Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:32 31 студзеня 2017
43
Памер шрыфта

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель закінула ўсе справы і рыхтуецца да чарговай прэм’еры, якая адбудзецца 20 студзеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. З назвы спектакля “Беларусь. Дыдактыка” зразумець нічога немагчыма, але, са слоў Таццяны Рыгораўны, гэта вельмі шчыры, амаль інтымны спектакль, які павінен паглядзець кожны, хто шукае шлях да сябе, да сваіх каранёў, да Беларусі.

 

“Я напалову рускі, напалову беларус, – прызнаецца рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Аляксандр Марчанка. – І мой шлях да беларускасці быў даволі доўгі. Я вывучаў беларускую мову і беларускую літаратуру, хаця вырас у рускай вёсцы, з рускай бабуляй. Адчуванне непаўторнасці беларускай мовы з’явілася толькі тады, калі я пачуў песні, якія спявае Таццяна Рыгораўна і Дзіма Лук’янчык”.

Таццяна Мархель прапанавала назваць спектакль “Дарога да сябе”.

– Бо слова “дыдактыка” – я і сама яго, па шчырасці, не вельмі добра разумею, – распавяла “Народнай Волі” вядомая артыстка. – Ну і як глядач пойдзе на такую назву? Але рэжысёр перакананы, што назва нармальная. Таму мой варыянт пакінулі ў дужках.

Калісьці, яшчэ значна раней таго, як з’явілася ідэя гэтага спектакля, Саша Марчанка браў у мяне шмат інтэрв’ю, на аснове якіх драматург Дзмітрый Багаслаўскі напісаў п’есу, літаральна па маім жыцці. Я тады прачытала яе і падумала: “Божа, так адкрывацца нельга, гэта нават грэх нейкі, такім быць адкрытым”, – і адмовілася, не дазволіла гэта ставіць на сцэне. Безумоўна, яны мяне зразумелі, і праз некаторы час Саша падаў новую ідэю такога ж шчырага, адкрытага праекта, пачаў расказваць сваё бачанне спектакля “Беларусь. Дыдактыка”. Зноў мне было неяк няёмка і нязручна. Ну як гэта сваё асабістае выносіць на сцэну? Аднак, калі паглыбіцца ў думкі, ісці ад узросту, жыццёвага вопыту – і я ж таксама стараюся нешта браць ад людзей, якіх сустракаю, якія для мяне штосьці новае адкрываюць і штосьці асабістае кажуць, штосьці тое, што для іх саміх з’яўляецца патаемным і важным.

Памятаю, калі яшчэ працавала ў Віцебску, мы ладзілі вечарыны на падмурку твораў Быкава, Барадуліна, Бураўкіна. І вось чытаеш і думаеш: яны ж дзяліліся ў творах сваімі самымі патаемнымі думкамі, чаму ж гэта я не магу падзяліцца чымсьці такім?

Тыя ж песні нашы беларускія, якія будуць гучаць у спектаклі, – гэта таксама ў нейкай ступені маё асабістае, інтымнае. Песні, якія я буду выконваць, спявала мая матуля. Я слухала гэтыя песні ў дзяцінстве і ніколі не думала, што гэта штосьці такое дзіўнае, каштоўнае. Для мяне гэта было наша звычайнае, натуральнае жыццё.

Памятаю, калі бацька не вярнуўся з фронту, мама шмат плакала. А потым усё роўна спявала, бо душа прасіла. Ідзе са жніва – пяе, гатуе – пяе, вяселле на вёсцы – пяе. Пад усё, што б ні рабіла, спявала.

Мне добра запомніўся момант, калі мяне ўпершыню папрасілі праспяваць нашы з мамай песні ў спектаклі. Я тады працавала ў Віцебску, і мы рыхтаваліся да юбілею Якуба Коласа, ставілі “Сымона-музыку”, наш рэжысёр Валерый Мазынскі падышоў да мяне і кажа: “Што ты там сама сабе маміны песні спяваеш? Ну паспявай у спектаклі!” Гэта такое дзіва было для мяне! А потым пачала і адчуваю: неяк усё сышлося.

