Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 11 мая 2017
11
Памер шрыфта

Жыхар Хойнікаў Мікалай Міхайлоўскі – ліквідатар наступстваў на Чарнобыльскай АЭС.

Афіцыйнага статусу «ліквідатар» у Беларусі даўно няма. Аднак немагчыма знішчыць людскую памяць – падзеі вясны 1986 года Мікалай Мікалаевіч узгадвае, быццам гэта здарылася ўчора.

У краязнаўчым музеі Хойнікаў чарнобыльскай трагедыі адведзена цэлая зала. Гэта дакументы, фатаграфіі, прыборы для вымярэння радыяцыі, касцюмы і іншыя прадметы таго часу. З Мікалаем Міхайлоўскім мы сустрэліся менавіта тут.

Да красавіка 1986 года ён працаваў пажарным на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Мазыры.

– Пасля выбуху я быў накіраваны ў месцы, якія пацярпелі ад выбуху на Чарнобыльскай станцыі, – успамінае Мікалай Мікалаевіч. Неслі службу на тарфяніках, у лясах, у вёсках.

Я не быў на вайне, але тое, што адбывалася тады, вельмі яе нагадвала: слёзы людзей, якія не хацелі выязджаць, верталёты, пакінутыя сабакі, збудаванні, тэхніка…

Маладыя ратавальнікі павінны былі прадухіляць узгаранні на забруджаных тэрыторыях. Пры пажарах у разы павялічваецца радыяцыйны фон. Тушыць ачагі за сезон даводзілася не адзін раз.

– На меры бяспекі на забруджаных участках у той час ніхто не звяртаў увагі, распавядае ліквідатар. Мы былі маладыя, паступіла каманда і наперад. Тады ж пра наступствы ўздзеяння радыяцыі мала што было вядома.

Нягледзячы на трагедыю, знаходзіліся людзі, якія, карыстаючыся ўсеагульнай панікай і блытанінай, займаліся марадзёрствам.

– Гэта цяпер там ужо няма чаго браць, бо ўсё пахавана, – кажа мясцовы жыхар.

Як гаворыцца, не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Прыбыўшы ў Брагінскі раён на ліквідацыю наступстваў аварыі, Мікалай Міхайлоўскі ў маі 1986 года пазнаёміўся з будучай жонкай. Зараз у сям’і двое дзяцей і трое ўнукаў.

Мікалай Міхайлоўскі ўжо на пенсіі. Стрымана прызнаецца, што ёсць праблемы са здароўем: служба ў забруджаных радыяцыяй месцах бясследна не прайшла.

Раней была магчымасць бясплатна ездзіць у санаторый, кажа аб скасаваных чарнобыльскіх ільготах Мікалай Мікалаевіч. А зараз статус ліквідатара заменены на статус пацярпелага. А льготы раней былі добрыя: і медыкаменты бясплатныя, і зніжка 50 працэнтаў на аплату камунальных паслуг

Крыўдна, што адмянілі льготы, але, мабыць, такая неабходнасць. У нашых раёнах кожны другі быў ліквідатарам. Усіх не забяспечыш…

Паводле слоў былога пажарнага, сёння ёсць магчымасць бясплатна абследавацца ў Навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі.

А вось у Хойніках, паводле меркавання нашага суразмоўцы, да якасці медыцынскага абслугоўвання ёсць прэтэнзіі.

– У Гомелі ёсць медыцынскі цэнтр, дзе прымаюць ліквідатараў, – кажа Мікалай Міхайлоўскі. – А ў раённай бальніцы наогул пра нас забыліся. Жонка ідзе на прыём, а там не ведаюць, што рабіць. Даюць накіраванне ў абласную бальніцу, а там пытаюцца: што за ўрач вас глядзеў?

Не ўсё гладка вырашаецца  з працаўладкаваннем.

Нават калі і зяўляюцца вакансіі, то яны нізкааплатныя, – адкрыта кажа Міхайлоўскі.

У канцы размовы Мікалай Мікалаевіч вяртаецца да тэмы скасаваных ільгот. На яго думку, статус ліквідатара ў краіне трэба аднавіць.

– Да гэтага моманту трэба паставіцца вельмі ўважліва, – тлумачыць Міхайлоўскі. – Хтосьці прабыў у зоне адзін дзень, некаторыя яшчэ ў школу хадзілі, а іншыя ўдзельнічалі ў ліквідацыі. Трэба перагледзець, хто дзе быў і чым займаўся.

 

АФІЦЫЙНА

Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ, намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама:

«Грошы чарнобыльцаў акумуляваліся ў дзяржаўных праграмах»

– У тым, што адбылася Чарнобыльская катастрофа, віны Беларусі няма, але з наступствамі нам даводзіцца разбірацца да гэтага часу, – сказала Жанна Чарняўская. – Я памятаю той час: было вельмі шмат вайскоўцаў, якія перакрывалі дарогі, каб не вывозілі радыеактыўную маёмасць. Усе рэчы заставаліся ў дамах, а людзі зязджалі толькі з дакументамі. Спадзяваліся вярнуцца, але даводзілася ўладкоўвацца на новых месцах.

Сама чыноўніца таксама родам з гэтых мясцін. Распавядае, што бацька наадрэз адмовіўся з’язджаць, заявіўшы, што не хоча адрывацца ад каранёў.

Паводле слоў Жанны Чарняўскай, Беларусь засталася сам-насам з чарнобыльскай бядой, а льготы былі акумуляваны ў дзяржаўных праграмах дапамогі пацярпелым тэрыторыям.

– У першыя гады былі льготы, але гэта доўжылася нядоўга, – кажа Жанна Мікалаеўна. – Трэба не забываць, што дзяржава ўжо рэалізавала чатыры чарнобыльскія праграмы. Напэўна, гэта лепш, чым плаціць асобна кожнаму. Дарэчы, пенсіянеры-ліквідатары ў нас атрымліваюць пенсіі па 900 рублёў.

Прадстаўніца мясцовай улады патлумачыла, што раённая бальніца не прадугледжвае наяўнасці штату вузкіх спецыялістаў, а накіраванне ў Гомель можа атрымаць кожны, каму трэба. Таксама штогод насельніцтва Хойніцкага раёна праходзіць абавязковую дыспансерызацыю (аналіз крыві, праверка шчытападобнай залозы).

– У школах і садках дзеці атрымліваюць бясплатнае харчаванне, – працягвае чыноўніца з Хойнікаў. – Таксама раз у год дзеці праходзяць праз абавязковае аздараўленне. Напрыканцы сакавіка мы атрымалі два новыя апараты УГД, два школьныя аўтобусы, абсталяванне для падрыхтоўкі ежы закупілі ў тры школы. Гэта ўсё за кошт чарнобыльскіх сродкаў. А пацярпеў не толькі Хойніцкі раён.

Таксама ідзе будаўніцтва жылля. І калі б не адбылася акумуляцыя сродкаў, то нешта пабудаваць было б складана. Напэўна, так, людзям крыўдна, але, з іншага боку, ёсць агульны вынік працы.

Фота аўтара.

Хойнікі. 

Аўтар: Раман ВАСЮКОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў