Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:06 13 снежня 2016
14
Памер шрыфта

Віцебскі актывіст Сяргей Каваленка, які ў студзені 2010 года праславіўся тым, што забраўся на 35-метровую галоўную ёлку горада і ўзняў над ёй бел-чырвона-белы сцяг, распавёў “Народнай Волі” пра былыя часы, пра тое, чаму спыніў вучобу ў польскім універсітэце і чым займаецца зараз.

Нагадаем, за той навагодні ўчынак Сяргея Каваленку судзілі і далі – тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Але ў 2012 годзе ён атрымаў два гады і адзін месяц калоніі за парушэнне рэжыму адбывання пакарання. Адразу пасля затрымання актывіст аб’явіў галадоўку пратэсту, якая доўжылася каля двух месяцаў. Пазней Сяргей напісаў прашэнне аб памілаванні, пасля чаго быў вызвалены.

У 2013 годзе актывіст паступіў вучыцца па праграме Каліноўскага ва Універсітэт прыродазнаўчых і гуманітарных навук, што знаходзіцца ў польскім горадзе Седльцэ. Навучаўся па спецыяльнасці “кіраванне эканомікай”, але каля года таму ўзяў акадэмічны адпачынак. І знайсці яго аказалася зусім не проста…

– Зараз знаходжуся ў Варшаве, працую будаўніком, – распавядае Сяргей Каваленка. – Трэба было нейкім чынам сям’ю матэрыяльна падтрымаць, таму і вырашыў узяць “акадэмку”. Я і раней займаўся прадпрымальніцтвам, рабіў рамонты (праводзіў электрыку, укладваў плітку), вось і вырашыў, што вучоба вучобай, але ж неабходна і дваіх дзяцей на ногі падымаць. У Беларусі рамантаваў прыватныя кватэры, але з-за крызісу тут кошты на рамонтныя паслугі вельмі знізіліся – практычна ў два разы. Вымушаны быў з’ехаць на заробкі ў Польшчу.

– У Варшаве тая ж работа?

– Так. Напрыклад, цяпер займаюся электрыкай у новабудоўлях. Фірма аплачвае работу, а знайшоў яе з дапамогай украінскіх “гастарбайтараў”, якіх тут даволі шмат. Аплата здзельная. Увогуле, да беларусаў вельмі добрае стаўленне. Як толькі даведваюцца, адкуль ты, адразу прапаноўваюць работу. А ўкраінцы прыязджаюць і з Данбаса, і з Заходняй Украіны…  У кожнага, натуральна, свае погляды на тое, што сёння адбываецца ва Украіне, але сутычак паміж імі я не бачыў.

– Дзе вы жывяце?

– У хостэле, бо шыкаваць жа не даводзіцца, калі прыехаў капейку зарабіць. Але жыллё не вельмі дарагое, за месяц трэба плаціць прыкладна 100–115 долараў. Ежу таксама сам набываю, гэтак жа, як і некаторы інвентар для работы.

– На які час вы ўзялі акадэмічны адпачынак ва ўніверсітэце?

– Пакуль на год, а далей будзе бачна. У любым выпадку вучобу збіраюся працягнуць.

– Прайшло каля шасці гадоў з таго часу, як вы над плошчай Віцебска ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг…

– Я і да гэтага часу ганаруся тым учынкам, калі ўзняў наш нацыянальна-гістарычны сцяг вышэй за камуністычную зорку. Хацеў паказаць беларусам, што нам патрэбна незалежная сімволіка, а не савецкая, што мы – нацыя. І я бачу, як сёння працуе расійская і беларуская прапаганда… Дзеля грошай прададуць што заўгодна. А людзі ўбіраюць у свае галовы ўсё тое, што ім плыве з экранаў тэлевізараў. Многія сёння не пра незалежнасць і нацыянальную годнасць думаюць, а найперш пра ўласны дабрабыт. Што ім тая палітыка і нацыянальныя сімвалы? Не кажу пра ўсіх, але ж такіх, як мне падаецца, большасць.

Але я не хачу быць, як большасць. Я хачу, каб дзяржава мела свой духоўны шлях. Калі ведаеш, што ён ёсць, то не шкада і пацярпець за гэта. Неяк казаў, што бел-чырвона-белы сцяг, які ўзняў шэсць гадоў таму, – гэта ўчынак, можа быць, і не геройскі, але, думаю, ён даў пэўны эфект. У апошні час многія сталі больш цікавіцца сваёй мовай, гісторыяй, сімволікай. Мяркую, у гэтым ёсць частка і маёй працы…

Аўтар: Алесь СВЯТЛАНІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.