Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 25 верасня 2016
414
Памер шрыфта

Вядомаму беларускаму паэту Сяргею Законнікаву – 70!

Юбілеі ён звычайна не святкуе. Але напярэдадні дня народзінаў даў згоду на размову з вядучай рубрыкі “За кубачкам кавы”. Яна атрымалася нестандартнай. Ва ўсялякім разе такога Сяргея Законнікава – так бы мовіць, без гальштука, хатняга, разняволенага, але пры гэтым вельмі прынцыповага – наогул мала хто ведае.

Гарбатная цырымонія

– Быў час, калі я наогул не піў ні кавы, ні гарбаты, – пачаў распавядаць Сяргей Іванавіч, напаўняючы мой кубак. – Пра спіртное гаворка ўвогуле не ішла. Забаранілі з-за арытміі. Цяпер магу выпіць 15–20 грамаў каньяку. Праўда, дактары кажуць, што і на гэта павінен быць асаблівы выпадак.

– А на розных презентацыях, відаць, даводзілася часта чарку перакульваць?

– Дзяржава не вельмі раскашавалася на гэта. Але калі былі вялікія святы, то, зразумела, накрывалі сталы. Я ніколі чарку не адпіхваў, але і празмерна не ўжываў. Дарэчы, гэта вельмі цікавая тэма…

– Іншы раз складаецца ўражанне, што пісьменнікі, калі ёсць натхненне, п’юць, а калі няма – тым больш.

– Гэта вялікі міф, што ўсе пісьменнікі п’юць. Як і тое, што калі возьмеш на грудзі, то лепш пішацца. У кожнага, канешне, па-свойму, але я нават калі піва вып’ю, ніколі нічога не пішу. Прыняўшы алкаголь, ты зусім па-іншаму мысліш, цьмяна і заблытана.

Некаторыя кажуць: калі б той жа Караткевіч не заглядаў у чарку, ён яшчэ больш геніяльныя творы напісаў бы. Караткевіч жыў і пісаў так, як у яго складвалася. Іншая справа, што многія пісьменнікі, нават выбітныя, былі алкаголікамі. Але ж такія ёсць і сярод тых, хто на заводах працуе…

– Сяргей Іванавіч, вам – 70! Як юбілей будзеце святкаваць?

– Ніяк. Яшчэ калі малады быў, паабяцаў, што ніколі не буду праводзіць ніякіх мерапрыемстваў, звязаных са сваімі юбілеямі. У Мінску, як ведае ўся наша літаратурная брація, ніколі не было майго творчага вечара. Былі сотні сустрэч з чытачамі, прэзентацыі, але не юбілейныя вечары. І гэты раз – не выключэнне.

– А Уладзімір Някляеў да свайго юбілею два зборнікі выдаў.

– Апошняя кніга, якую я выдаў, якраз на стале ляжыць – “Шалёная куля”. Заплаціў 1200 долараў. Шчыра скажу: я не магу з пенсіі ў 370 рублёў нават раз на пяць гадоў выдаваць кніжкі. Гэта цяжка…

– Але мне падаецца, вы ўсё жыццё няблага зараблялі…

– Вялікіх грошай не меў ніколі, але ведаю, як іх зарабляць. Я вырас у сям’і, дзе было пяць дзяцей. Бацька захварэў, мы засталіся з мамай. Мама працавала ў малодшых класах, зарабляла, здаецца, 480 рублёў. Каб выжыць, нам прыйшлося завесці не толькі карову, але і качак, гусей, авечак, свіней. Усю гэтую жыўнасць трэба было даглядаць, таму працаваць даводзілася вельмі многа. На маім папячэнні яшчэ былі трусы, якіх за лета разводзілася да ста штук. І карміў іх, і прыбіраў за імі клеткі.

Праз дарогу ад нашага дома было возера. Яшчэ да школы, пакуль маці выганяла карову, я ішоў лавіць рыбу. Потым маці варыла бульбу, смажыла рыбу, мы снедалі і ішлі ў школу.

