Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 2 чэрвеня 2017
9
Памер шрыфта

У “Народнай Волі” (№34) быў апублікаваны рэзанансны артыкул пад загалоўкам “Преступление, где все только жертвы». Аўтар Алена Малочка з абурэннем распавядала аб жудаснай трагедыі ў Слоніме, дзе 17-гадовы ўнук забіў бабулю і дзеда.

На жаль, падобныя выпадкі не адзінкавыя. Вось “праславіўся” і горад Фаніпаль, што ў Дзяржынскім раёне, дзе літаральна некалькі дзён таму адбылася не менш жудасная трагедыя на пятым паверсе жылога дома №19 па вуліцы Камсамольскай, дзе пражывала сям’я з трох чалавек плюс сабака-аўчарка. Гаспадар кватэры – 70-гадовы пенсіянер, разам з ім пражывала яго 42-гадовая дачка з мужам. Усе сябравалі, так бы мовіць, з чаркай. Кабета, яе сужыцель не мелі пастаяннай работы, а перабіваліся выпадковымі заробкамі. Гаспадар, Уладзімір Пятровіч, атрымліваў невялікую пенсію – усяго 280 рублёў. Суседзі сцвярджаюць, што ён быў прыстойны, ветлівы, не п’яніца, але і не  непітушчы. Натуральна, у сям’і былі фінансавыя праблемы. З пенсіі ўсе харчаваліся, не шыкавалі, але і не галадалі. Праўда, з месяца ў месяц раслі даўгі па квартплаце, паслугах ЖКГ, за газ, электрычнасць. Не паляпшалі фінансавае становішча крэдыты, якія Уладзімір Пятровіч афармляў у камерцыйных банках. Іх жа трэба было вяртаць з працэнтнай надбаўкай. З-за гэтага ў сям’і ўзнікалі рознагалоссі, спрэчкі, адна з якіх у той вечар прывяла да жудаснай трагедыі.

Сёння дакладна не вядома, хто першы распачаў бойку, у якой 70-гадовы пенсіянер нанёс смяротны ўдар нажом у сэрца так званаму грамадзянскаму мужу сваёй дачкі, які на месцы і памёр, а сам забойца выкінуўся з пятага паверха і разбіўся. У аснове трагедыі – сяброўства з гарэлкай, фінансавыя праблемы, нежаданне працаваць і гэтак далей.

П’янства, алкагалізм, наркаманія – галоўныя бічы грамадства. Бязбожна п’юць і старыя, і малыя, прычым свабодна ў пад’ездах, скверах – грамадскіх месцах, якія павінны быць пад кантролем нашай доблеснай міліцыі, але яны рэдкія госці ў жылых мікрараёнах, не даклікацца іх нават у экстрэмальнай сітуацыі.

Дык як спыніць гэтае сацыяльнае зло, каб не апынуцца ў хмельным палоне? У савецкі час, як вядома, таксама пілі не менш, асабліва ў застойныя брэжнеўскія часы, але пры гарбачоўскай забароне і ўвядзенні цвярозасці набыць пляшку гарэлкі было праблематычна. Сёння як у дзяржаўных магазінах, так і ў прыватных крамах багаты выбар напояў, якія можна набыць без абмежавання ў любы час. Але пры камуністах на ўзроўні мясцовай улады дзейнічала даволі эфектыўная сістэма арганізацыі культурнага адпачынку моладзі, вялікая ўвага надавалася прапагандзе здаровага ладу жыцця, заняткам фізкультурай і спортам. Асабліва моднымі былі святы вуліц, двароў, пад’ездаў, ушанаванне лепшых людзей працы, доўгажыхароў, народных умельцаў, выступленні самадзейных артыстаў. Праводзіліся конкурсы-агляды талентаў простых людзей. Гэта былі незабыўныя масавыя народныя гулянні.

Весела і цікава  праходзілі спартыўныя мерапрыемствы, “Дні здароўя”, у якіх бралі ўдзел людзі розных узростаў на чале з кіраўнікамі буйных калектываў. Праводзіліся матчы па футболе, гандболе, валейболе, іншых рухомых відах спорту.

Чамусьці ўсе гэтыя цікавыя і карысныя формы адпачынку сёння ў многіх рэгіёнах забыты. Кіраўніцтва горада Фаніпаля спасылаецца на адсутнасць фінансаў, якія, вобразна кажучы, спяваюць рамансы. Доля праўды ў гэтым ёсць. Справа ў тым, што горад Фаніпаль, які ўвачавідкі пашырае свае межы, не самастойны, а раённага падпарадкавання. Гэта значыць, што мясцовы гарвыканкам не мае свайго ўласнага бюджэту. Між тым у горадзе функцыянуюць такія буйныя прадпрыемствы, як гігант – агракамбінат “Дзяржынскі”, РУП “Мінскаблнафтапрадукт”, завод ЖБМК, шмат иншых прадпрыемстваў, якія штомесячна пералічваюць у раённы бюджэт дзясяткі мільёнаў рублёў. Магчыма, па гэтай прычыне за апошнія 15–20 гадоў у городзе не пабудаваны ні адзін аб’ект сацкультбыту, хаця праблем у яго, як бы мовіць, вагон і малая цялежка. Перш за ўсё ў навучанні дзяцей, бо ў Фаніпалі толькі адна гімназія і адна СШ №1, да якой, праўда, зрабілі прыбудоўку на 200 месцаў, але па-ранейшаму класы перапоўнены, працуюць у дзве змены. Будаўніцтва новай школы з-за адсутнасці фінансаў замарожана.

Гораду патрэбны сучасныя спартыўныя збудаванні, культурныя аб’екты і, у прыватнасці, Дом культуры, які цяпер “жыве” ў старым будынку былога кінатэатра “Юнацтва”.

Памятаю, у тыя ж савецкія часы эканамічна моцныя прадпрыемствы самі ці ў кааперацыі паміж сабой узводзілі сацыяльна-культурныя аб’екты, бралі шэфства над імі, дапамагалі ў развіцці. Сёння чамусьці ўсё добрае з мінулага забыта. Даўнішнюю практыку варта аднавіць. Хаця існуе і дзяржаўная праграма развіцця малых гарадоў. Толькі вось ці тычыцца яна нас, жыхароў маленькага горада побач з Мінскам?

Што і казаць, тая трагедыя, якая нядаўна адбылася ў Фаніпалі, сведчыць у першую чаргу пра лад жыцця людзей. А каб яго змяніць у лепшы бок, трэба больш актыўна вырашаць сацыяльныя праблемы. І справа не толькі ў сродках. Будзе ініцыятыўнасць улад і шараговых грамадзян – больш прыгожым стане само жыццё насельнікаў горада, не давядзецца чуць пра трагеді і другія сумныя здарэнні.

Анатоль ШАРАЕЎ, ветэран працы.

г.Фаніпаль.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Амерыка ўжо не такая страшная?

На мінулым тыдні ЗША абвесцілі, што рыхтуюцца зрабіць два радыкальныя крокі. Гэта выклікала ў свеце гучны рэзананс, але не з боку нашае краіны.

Мария ШАРАПОВА: «Удар может решить любую проблему!»

Совсем недавно в московском издательстве «Эксмо» вышла автобиографическая книга известной теннисистки с белорусскими корнями Марии Шараповой «Неудержимая». В качестве эпиграфа к книге пятикратная п

Итальянцы на «Беларусьфильме»

17 октября генеральный директор «Беларусьфильма»  Игорь Поршнев проводил экскурсию по киностудии для итальянского режиссера Джанфранко Кабидду и его товарищей. Прекрасно отремонтированные павильоны, н