Другі раз я здзівілася, калі мне прапанавалі запісаць некалькі песень да фільма “Людзі на балоце”. Запісвалі тады дзве песні мы восем гадзін. Памятаю, як мне казалі: спявай, каб гукі ляцелі над зямлёй гэтай – высока, шырока, над балотамі, над сенажацямі, каб адчувалася, якая ў нас цудоўная зямля, на якой жывуць прыгожыя людзі, героі Мележа. Аператар зняў прыгожыя краявіды, і песні выдатна ляглі на кадры.

У спектаклі Таццяна Мархель будзе не толькі спяваць, але і чытаць урыўкі з твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў.

– Я выбірала тое, што блізка мне самой, што грэе душу, – гаворыць Таццяна Рыгораўна. – Буду чытаць урыўкі з “Сымона-музыкі”, прамову Кастуся Каліноўскага, якую напісаў Караткевіч: “Вялікі мой народ, зямля мая, гняздо пакут, змагання і свабоды, я толькі што памёр. І ў гэты час адддаў табе, зямля, сябе самога”. Нягледзячы на тое, што гэта паэзія, падчас здаецца, што гэта вельмі высокія словы, якія ты проста не маеш маральнага права прамовіць…

Такі доўгі шлях да сябе, да Беларусі, вельмі цікавы, складаны, няпросты, але, я думаю, хай праз слёзы, тугу, але пра гэта трэба гаварыць. І варта адкрывацца перад людзьмі. Не саромецца і распавядаць пра перажытае. Каб прыйшла моладзь, паслухала, зразумела, што ёсць у нас наш падмурак, тое, на чым можна стаяць, можна будаваць нешта новае, развіваць і ісці далей. Хочацца, каб яны гэта ведалі, разумелі, таму што гэта наш скарб, які зацікаўлівае і іншыя народы. Тое, што менавіта наша, не сцягнутае з некага, не перапевы чужыя, не перамовы чужыя, не словы чужыя, а менавіта наша, беларускае. Сваё!

ЗАПРАШЭННЕ

На гарбату – да Мархель!

29 студзеня сустрэча з народнай артысткай Беларусі Таццянай Мархель адбудзецца ў сталічнай краме “Вкусночай”.

– Я ведаю, што такая сустрэча рыхтуецца і буду вельмі рада ўсім, хто прыйдзе і задасць мне свае пытанні, – сказала Таццяна Рыгораўна “Народнай Волі”. – Але на сённяшні дзень я так занята падрыхтоўкай да прэм’еры, што проста думаць ні пра што больш не магу! Усе справы закінула, жыву ад рэпетыцыі да рэпетыцыі! Мне вельмі хочацца, каб атрымалася. Баюся сурочыць, але, дзякуй Богу, усё складваецца…

Прыходзьце на прэм’еру!

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

О Моцарте, о званиях, о славе…

Талантливый дирижер совершенно не заботится о своем реноме, о своей популярности, рискуя остаться незнаменитым. «Народная Воля» попыталась исправить это положение.

Анна БАХТИНА: «Я хочу, чтобы в суде был допрошен Николай Старовойтов…»

Вчера в суде Московского района Минска состоялось рассмотрение жалобы известного адвоката Анны Бахтиной, которую недавно Минюст на основании решения квалификационной комиссии лишил лицензии.

“Але як толькі Украіна здасца, імперыя паўстане зноў…»

Няма ўкраінца, які не ведаў бы песні “Два колеры”. Яна гучыць і на афіцыйных канцэртах у выкананні тытулаваных спевакоў, і ў любым застоллі, дзе спяваюць хто голасам, а хто душой. Аднойчы я пабачыў “Д