Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 8 снежня 2016
24
Памер шрыфта

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі распавёў “Народнай Волі”, як яго разам з Леанідам Краўчуком і Генадзем Бурбулісам прымалі ў Амерыцы.

8 снежня споўніцца 25 гадоў з дня гістарычнага падпісання Белавежскіх пагадненняў у Віскулях. Трое з шасці падпісантаў дакумента аб роспуску СССР – былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч, першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук і першы дзяржсакратар Расіі Генадзь Бурбуліс – нядаўна наведаліся ў Амерыку, дзе ўзялі ўдзел у юбілейных мерапрыемствах, арганізаваных шэрагам амерыканскіх грамадскіх арганізацый і ўніверсітэтаў…

– 10 лістапада я вылецеў у ЗША, а вярнуўся дадому толькі праз два тыдні, – распавядае падрабязнасці сваёй паездкі Станіслаў Станіслававіч. – Бо затым яшчэ наведаўся ў Эстонію, затым – у Кіеў… А ў Амерыцы выступаў ва ўніверсітэтах Вашынгтона, Бостана, у Гарвардскім універсітэце, дзе мы і сустрэліся з Краўчуком і Бурбулісам. Дарэчы, праграма гэтых мерапрыемстваў спачатку была адна, але затым, калі на выбарах перамог Дональд Трамп, яе змянілі. І, шчыра кажучы, праграмай я быў проста ўражаны! Меў сустрэчы з сенатарамі па іх запрашэнні, ва ўніверсітэтах нас паўсюль чакала проста гіганцкая аўдыторыя, а залы, што называецца, проста лопаліся. Мы абмяркоўвалі ў адкрытым фармаце падзеі 25-гадовай даўніны і тое, што адбываецца ў свеце сёння.

– З Краўчуком і Бурбулісам вы ў якіх адносінах?

– Добрыя адносіны. Калі ў Маскву прыязджаю, то, як правіла, знаходзім час з Бурбулісам сустрэцца і перакінуцца хоць некалькімі словамі. З Краўчуком таксама час ад часу бачуся. Яны, дарэчы, добра жывуць, маюць афіцыйныя офісы. Як у любой нармальнай краіне, дзе паважаюць сваіх былых кіраўнікоў. Пра сітуацыю ў нас лепш прамаўчу.

– Як вас у Амерыцы сустракалі?

– Цудоўна, але мне больш падабаецца, як сустракаюць у самалёце. Бо так ужо павялося, што ў кожным рэйсе знойдуцца некалькі чалавек, якія цябе пазнаюць і падзякуюць за грамадзянскую пазіцыю. Таму самалюбства маё было задаволена і на гэты раз. Дарэчы, з-за забастоўкі работнікаў “Люфтганзы” турнэ праходзіла па даволі складаным маршруце, але прыём у ЗША быў проста шыкоўны! Транспарт, гатэлі, бліскучая арганізацыя сустрэч. Кармілі занадта добра, але па-амерыканску. Таму, калі вярнуўся дадому, адразу наварыў бульбы і залупцаваў з сялёдкай. Такой ежы ў Амерыцы дакладна не было.

Дарэчы, я з жонкай лятаў, арганізатары гэта дазвалялі. Увогуле, можна было з сабой узяць пяць суправаджаючых асоб, хаця той жа Бурбуліс зусім адзін прыляцеў. А вось Леаніда Краўчука суправаджалі целаахоўнік і два рэферэнты.

– Для вашай жонкі арганізатары, можа быць, распрацавалі нейкую асобную праграму?

– Яна ўвесь час была са мной, і ў яе на самай справе была асобная “праграма” – трэба было сачыць, каб я на мерапрыемствах не піў шмат кавы і не заснуў. (Смяецца.) Шчыра кажучы, хацелася нават чарку ў Амерыцы кульнуць, але дзе там! Жонка ж побач, а яна добра ведае прадпісанні ўрачоў. Я нават бутэльку “Белавежскай” з сабой не ўзяў, затое прывёз у ЗША і падарыў беларусам замежжа пяць экзэмпляраў сваёй кнігі.

– Чым займаліся там у вольны час?

– А яго наогул не было. З аднаго мерапрыемства даводзілася спяшацца адразу на другое, і так – увесь час. Прыляцеў затым у Талін, там адбылася прэзентацыя маёй кнігі, якую пераклалі на эстонскую мову. Дарэчы, там жа патрапілі і на кінафестываль “Цёмныя ночы”, падчас якога нечакана быў прэзентаваны фільм пра мяне. Трэба было апраўдвацца перад людзьмі, як я стаў кінаакцёрам…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".