Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 25 мая 2017
9
Памер шрыфта

Кацярына Ільіна літаральна на 180 градусаў павярнула сваё жыццё. З журналістыкі – у парашутызм, з Мінска – у Бахрэйн.

– Калі я ўпершыню трапіла на аэрадром Баравая пад Мінскам, мне было 18. Гэта не выпадковасць, мае патаемныя юнацкія мары – узняцца ў неба. Для адвагі ўзяла з сабой сяброўку.

…Мы падымаемся ўвысь на сотні метраў, і з самалёта пачынаюць выскокваць парашутысты. Дзверцы пры гэтым застаюцца адчыненымі! А самалёт усё вышэй… Каленкі дрыжаць, далоні пацеюць – было вельмі страшна. Мы ляталі ў тандэме з дасведчаным інструктарам, аднак усё роўна адрэналіну атрымала ў разы больш, чым на “амерыканскіх горках”. Першыя думкі пасля прызямлення: больш да парашута не дакрануся…

– А ў выніку – на тваім рахунку больш за тысячу скачкоў з парашутам!

– Не паверыце, але праз тыдзень пасля першага прызямлення мне зноў захацелася ў неба па вострыя адчуванні. Пайшла і запісалася ў Мінскі аэраклуб ДТСААФ імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца. Савецкая сістэма падрыхтоўкі спартсменаў-парашутыстаў дала мне выдатную тэарэтычную і практычную базу. Вялікі дзякуй маім настаўнікам за навучанне!

Праз два месяцы заняткаў я ўжо без усялякага страху скакала ўніз з парашутам адна. Потым чатыры гады займалася класічнымі практыкаваннямі. Напрыклад, “дакладнасць прызямлення”: трэба было ў небе так правярнуць манеўры пад купалам парашута, каб на зямлі пяткай  трапіць у двухсантыметровую мішэнь. Пагадзіцеся, вельмі няпростая задача!

Таксама займалася індывідуальнай і групавой акрабатыкай, “выпісвала” ў паветры сальта і спіралі. Быў час, практыкавалася ў паветранай акрабатыцы пад кіраўніцтвам вядомага майстра парашутнага спорту, сяміразовага рэкардсмена Расіі і двухразовага рэкардсмена свету Віктара Краўцова ў Падмаскоўі на “Аэраградзе Каломна”. На адным са збораў напярэдадні Алімпіяды ў Сочы, Віктар прапанаваў сабраць у паветры тры велізарныя алімпійскія кольцы. Фігура складаная, а вопыт і майстэрства ўдзельнікаў адрознівалася, таму з задачай мы, на жаль, не справіліся. Але маю працу на зборы ацаніла трэнер Кейт Купер і запрасіла паўдзельнічаць у жаночым сусветным рэкордзе ў класе вялікіх фармацый (групавая акрабатыка) у Амерыцы. Гэта была феерычная прапанова! Але пакуль я ляцела праз Атлантычны акіян, то прастудзілася, і маё выступленне сарвалася.

– Цяпер ты займаешся фрыфлаем. Растлумач, што гэта такое?

– Фрыфлай з англійскай мовы – свабоднае падзенне. Хуткасць палёту велізарная – да 300 кіламетраў у гадзіну! У небе спартсмен выконвае неверагодныя нумары на спіне, “седзячы”, галавой уніз, вертыкальна. Адрозненне ад групавой паветранай акрабатыкі – там ты ляціш уніз толькі жыватом. У фрыфлаі атрымліваецца палёт у 3D-фармаце. Сапраўдныя танцы ў небе! Паставу цела абмяжоўваюць толькі твая спартыўная падрыхтоўка і ўласная фантазія.

Да заняткаў фрыфлаем без пачатковых навыкаў не дапускаюць. Гэта дысцыпліна адна з самых небяспечных у парашутызме. Кантраляваць сваё цела трэба кожную секунду. Адзін няправільны рух – хуткасць і напрамак мяняюцца, збіваешся з курса і можаш незнарок урэзацца ў сваіх калег.

– Як праходзяць твае трэніроўкі?

– Займаюся ў аэратрубе. Знізу магутным патокам б’е паветра, якое і ўтрымлівае цябе на ляту. Праца фізічна складаная: трэба доўга ўтрымліваць раўнавагу, круціцца ва ўсіх плоскасцях. У нашай краіне такіх аэратруб-трэнажораў, на жаль, няма. Прыйшлося некаторы час трэніравацца ў аэратрубе Flystation каля Санкт-Пецярбурга. Заняткі не танныя: адна гадзіна “вольнага палёту” каштавала каля 300 еўра. Тады я і вырашыла стаць інструктарам па фрыфлаі – займацца любімай справай, удасканальваць сваё майстэрства ды яшчэ атрымліваць за гэта грошы.

– Ці не занадта небяспечны занятак для дзяўчыны?

– Па гэтай прычыне ў Маскве і Санкт-Пецярбургу мяне на працу браць не захацелі. Не верылі, што з роляй інструктара на аэрадынамічнай трубе можа справіцца дзяўчына. Але я не апускала рук, шукала, адпраўляла сваё рэзюме ў краіны Амерыкі, Еўропы, Блізкага Усходу. Адказ прыйшоў з Каралеўства Бахрэйн. Мясцовы шэйх нядаўна пабудаваў там шкляную аэратрубу GravityBahrain – адну з самых лепшых у свеце. Працаваць там адно задавальненне! У наступным годзе на нашым маленькім востраве пройдзе чэмпіянат свету па аэратрубных відах спорту. Рыхтуемся па поўнай праграме.

