Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 29 мая 2017
11
Памер шрыфта

Як вядома, сёння павінен завяршыцца візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай.

Мяркуючы па афіцыйных справаздачах, паездка кіраўніка на саміт у Пекін атрымалася ўдалай, ёсць шэраг канкрэтных пагадненняў.

Так, Кітай выдзеліць больш за 340 мільёнаў долараў на развіццё прадпрыемстваў холдынга “Амкадор”. Пра гэта паведаміў намеснік міністра фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.

“Ужо падпісаны пагадненні з кітайскім бокам па рэалізацыі трох праектаў у машынабудаванні, – цытуе belta.by чыноўніка. – Гэта будаўніцтва і развіццё прадпрыемстваў “Амкадормаш”, “Салея-Гомель” і “Салея-Кобрын”. Таксама вывучаецца магчымасць фінансавай падтрымкі праектаў у нафтахімічнай сферы, у прыватнасці па развіцці беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў і прадпрыемства “Гродна Азот”. Прапрацоўваюцца пытанні ўдзелу кітайскага боку і ў іншых інвестыцыйных праектах у Беларусі”.

Але ці выгадны Беларусі кітайскія крэдыты?

На гэтае пытанне “Народная Воля” папрасіла адказаць дэкана эканамічнага факультэта БДУ Міхаіла Кавалёва.

– Гэта вельмі танныя крэдыты, – тлумачыць Міхаіл Міхайлавіч. – І калі мы нешта пабудуем на кітайскія грошы, хіба гэта дрэнна? Кітайскія крэдыты нам абыходзяцца танней, чым еўрапейскія альбо нават свае. У нас, наадварот, іншая праблема ёсць! Нашы людзі вельмі марудна выбіраюць гэтыя крэдыты. У нас у гэтым сэнсе вельмі малаактыўны бізнес. Грошы ляжаць, кітайцы яшчэ гатовы даць, але не бяруць!

– Дык, можа, нейкая каверза ў гэтых кітайскіх крэдытах ёсць?

– Канешне, гэта звязаныя крэдыты. На 50 працэнтаў сум павінна закупляцца кітайскае абсталяванне для беларускага бізнесу. У Кітаі зараз вырабляецца літаральна ўсё! І няма такой галіны, дзе кітайцы хоць на ёту саступалі б еўрапейцам. Іншая справа, што трэба глядзець, каб не падсунулі абы-што, нізкай якасці.

На мой погляд, у апошні перыяд самы вялікі прарыў зроблены ў малочным праекце. Амаль на 300 мільёнаў долараў заключылі кантрактаў. І гэта ў той час, калі расіяне вельмі прыдзірліва ставяцца да нашых малочных прадуктаў.

І яшчэ адзін прарыў ёсць. Нядаўна дамовіліся, што пусцім буйную кітайскую інвестыцыйную кампанію ў нашы стратныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Думаю, яны там хутка навядуць парадак!

ТЫМ ЧАСАМ

Аспірант з Кітая прапаноўвае рэфармаваць беларускую эканоміку амаль так, як гэтага патрабуе Міжнародны валютны фонд

Не так даўно ў БДУ паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю аспірант з Кітая Го Лінь. У сваёй навуковай працы, якую, дарэчы, выконваў пад кіраўніцтвам доктара фізіка-матэматычных навук Міхаіла Кавалёва, ён даследаваў, што можа Беларусь пераняць з кітайскага вопыту.

Некаторыя тэзісы і параўнанні эканомік дзвюх краін з аўтарэферата кандыдацкай падаліся нам цікавымі. Мяркуйце самі.

«Прызнаная многімі даследчыкамі эфектыўнасць мадэлі эканамічнага развіцця Кітая ў пэўнай ступені з’яўляецца вынікам эфектыўнага рэфармавання дзяржаўнага сектара і змены рэгулюючай ролі дзяржавы

«…Для Кітая пачаткам правядзення комплексных пераўтварэнняў было правядзенне аграрнай рэформы, поспех якой паслужыў штуршком для наступных трансфармацый у кітайскай эканоміцы, – адзначае кітайскі аспірант. – У Беларусі рэфармаванне АПК было заменена мадэрнізацыяй, а ключавыя змены былі накіраваны на стварэнне прыватнага гандлёвага сектара і сектара малых і сярэдніх прадпрыемстваў з невысокім даданым коштам і высокай імпартаёмістасцю”.

