскага футбольнага клуба “Белшына”: у каманды з’явіўся загадкавы “расійскі інвестар”.

Божа, якія вясёлкавыя планы маляваліся! І мільён долараў расіяне быццам бы збіраліся дастаць з уласнай кішэні на патрэбы клуба, і запрошаныя ў каманду чатыры аргенцінскія ігракі павінны былі вывесці бабруйскі футбол ледзь не на сусветны ўзровень, і футбольную акадэмію ў горадзе пабудуюць. Бабруйск стагнаў ад разгорнутай карціны перспектыў!

Адкуль узяліся гэтыя расійскія інвестары, доўгі час ніхто наогул не ведаў, а таямнічасць толькі дадавала інтрыгі. Радасна паціралі рукі і мясцовыя чыноўнікі: баба з возу – каню лягчэй. І калі расіяне паабяцалі ўзяць часткова на сябе выдаткі па ўтрыманні каманды, то кіраўніцтва горада і вобласці зразумела: вось яно, простае чалавечае шчасце. Расійскіх гасцей чыноўнікі, як Лёня Галубкоў з добра вядомай рэкламы МММ, пяшчотна называлі партнёрамі і абаранялі да апошняга.

А “партнёры” ўзяліся за справу спрытна: перш-наперш разагналі практычна ўвесь папярэдні склад каманды, якая ў мінулым сезоне заняла 4-е месца ў чэмпіянаце Беларусі, і прызначылі галоўным трэнерам малавядомага спецыяліста з Расіі Уладзіміра Яжурава – той паабяцаў ператварыць Бабруйск ледзь не ў сусветную сталіцу футбола. Праўда, ужо пасля першых паражэнняў, калі ружовыя мары сталі шэрымі, Яжураў таямніча знік. Ці то “адпрасіўся з’ездзіць дадому”, ці то “пакінуў каманду па сямейных абставінах”.

І зноў гарадскія ўлады грудзямі ўсталі на абарону расійскіх “партнёраў”, а старшыня Бабруйскага гарвыканкама так абурыўся  паводзінамі журналістаў, якія “нагнятаюць абстаноўку”, што паабяцаў, што яны “за свае словы расплацяцца”. Не ведаю, які інтарэс там меў спадар Каваленка, але запытацца ў  яго пра гэта практычна немагчыма – зараз Андрэй Фёдаравіч, якога абвінавачваюць у атрыманні хабару, адказвае ў ізалятары ў асноўным на пытанні следчых.

Тым часам па ходзе чэмпіянату высветлілася, што менавіта шукалі расіяне ў Бабруйску. Прывабіла іх, мабыць, перспектыва таго, што клуб можа выступіць у Лізе Еўропы. Выхад на еўрапейскую арэну дазваляў атрымаць прэміяльныя ад УЕФА і, акрамя таго, быў шанц праявіць там сябе і зарабіць на трансферах футбалістаў. Для гэтага заставалася зрабіць не так і шмат – альбо самім выйграць Кубак Беларусі, альбо жадаць кубкавага поспеху барысаўскаму БАТЭ.

Першымі падклалі свінню расійскім “партнёрам” самі бабруйскія футбалісты, калі ганебна прайгралі ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі камандзе “Баранавічы” з другога дывізіёна. Дабіў “інвестараў” БАТЭ, які ў фінале саступіў жодзінскаму “Тарпеда-БелАЗ” і такім чынам пакінуў “Белшыну” без удзелу ў Лізе Еўропы.

І… “цацка” перастала быць цікавай расіянам, якія раней планавалі зарабляць на продажы ігракоў. “Вы ж збіраліся ўкласці ў каманду мільён долараў, дзе грошы?” – пыталіся ў аднаго з “партнёраў” Сяргея Новікава журналісты. “Гэта ўсё пустыя размовы. Мы – не інвестары”.“Вы збіраліся адкрыць у Бабруйску футбольную акадэмію. Што зроблена?”“Для гэтага неабходны больш сур’ёзныя фінансавыя магчымасці”. – “Вы збіраліся перапрадаваць ігракоў…”“У мяне няма магічнай шапачкі альбо палачкі. Мы заяўлялі, што хочам за тры гады пабудаваць і змяніць у Бабруйску”.

Тры гады расіяне чакаць не сталі. Як таямніча зімой гэтага года яны з’явіліся, такім жа чынам летам і зніклі. Услед за гэтым па іншых клубах разбегліся і футбалісты, а “Белшына”, якая яшчэ год таму была ў лідарах, заняла ў турнірнай табліцы перадапошняе месца і з трэскам вылецела з вышэйшай лігі ў ніжэйшы дывізіён. Праект завяршыўся – каманду паспяхова развалілі.

Зрэшты, адэкватныя людзі з самага пачатку прагназавалі такі фінал. Дзіўна было бачыць іншае – як прагна клююць на авантурных “расійскіх інвестараў” дзяржаўныя чыноўнікі. Зрэшты, такая сітуацыя не толькі ў спорце. Калі сваіх мазгоў няма, то чужыя ўжо не дапамогуць.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".