Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Памяці Алеся Уладзіміравіча Рашчынскага.
6:00 20 верасня 2016
39
Памер шрыфта

Не так даўно я перачытала артыкул майго настаўніка Алеся Уладзіміравіча Рашчынскага, прысвечаны памяці Яўгена Аляксандравіча Глебава. Ён пачынаецца словамі: “На двары стаіць сапраўды залатая восень 2006 года. Гучыць музыка Яўгена Аляксандравіча Глебава – “Залатая восень”, і я пішу: “Што маем – не захоўваем, страціўшы – плачам”…” Мне захацелася плакаць.

І дагэтуль хочацца, таму што кожнае слова, якое было некалі напісана Рашчынскім, знайшло водгук у маёй душы. Я разумею, які горыч, які боль напаўнялі сэрца Алеся Уладзіміравіча, калі ён пісаў гэтыя радкі пра найдаражэйшага для яго Глебава. Як і ён калісьці, я сорак дзён таму страціла вялікага настаўніка, шчырага і добрага чалавека, таленавітага і, не пабаюся гэтага слова, геніяльнага кампазітара, фалькларыста, публіцыста, неверагоднага патрыёта… Заўчасна сышоў ад нас Алесь Уладзіміравіч Рашчынскі.

Вельмі доўга можна пералічваць тое, што ён зрабіў за сваё жыццё, якое так рана абарвалася. Мне здавалася, што мой любімы настаўнік заўсёды будзе побач, што я яшчэ паспею паслухаць яго жывыя, цікавыя гісторыі, паспрачацца з ім аб нечым, пасмяяцца потым з нашых спрэчак. І нават да сённяшняга дня я так і не змагла прымірыцца з тым, што яго больш няма. Здаецца, чагосьці не хапае… Напэўна, таго адчування, калі цябе заўсёды чакаюць, рады бачыць і дапамагчы парадай…

Рашчынскі быў вельмі таленавіты кампазітар, які шліфаваў свае веды і бесперапынна вучыўся ўсё жыццё. Рыхтуючы матэрыялы да кнігі пра дзейнасць і жыццё Алеся Уладзіміравіча, мы склалі спіс яго сачыненняў, сярод якіх араторыя “Смутак памяці”, фантазія “З рога ўсяго многа”,  Канцэрт для хора, шматлікія апрацоўкі і аранжыроўкі народных песень, сімфонія для сімфанічнага аркестра ў трох частках, творы для розных відаў інтрументальных і харавых ансамбляў і г.д. Беларускім музыкантам засталася багатая музычная спадчына ад аднаго з самых яскравых кампазітараў-сучаснікаў.

Нельга не сказаць аб педагагічнай дзейнасці Алеся Уладзіміравіча. Для нас, яго вучняў, ён заўсёды быў у першую чаргу настаўнікам, кіраўніком, бацькам аддзялення “Народна-харавыя спевы”. Ведаеце, ёсць такія настаўнікі, якіх вызначае сам Бог. Дык вось Алесь Рашчынскі быў вызначаны Богам, і вельмі мала такіх настаўнікаў я сустракала на сваім жыццёвым шляху.

Нялёгкая доля выпала нашаму настаўніку: кожны дзень “змагацца” з дзяўчатамі-падлеткамі, якія яшчэ не ведалі жыцця, але на ўсё ўжо мелі свой погляд. Як другі бацька, ён гадаваў нас, вырашаў нашы праблемы і выпраўляў памылкі. А яшчэ – нястомна, штодзённа вучыў нас дырыжыраванню, спевам, расшыфроўцы, апрацоўцы. Ён быў вялікі прафесіянал у сваёй справе. Але акрамя гэтага Алесь Уладзіміравіч вучыў нас, на маю думку, не менш, а можа, і больш важным рэчам: сумленнасці, адданасці сваёй справе, справядліваму стаўленню да сябе і асабліва да наваколля, адказнасці за свае ўчынкі і словы. Падчас – праз гумарыстычныя гісторыі, падчас – праз сур’ёзныя размовы ён імкнуўся перадаць нам свой жыццёвы досвед, сфарміраваць з кожнага з нас асобу, якой пасля ён мог бы ганарыцца. Алесь Уладзіміравіч пасеяў у нашых душах зярняткі дабрыні і шчырасці, узгадаваў любоў да роднай мовы і культуры, падараваў частку самога сябе.

Я памятаю доўгія зімовыя вечары, калі на працягу ўсяго ўрока Алесь Уладзіміравіч размаўляў са мной на ўсялякія тэмы, узнімаў розныя сур’ёзныя пытанні, якія тычыліся культуры, мовы, нават палітыкі. Калі спазнялася, ён прапанаваў мне выпіць гарбаты, і разам з гэтым мяняліся і тэмы нашай гутаркі: ён распавядаў пра свае падарожжы, пра свае калектывы, пра музыку і пра каханне. Такія ўтульныя былі гэтыя зімовыя вечары 10 год таму!.. І  зараз, калі я ўспамінаю пра іх, на душы робіцца цяплей. Гэта, мабыць, таму, што Алесь Уладзіміравіч быў сонечны чалавек, нягледзячы на ўсё тое, што падсоўвала яму жыццё. Вельмі доўга і метадычна ўлада вучылішча знішчала наша аддзяленне, і ўвесь гэты час А.Рашчынскі адважна змагаўся за лёс свайго дзіцяці, якое ён гадаваў аж з 1973 года. Але гэта была няроўная бітва, ісці аднаму супраць сістэмы пасля 30 год барацьбы ўжо не было сіл. І горкія словы мы чулі ад нашага настаўніка, і горка рабілася на душы ад таго, які боль стаяў за гэтымі словамі…

Перабіраючы свае ўспаміны, я ўсведамляю, якімі маленькімі і неразумнымі мы прыходзілі да нашага кіраўніка. І як позна мы зразумелі, што побач з намі была Асоба з вялікай літары. Чамусьці многае ў гэтым жыцці мы па-сапраўднаму пазнаём занадта позна… Светлая памяць Вам, наш даражэнькі Настаўнік, дзякуй за Вашы песні і творчасць, за Вашы артыкулы, за Вашы намаганні зрабіць Беларусь лепей, чым яна ёсць, за Вашу вялікую любоў да Радзімы, да роднага краю, да роднай мовы, да нас, Вашых вучняў. Мы назаўсёды Вашы дзеці.

З удзячнасцю і бясконцай любоўю да нашага Алеся Уладзіміравіча

Юлія Юхно-Тарасевіч, выпускніца Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі 2009 года.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.