У Кітаі эканамічныя рэформы прывялі да ўмацавання рынкавых адносін, а ў Беларусі – да ўзмацнення дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку. У выніку, нягледзячы на падабенства стратэгічных мэт – пераход да шматукладнай рынкавай эканомікі са значнай роляй дзяржаўнага сектара і забеспячэнне высокага жыццёвага ўзроўню насельніцтва, сродкі дасягнення гэтых мэт і вынікі правядзення эканамічных рэформаў шмат у чым розныя.

На жаль, многія эканамічныя механізмы і інструменты рэгулявання, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў Кітаі, наўрад ці могуць быць ужыты ў Беларусі. Асноўная прычына – істотныя адрозненні не толькі ў прынцыпах рэалізацыі рэформ, але і ў працы дзяржаўных інстытутаў.

Шмат кітайскі аспірант расказаў і пра рэформу дзяржаўных інстытутаў, якую не зашкодзіць правесці ў Беларусі:  “Асаблівую ўвагу трэба надаць пашырэнню ўнутранага попыту на рынках збыту вырабленых прадуктаў у Рэспубліцы Беларусь, – аналізуе сітуацыю аспірант. – У Кітаі дадзеная праблема не мае такога вострага характару. Дзеля рэалізацыі дадзенага накірунку ў Кітаі ўжо распрацавана нарматыўная прававая база, дзякуючы чаму ствараюцца аптымальныя ўмовы для стварэння навукаёмістых высокатэхналагічных вытворчасцяў.

Ураду Рэспублікі Беларусь неабходна распрацаваць праграму для паляпшэння ўмоў працы замежных інвестараў. Асаблівым стымулам развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь павінна стаць зніжэнне дзяржаўнага ўмяшання ў стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў. Для гэтага неабходна: 1) пераўтварыць функцыі ўрада, паглыбляючы структурную ўрадавую рэформу, што дазволіць нармалізаваць яго дзейнасць; 2) на аснове рэалізацыі паступовага падзелу функцый і задач паміж мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі неабходна ўстанавіць іх новыя кампетэнцыі і маёмасныя правы з адзінымі абавязкамі; 3) стварыць новую сістэму ўскоснага эканамічнага рэгулявання і кантролю, прымальную для рынкавай эканомікі”.

ПАРАЎНАЕМ!

Падабенства і адрозненні эканамічнай палітыкі Кітая і Беларусі

Падабенства

Адрозненні

Рэформы рэалізоўваліся па адной стратэгіі: паэтапна, ад жорсткага рэгулявання да рынкавага самарэгулявання

У Кітаі замежныя інвестыцыі арыентаваны на інавацыі і экспарт.

У Беларусі замежныя інвестыцыі ў першую чаргу ідуць у кампаніі, якія імпартуюць спажывецкія тавары.

У пераходны перыяд ўзнікалі падобныя праблемы: свабодная канверсаванасць валют;

рэгуляванне цэн; тарыфнае рэгуляванне, перавага дзяржўнай формы ўласнасці.

Памеры эканомік, рэгіянальнае развіццё, нацыянальная ідэалогія, канцэпцыя кіравання і г.д.

Паступовае ўкараненне рынкавых інстытутаў: прыватызацыя, рэформа дзяржпрадпрыемстваў, зніжэнне працэнтных ставак і г.д.

Розныя механізмы і інструменты рэалізацыі дзяржаўных праграм: у Кітаі ўжываліся больш жорсткія рычагі ціску на суб’екты гаспадарання і насельніцтва.

Моцная і аўтарытэтная ўлада.

Распрацоўка доўгатэрміновых і сярэднетэрміновых дзяржаўных праграм эканамічнага развіцця і кантроль іх выканання.

Асаблівасці эканомік Кітая і Беларусі абумовілі выбар прыярытэтных сфер рэфармавання: у Беларусі – мадэрнізацыя тэхналагічнай базы дзяржпрадпрыемстваў;

у Кітаі – стварэнне ў СЭЗ інавацыйнага прыватнага сектара.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Бюджет 2018: кому добавят, кого ужмут

Депутат А.Канопацкая опубликовала «заранее» доходы и расходы республиканского бюджета, запланированные на следующий 2018 год.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» выступіць з незвычайнай праграмай

Ужо хутка, 9 снежня, на сцэне Вялікай залы філармоніі выступіць фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» - стыльныя, багемныя, ашаламляльныя Арцём Шышкоў, Дзіма Цыпкін і Сяргей Смірноў.

Вадим Сашурин: «Только от здорового человека можно ждать побед»

Наиболее титулованный белорусский биатлонист, на счету которого более полутора десятков наград зимних и летних чемпионатов мира, поменял профессию. Ныне он специалист по общефизической подготовке.