У 9-м класе на канікулах працаваў у саўгасе грузчыкам і такім чынам нешта зарабляў для сям’і. Я быў вогненна рыжы (у мяне была не галава, а факел!), худы, але цягавіты. Студэнтам друкаваў вершы, разгружаў вагоны, а заробленае дзяліў на траіх – у Мінску яшчэ вучыліся мае сястра і брат…

 

З Генадзем Бураўкіным.


Клумба з ружамі

– У адным са сваіх інтэрв’ю вы сказалі: “Я навучыўся ніколі і нікому не зайздросціць, не ганяцца за багаццем, не квапіцца на чужое, ставіцца абсалютна абыякава да грошай, усё здабываць толькі сваімі розумам і рукамі…”

– Так, бо я прывык працаваць з маленства.

Калі ў школу ўладкаваўся, меў вялікую нагрузку. І гісторыю выкладаў, і беларускую літаратуру, і рускую, і лекторыі рабіў. Такім чынам зарабляў неблагія грошы.

Дарэчы, у дзяцінстве я марыў быць лесніком, таму на канікулах яшчэ падпрацоўваў у лясніцтве. Вось гэтымі рукамі пасаджаны не сотні, а тысячы дрэў! Лесу майму ўжо амаль 60 гадоў! Некалі туды сваіх дзяцей вазіў па грыбы-ягады. Я люблю лес, які, між іншым, не толькі корміць, але і натхняе.

– А лецішча ў вас ёсць?

– Было, але калі старэйшая дачушка будавала кватэру, прадаў, каб дапамагчы зрабіць унёсак.

– Сяргей Іванавіч, ведаю, што за чатыры гады да пенсіі вы засталіся без працы. І нават вартаўніком спрабавалі ўладкавацца…

– І жонку перад гэтым звольнілі з выдавецтва “Мастацкая літаратура” – за нацыяналізм. Мне трэба было думаць, за што набываць ежу. Грошай не было ўвогуле! Думаў, уладкуюся без праблем. Мяне ж маглі ўзяць у любы інстытут, дзе трэба выкладаць літаратуру. Бралі ў незалежныя інстытуты, але, напрыклад, прарэктар бярэ, а рэктар, паглядзеўшы дасье, адмаўляе. Маё прозвішча было ў так званым чорным спісе. Я прайшоў 32 месцы працы! Гэта быў ужо спартыўны інтарэс, каб потым можна было напісаць пра ўсе хаджэнні ў кнізе ўспамінаў. Не ўзялі нават у таварыства па выратаванні тапельцаў, хоць маю медаль за выратаванне людзей. Адмовілі нават у дзіцячым садку, куды прыйшоў прасіцца вартаўніком! Адкрылі працоўную кніжку, а там жа напісана – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1992 года, мае ордэн “Знак Пашаны”…

– І як вы на хлеб зараблялі?

– Былі дні, калі ў хаце не было не проста якой-небудзь ежы, а нават кавалка свежага хлеба. Мы з жонкай сухары елі…

Я пачаў шукаць, каму магу дапамагчы выканаць нейкую працу. Рэдагаваў кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, рабіў літаратурную апрацоўку. Некалькі месяцаў укалваеш – 150 долараў маеш.

Шчыра кажучы, у нармальнай дэмакратычнай краіне я мог бы няблага зарабляць  – літаратурнай працай і журналістыкай. У нас жа ў дзяржаўных  СМІ і выдавецтвах “нячэсныя”  пісьменнікі пад забаронай.

– Дык у вас жа, напэўна, былі прапановы з’е хаць за мяжу і нармальна жыць. Ведаю, што ў 2006 годзе прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка ўзнагародзіў вас ордэнам “За заслугі” III ступені з нагоды 15-й гадавіны незалежнасці Украіны. Можа, нават прапаноўвалі і пераехаць у Кіеў на сталае месца жыхарства?

