Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 2 чэрвеня 2017
4
Памер шрыфта

Чэмпіёнка свету ўзначаліла Федэрацыю паруснага спорту Беларусі.

У кастрычніку 2014 года Ігар Рачкоўскі быў абраны старшынёй Федэрацыі хакея, хаця з 2008-га кіраваў Федэрацыяй паруснага спорту. Давялося сумяшчаць дзве пасады.

“Парус і хакей вельмі блізкія віды спорту, – пацешыў тады журналістаў экс-старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта. – У іх адна аснова – вада. У адным выпадку – вадкая, у другім – замарожаная. Адно другому не перашкаджае”.

Але на мінулым тыдні стала вядома, што чэмпіёнка свету і ўдзельніца пяці Алімпійскіх гульняў Таццяна ДРАЗДОЎСКАЯ змяніла Ігара Рачкоўскага на пасадзе старшыні Федэрацыі паруснага спорту.

– Прызначэнне было для мяне вялікай нечаканасцю, – распавяла “Народнай Волі” Таццяна. – Ігар Рачкоўскі сказаў, што мае спартыўныя дасягненні дазваляюць займаць гэтую высокую і адказную пасаду.

– А як яму ўдавалася некалькі гадоў сядзець на крэслах адразу ў дзвюх федэрацыях?

–  Пра гэта, напэўна, лепш у Ігара Анатольевіча спытацца. Адно магу сказаць: ён вельмі і вельмі шмат зрабіў для паруснага спорту. Я, як спартсменка, ведаю гэта дакладна.

– Вы працягнеце ўдзельнічаць у спаборніцтвах?

– Безумоўна, хаця зараз трэба ўжо думаць і пра нейкія напрацоўкі ў федэрацыі. Усё даволі хутка адбылося, таму варта параіцца са спецыялістамі і выпрацаваць пэўны план работы.

– Ці карыстаецца сёння ў Беларусі папулярнасцю парусны спорт?

– Скажам так: папулярнасць набірае абароты. Вельмі шмат людзей хочуць навучыцца хадзіць на яхце, а многія адпраўляюцца нават у Чарнагорыю, каб прайсці там спецыяльныя курсы. Але тут я кажу пра дарослых, якія маюць інтарэс да парусных яхт.

– А што тычыцца дзіцячага спорту?..

– Ёсць дзіцячыя секцыі, але праблема ў тым, што ў сярэднім узросце многія кідаюць займацца спортам. Можа быць, зараз у моладзі іншыя мэты і задачы ў жыцці, чым заняткі спортам. Магчыма, не бачаць тут для сябе вялікіх перспектыў. А ўвогуле, у парусны спорт па жаданні бацькоў можна аддаць дзіця з 7–9 гадоў. Гэта аптымальна. Хаця асабіста я пачала займацца ў 14 гадоў.

– Ці дорага абыходзицца гэты від спорту бацькам?

– Я лічу, што сёння ў нас стварылі ўсе ўмовы, каб фінансавы цяжар не ўскладаўся на плечы бацькоў, каб ён быў мінімальны. Напрыклад, федэрацыя закупіла дастатковую колькасць яхт “Аптыміст”, якія неабходны для пачатковага навучання. Бацькі за свае грошы купляюць хіба што спецыяльнае адзенне для дзяцей ды, магчыма, часткова аплачваюць нейкія выезды на спаборніцтвы.

– Для спонсараў ваш від спорту цікавы? Яны гатовы ўкладваць грошы ў парусны спорт?

– Шчыра кажучы, пакуль у гэтай гаспадарцы яшчэ не разбіралася. Але спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца. Як кажуць, пажадайце нам спадарожнага ветру…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.