– Хто твае вучні?

– Асноўны кантынгент – вайскоўцы. На Блізкім Усходзе сітуацыя неспакойная, таму салдаты абавязкова праходзяць парашутна-дэсантную падрыхтоўку. Аднак у нас могуць займацца і пачаткоўцы, і прафесійныя спартсмены. Задавальненне не з танных: час заняткаў – каля тысячы долараў.

– Ты жывеш у Бахрэйне ўжо год. Што больш за ўсё здзівіла ў каралеўстве?

– У Беларусі малады чалавек, калі запрашае дзяўчыну на спатканне, вядзе яе ў кавярню, рэстаран: маўляў, глядзіце, з якой прыгажуняй я прыйшоў. Тут жа ўсё наадварот. Арабскія мужчыны не вядуць сваіх спадарожніц у шматлюдныя месцы, бо там прынята з’яўляцца толькі з жонкамі. Пакуль я гэта не зразумела, вельмі здзіўлялася, чаму хлопцы “хаваюць” дзяўчат, запрашаючы іх проста на барбекю.

– Каця, у цябе ёсць вольны час? Як ты яго бавіш у арабскай краіне?

– Мне вельмі падабаецца катацца на конях. У арабскіх краінах верхавая язда – вельмі папулярны від адпачынку, конныя клубы тут на кожным кроку. Там, дзе я займаюся, працуе славуты трэнер Алі Іса, ён уваходзіць у топ-10 лепшых сусветных наезнікаў. Аднойчы мы з прыгажуняй Аляскай вучыліся браць новы бар’ер. Алі доўга глядзеў, наколькі зладжана мы дзейнічаем, а потым сказаў з усмешкай: табе яшчэ вучыцца і вучыцца. Неўзабаве ён прапанаваў займацца пад яго непасрэдным кіраўніцтвам, што для мяне вялікі гонар.

– Ты мінчанка, скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Па родным доме, сябрах не смуткуеш?

– Так, я нарадзілася і вырасла ў Мінску, вучылася тут і вельмі люблю свой горад. Тут я адпачываю душой. У гады студэнцтва праходзіла практыку на амерыканскім тэлебачанні. Атрымліваліся неблагія сюжэты  (дзякуй журфаку). Але каб стаць прафесіяналам у пэўнай сферы, трэба прысвячаць ёй увесь свой час і сілы. Скокнуўшы адзін раз з парашутам, я ўжо не магла пакінуць неба. Пакуль я набіраюся вопыту. Але шмат думаю і пра тое, як прымяніць свае веды і ўменне на радзіме. Мяркую, што будаўніцтва аэратрубы ў Беларусі – гэта пытанне часу. Калі яна з’явіцца, спатрэбяцца прафесіяналы гэтай справы, каб трэніраваць спартсменаў і вайскоўцаў.

– У парашутыстаў ёсць свае прыкметы, звычаі, традыцыі?

– Перад палётам я не гавару ніколі пра траўмы, інцыдэнты – баюся сурочыць. Многія калегі носяць на шыі парашутную шпільку як амулет. Гэта маленькае колца, якое выдзіраюць для раскрыцця купала. Кажуць, прыносіць поспех…

– Успомні свой самы хвалюючы скачок у неба.

– Зараз гэта для мяне звычайная справа. Бывае, за дзень так стомішся ад скачкоў, што ляціш у самалёце і кімарыш на плячы ў сябра. А самы запамінальны, незабыўны скачок – першы. Хоць тады мяне і не пакідалі думкі, навошта я на гэта падпісалася, магла б сядзець дома, піць каву з пірожнымі… Галоўнае, як і ў многіх справах, – перасіліць свой страх.

– Дарэчы, пра пірожныя. Ты ў выдатнай форме! Прытрымліваешся нейкай дыеты?

– Дзякуй! Як і многія дзяўчаты, я кожны тыдзень абяцаю сабе пачаць худзець з панядзелка, але, пэўна, сілы волі не хапае (смяецца). Добра, што пасля доўгіх палётаў у аэратрубе лішнія кілаграмы з лёгкасцю “выветрываюцца”.

– Як родныя ставяцца да тваёй экстрэмальнай працы?

– Калі толькі пачала займацца парашутным спортам, родным сказала, што наведваю трэнажорную залу. Сакрэт раскрыўся праз некалькі месяцаў – бабуля ўбачыла мяне па тэлевізары, дзе я з энтузіязмам расказвала пра наш аэраклуб. Для ўсіх гэта быў шок. Зараз бабуля з дзядулем мной ганарацца, усім сябрам пра поспехі ўнучкі расказалі.

Мама не хацела адпускаць мяне ў Бахрэйн, вельмі перажывала, як я буду адна ў незнаёмай краіне. Цяпер яна супакоілася, бо бачыць – у дачкі ўсё добра.

– Твая парада тым, хто марыць скокнуць з парашутам, але ніяк не можа адважыцца.

– У страху вочы вялікія! Калі сапраўды ёсць у вас такая мара, то адпраўляйцеся на бліжэйшы аэрадром і спрабуйце. Упэўнена, эмоцый будзе столькі, што захочацца скачок з парашутам ізноў паўтарыць.

Фота Марата ДАМІНАВА.

(“Алеся”.)

Аўтар: Хрысціна ХІЛЬКО 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".

Беларусь і Еўропа. Казка пра змарнаваны час

Стрымана-аптымістычную заяву зрабіў сёння ў Бруселі кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей. Паводле міністра, наша краіна заключыць новае базавае пагадненне з Еўрасаюзам, прычым “гэта будзе ра