– Прапановы рабілі. Я мог цяпер жыць з сям’ёй у Германіі. Але адмовіўся. У савецкі час прапаноўвалі працу загадчыкам сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПСС, абяцалі нават пяціпакаёвую кватэру! Адзін мой калега гаварыў: я ракам папоўз бы, калі б мне прапанавалі ў Маскву паехаць.

А я не пайшоў. Бо разумеў, што памру ў Маскве. Я ж беларус! Тут нарадзіўся. Гэта мая краіна! Тут пахаваны мае бацькі, дзяды і прадзеды. Гэта мая зямля, і я з яе нікуда не сыду. Хачу, каб тут жылі мае дзеці.

Праўда, адна дачка ўжо ў Беластоку…

– Замуж выйшла?

– З мужам паехала туды працаваць.

– А хто вашы дочкі па прафесіі?

– Абедзве маюць гуманітарную адукацыю.

Канешне, ім было няпроста. Дочкі з-за мяне і маёй пазіцыі шмат пацярпелі яшчэ падчас свайго студэнцтва. З іх заўсёды быў асаблівы попыт. Аднойчы яны нават са слязьмі мне паскардзіліся на гэта. Я іх абняў і сказаў: “Вось выйдзеце замуж, зменіце прозвішча, і, магчыма, будзе лягчэй” (усміхаецца). Цяпер смяюцца, што лягчэй так і не стала. Ну а што зробіш, калі жыццё такое?

Увогуле, я вельмі шчаслівы чалавек. Большую частку свайго жыцця пражыў у клумбе з ружамі: вакол мяне ж былі адны жанчыны! Жонка, дзве дачкі, цешча і нават сабака Даша.

 

Ганарар на басаножкі

– А як вы пазнаёміліся з жонкай?

– Ліля на год маладзейшая за мяне. Яна скончыла Інстытут замежных моў, а я – БДУ. Тады было модна хадзіць на танцы – з адной ВНУ ў іншую. З кім яна танцавала гэтыя гады – не ведаю, бо ў Мінску мы з ёй не сустрэліся. Я ўбачыў яе тады, калі прыехаў у Вушачы. Спачатку працаваў у сельскай школе. Калі паехаў атрымліваць бланкі атэстатаў, аўтобус трапіў у страшэннае ДТЗ, былі нават ахвяры, але мне пашчасціла – раздрабіла плячо. На восем месяцаў мяне закавалі ў гіпс, працаваць у школе не мог і вярнуўся дахаты ва Ушацкі раён. Там мяне знайшоў рэдактар раённай газеты, запрасіў на працу. Будынак рэдакцыі стаяў у нізіне, дарога ішла на ўзроўні акон. І вось аднойчы я заўважыў, што перад маімі вачыма туды-сюды прайшлі прыгожыя белыя боцікі. А што там над гэтымі боцікамі – мне ж не бачна. Выйшаў на ганак. Бачу – прыгожая дзяўчына, з вяснушкамі, такая смяшлівая. Я высветліў, што гэта маладая настаўніца. На кастрычніцкія святы мы з сябрамі пайшлі падсілкавацца ў мясцовую рэстарацыю. За суседнім столікам сядзелі дзяўчаты, і сярод іх – тая прыгажуня, якая спадабалася мне з першага позірку. У нейкі момант я падышоў да дзяўчат, запрасіў за наш стол, а калі яны адмовіліся, проста аб’явіў, што гэтая дзяўчына будзе маёй жонкай. Яны ледзь не самлелі ад такога нахабства! А ўвечары я ўжо з камандай сваіх хлопцаў пайшоў да гаспадароў кватэры, дзе Ліля здымала пакой, – у сваты.

– Які вы хуткі! І што пачулі ў адказ?

– Гаспадыня кватэры мяне адразу ўпадабала. А мы з Ліляй пачалі сябраваць, шмат хадзілі на лыжах па лесе… Толькі дзятлы, сініцы і зайцы назіралі за намі. У нас было такое прыгожае зімовае каханне…

– Сямейнае жыццё – справа няпростая, рана ці позна рамантыка сыходзіць…

– Ліля – не толькі жонка, але і мой самы лепшы сябар. Прычым вельмі надзейны. Жонка, дзеці і ўнукі – мой самы магутны тыл. Лілія – вельмі разумны і мудры чалавек, мы многае разам абмяркоўваем, на многія рэчы глядзім аднолькава. Яшчэ яна дапамагае мне ў творчым плане.

– Натхняе, як сапраўдная муза?

– Не толькі. Яна перакладчыца, добра валодае нямецкай.

– Вы з такой пяшчотай пра сваіх жанчын распавядаеце!

– Пахвалюся: я з усіх сваіх замежных паездак ім нешта прывозіў. Сабе нічога не купляў, толькі ім. Мае дзяўчаты насілі такія рэчы, якіх ніколі ў Мінску не было! Памятаю, паехаў у Венгрыю, і там у адным магазіне набыў эксклюзіўныя басаножкі, якіх у Будапешце было толькі 20 штук. Ружовыя, з тоненькімі беленькімі палосачкамі, банцікамі. У мяне ў Венгрыі якраз 13 вершаў выйшла, дык я ўвесь ганарар аддаў за адны тыя басаножкі. Ліля, калі ўбачыла іх, абамлела, такія яны былі прыгожыя. Сказала: “Ты вар’ят!” Але, калі абувала іх, здавалася, была самай шчаслівай на ўвесь горад!

У 1982 годзе я быў у Францыі, у 1984-м – у Італіі. Ясна, што адтуль вёз самыя модныя рэчы. Грошай было няшмат, але на сукенкі хапала. Я прывозіў з-за мяжы абутак і дочкам, і жонцы. І ўсё падыходзіла! Па замежных крамах адзін хадзіў, часта добра не ведаючы мовы. Не саромеўся дастаць меркі, папярэдне знятыя з ножак сваіх дзяўчат, і патлумачыць, што мне трэба. І прадавачкі з такім піетэтам да мяне ставіліся, дапамагалі знайсці самае лепшае на мае гэтыя няшчасныя грошы! Аднойчы з Заходняга Берліна прывёз жонцы панчошкі, дык яна толькі ахала!

 

Зорнае неба

– Сяргей Іванавіч, вы па жыцці аптыміст ці песіміст?

– Усе людзі на зямлі – песімісты. Нават калі яны тысячу раз на дзень рагочуць.

– Катэгарычна не згодная!

Жыццё наша, дарагая Марына, не карнавал. У мяне нават верш пра гэта ёсць.

Жыццё – не карнавал,

А ўсё-ткі драма,

І выстаўляць прэтэнзіі дарма.

За ім, як за настырнаю рэкламай,

Паабяцанай якасці няма…

– А можа, вы крыху перабольшваеце і не заўважаеце пазітыву навокал? Між іншым, нават вашы аўтарскія калонкі ў “Свободных новостях”, якія маюць добры рэзананс, заўсёды песімістычныя…

– Дык глядзіце пазітыў у дзяржаўных газетах, на БТ! Я нават злуюся, калі мне такія пытанні задаюць! Мая місія сёння – асветніцкая. А асветнікі ніколі не будуць гаварыць пра тое, што недзе там бульба ўрадзіла. Як паэт і проста чалавек, я абвастраю вельмі балючыя для кожнага чалавека тэмы. І кажу, што многія пытанні трэба неадкладна вырашаць. Напрыклад, узяць тую ж пенсіённую тэму. Яна проста падзяліла наша грамадства. Адны атрымліваюць пенсію тры мільёны, а другія – трынаццаць! Ну хіба гэта нармальна? Нават у нашым доме на Пуліхава па гэтым пытанні ідзе проста грамадзянскае супрацьстаянне. Пра гэта гавораць у магазінах, чэргах, аптэках. Ну дык як пра гэта не пісаць? Як можна спакойна на гэта рэагаваць? Калі ўжо мая паэтычная душа не вытрымлівае гэтай мярзоты, дык што казаць пра іншых?

– Але ж гэта ваша цытата: “Калі б мелася магчымасць, то паслаў бы ўсю гэтую палітыку з яе брудам, хлуснёю і пісаў бы вершы, прысвечаныя адной, і  самай удзячнай, тэме – каханню…”

– Так. Але пакуль не атрымліваецца.

Дарэчы, у мяне шмат вершаў пра пачуцці.  На 60-годдзе выдаў кніжку “Сто вершаў пра каханне”. Яе аформіла мая дачушка.

– Сяргей Іванавіч, а можаце распавесці пра сябе тое, што пра вас амаль ніхто не ведае?

– Ды я ўвесь быццам як на далоні. Нікога не забіў. Нідзе не краў. Пра чарку мы гаварылі: ніколі не адкідваў, але заўсёды стараўся быць у форме.

– Можа, хобі нейкае незвычайнае маеце?

– Люблю грыбы збіраць. З Генадзем Бураўкіным у лес ездзілі кожную восень на працягу, можа, 35 гадоў. І ў лазню хадзілі…

Рыбалку вельмі люблю. Праўда, калі пераехаў у Мінск, дык яна амаль сышла з майго жыцця.

А яшчэ люблю ляжаць у лесе на палянцы сярод верасоў, чабору і глядзець на аблокі. Я і ў кабінеце стол спецыяльна паставіў такім чынам, каб перад вачыма было неба. Часта рана паднімаюся і гляджу, як над Мінскам устае сонца, люблю назіраць, як горад прачынаецца.

Яшчэ люблю глядзець у зорнае неба. Я назіраў за ім у розных краінах свету. Глядзіш на зоркі і разумееш, што жыццё – гэта проста міг, а мы – бы  тыя расінкі: раз і няма!

Памятаю, у маленстве, калі выбягаў у агарод у падранай майцы, гледзеў у зорны космас, слухаў, як недзе далёка гудуць паравозы,  і думаў: можа, калі вырасту, буду некуды ехаць на цягніку, далёка-далёка… Я тады марыў пабываць у Італіі…

Дарэчы, я ніколі не думаў, што так многа пражыву. Лічыў, што мяне напаткае такі лёс, як і дзядьку, паэта Сяргея Ракіту, якога асудзілі за “контррэвалюцыйную дзейнасць”  і які загінуў у лагеры. Але бачыце – так паціхеньку і да 70 дашлёпаў…

– Адчуваеце ўзрост? Ці, як некаторыя: не-не, гады – гэта не пра мяне, я такі ж рысак, як і ў 20!

– Не, я такога пра сябе сказаць не магу. Вось учора было лёгка ісці, а сёння ўжо цяжкавата. Заўтра не ведаю, што будзе…

Мы страшэнна мяняемся з узростам, хоць самі падчас і не заўважаем. Бывае, што ў старасці становімся горшымі. З гадамі чалавек робіцца больш раздражнёным, адчувае сябе не вельмі добра. Не скажу, што я такі ўжо раздражнёны, але заўважаю, што з гадамі стала больш ухаластую пракручвацца мая машына. Не тое што ў мяне маразм (хаця і ён можа прыйсці, ніхто ад гэтага не застрахаваны), але стаў стамляцца. Раней мог доўга за камп’ютарам працаваць, а цяпер ужо не.

Між іншым, я за камп’ютарам працую з 1995 года. Але вершы пішу толькі ручкай. Вось такі я рэтраград! Нешта ў галаву прыйшло – запішу. І калі ёсць адзін-два выдатныя радкі – раблю верш.

Усё жыццё пісаў толькі ноччу. Калі працаваў у ЦК, вяртаўся дахаты ў 10–11 вечара і быў выціснуты, як лімон. А можа, яшчэ і горш. Мяне ж маглі выклікаць на працу ў нядзелю, суботу, альбо калі ляжаў з тэмпературай 39. Такі быў час. У Савецкім Саюзе пісьменнікі былі на вастрыні ідэалогіі… Я столькі магу распавесці пра той жа ЦК, вам будзе цікава!

– Сяргей Іванавіч, а давайце іншым разам, а?..

ВЕЛЬМІ АСАБІСТАЕ

Лілія ЗАКОННІКАВА:

“Я разам з ім шчаслівая…”

Лілія Рыгораўна Законнікава зусім не выглядае на свае 69 гадоў і больш нагадвае прафесійную мадэль, якая дагэтуль выходзіць на подыум. На маю прапанову распавесці пра любімага мужа пагадзілася адразу.

– Я, відаць, лепш за ўсіх ведаю ўсе яго моцныя і слабыя бакі, – усміхаецца Лілія Рыгораўна. Сяргей Іванавіч у гэты момант тактоўна сыходзіць у іншы пакой. – Ён вельмі надзейны, упарты і, калі адчувае сваю правату, заўсёды ідзе да канца, чаго б гэта яму ні каштавала. А наконт побытавых рэчаў, то, напрыклад, калі нехта з дзяцей захварэў, кашлянуў – усё, для яго гэта проста катастрофа, канец свету! Пасуе перад нейкай жыццёвай драбязой.

Але я думаю, што гэта ўласціва многім творчым натурам. Яны ж неяк па-асабліваму свет успрымаюць, і многія жыццёвыя сітуацыі ім проста непадуладныя.

Сяргей бярэ на сябе ўсе цяжкія побытавыя справы. Вось адзін з самых нядаўніх прыкладаў: моцна хварэла мая мама, яна была ляжачай. Сяргей увесь клопат аб ёй узяў на сябе. І калі дзеці прапанавалі нам сваю дапамогу, ён сказаў ім: гэта не самы лепшы перыяд чалавечага жыцця, у вас свае клопаты, я сам. Ён і мяне шкадуе…

Можа, нават насуперак нейкаму здароваму сэнсу ён гатовы кідацца на любыя амбразуры. Скажаш: нешта трэба зрабіць – ён абавязкова зробіць! Натура такая. Акрамя таго, у іх была вялікая сям’я, і гэта звычка працаваць, дапамагчы некаму – яна з маленства закладзена.

Магчыма, у свой час з-за працы ён не шмат увагі надаваў дзецям, але цяпер з лішкам кампенсуе гэта на ўнуках.

Я ніколі не пашкадавала, што звязала лёс з Сяргеем. Нягледзячы на нейкія нюансы, у нас добра жыццё склалася. І я разам з ім шчаслівая…

З асабістай справы

Сяргей Іванавіч Законнікаў нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і настаўнікаў.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1969). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Клетнаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна (1969–1970). Пасля – літсупрацоўнік ушацкай раённай газеты «Патрыёт» (1970–1971), сакратар Ушацкага райкама камсамола (1972–1975). З сакавіка 1975 г. – карэспандэнт, загадчык аддзела газеты «Чырвоная змена», з кастрычніка 1975 г. – карэспандэнт газеты «Звязда». З 1978 г. – інструктар, з 1979 г. – загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, з 1986 г. – галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 года.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Аўтар 20 кніг паэзіі, публіцыстыкі, перакладаў. Першы верш апублікаваў у 1963 годзе ў газеце «Віцебскі рабочы». Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы расійскіх, украінскіх, грузінскіх і летувіскіх паэтаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова (1982) за кнігу вершаў «Пакуль жыве мая бяроза».

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1992).

Аўтар: Марина КОКТЫШ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.