Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:51 19 студзеня 2017
11
Памер шрыфта

Шчыра ўдзячны “Народнай Волі” за тое, што яна ставіць рубам пытанне пра бядотны стан беларускай мовы ў краіне. Меркаванні даволі рознабаковыя, і гэта добра. Але варта звярнуць асаблівую ўвагу на корань усіх пытанняў. Ён, мне думаецца, у тым, што зрусіфікаванасць беларусаў – гэта найбольшы поспех мэтанакіраванага курсу савецка-камуністычнага кіраўніцтва СССР па зліцці ўсіх нацый у “адзіны савецкі народ”, які, паводле яго задумы, павінен быў размаўляць, зразумела ж, на рускай мове. Сорамна і горка, што сёння “перамоганосную” кропку на шляху да гэтай пачварнай мэты кіруючыя вярхі хочуць паставіць у сучаснай Беларусі!

…Прыемна, канечне, чытаць пра пэўныя зрухі ў адраджэнні беларускасці на Гродзеншчыне, у тым ліку і пра беларускамоўныя класы. Я нарадзіўся і рос пад Наваградкам (даю назву горада так, як гаварылі ў нашай мясцовасці, не карыстаючыся польскамоўным варыянтам “Навагрудак”). Там народ менш зрусіфікаваны. А Магілёўшчына, дзе зараз жыву, значна больш паддалася разбеларушчванню. Гэта тычыцца, на жаль, і дэмакратычнай грамадскасці, нават многіх прыхільнікаў беларускай мовы. Так-так: адна справа быць прыхільнікам і зусім іншая – прыкладаць намаганні дзеля ўмацавання таго, што шануеш, мець мужнасць ісці супраць плыні, траціць час і нервы дзеля замацавання сваёй пазіцыі.

Гэта праўда, што многія бацькі не хочуць падаваць заявы ў беларускамоўныя класы для сваіх дзетак. Але давайце станем на пазіцыю шараговага грамадзяніна. У садку яго дзіця гаварыла па-руску. Сам ён ужо з таго пакалення, якое вырасла ў горадзе, гаварыў і вучыўся ўсё жыццё па-руску, дапамагчы дзіцяці з авалодваннем забытай роднай мовай не здолее. Ды і навошта вылучацца сярод суседзяў і супрацоўнікаў? У бальшыні навучальных устаноў беларуская мова не патрэбна, улада цалкам без яе абыходзіцца. Ні ад улад, ні ад грамадства ў цэлым, ні ў большасці газет, ні па тэлебачанні ніякай падтрымкі і павагі да роднай мовы ён не адчувае. У лепшым выпадку – толькі паблажлівасць: ну, маўляў, няхай сабе жыве, пакуль жыве…

Згодны з тым, што гэта не апраўданне для недастатковай эфектыўнай дзейнасці ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”. Спрыяць пашырэнню ўжывання беларускай мовы, на мой погляд, першая і галоўная задача гэтай арганізацыі. Але дзіўна прагучала неяк сцвярджэнне старшыні ТБМ А.Трусава аб поўнай свабодзе ў накірунку дзейнасці абласных арганізацый таварыства. Няўжо гэтая шаноўная арганізацыя не вызначае ніякіх агульных задач, не праводзіць узгодненую дзейнасць? Напрыклад, сам я гатовы актыўна выступаць перад бацькамі, агітаваць і расказваць, як паспяхова выкладаюцца тэхнічныя навукі па-беларуску. Ды ніхто не запрашае мяне да дабрачыннай дапамогі.

Але чаму пытаннямі паратунку дзяржаўнай мовы павінны займацца толькі грамадскія арганізацыі? Уся сістэма адукацыі ў нас наогул гэтай праблемай не цікавіцца, нават фармальна не патрабуе ад школьных калектываў ніякіх мерапрыемстваў у гэтым рэчышчы. Вось у Францыі, напрыклад, дзяржава вельмі турбуецца за французскую мову, парламент прымае адпаведныя законы дзеля яе чысціні і захавання. Расійская Дзярждума выдае заканадаўчыя акты ў падтрымку рускай мовы. А беларускай дзяржаве мова тытульнай нацыі як быццам зусім не патрэбна.

У пераважнай большасці адказаў з розных устаноў і арганізацый на запыты з боку ТБМ дамінуе адзін матыў: вы што, не ў курсе – у нас жа дзве дзяржаўныя мовы, і мы маем права карыстацца любой, а таму працуем на рускай?! Такі вось аргумент! Бо нашы заканадаўцы правялі ў законе аб мовах знакамітае “і (або)”, каб можна было ўжо не турбавацца пра далейшае звядзенне на нішто беларускай мовы.

Мучыць сакраментальнае пытанне: чаму ў Беларусі яе грамадзянам трэба ўпарта дабівацца адкрыцця беларускамоўных класаў? Згадаем, напрыклад, што рабілі нашы суседзі ў Віленскім краі на пачатку 1990-х пасля атрымання Літвой незалежнасці: яны рашуча пераводзілі школы на нацыянальную мову, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, за гэта даплачвалі настаўнікам. Гэта было патрэбна іх дзяржаве, уладзе, гэта была асэнсаваная дзяржаўная палітыка, якая дала плён.

Цягам 20 гадоў я выкладаў свае тэхнічныя дысцыпліны па-беларуску. Увага і падтрымка на пачатку 1990-х гадоў моцна адчувалася. А пазней… Зараз беларускасць – толькі твая асабістая справа. Добрым словам успамінаем былога міністра культуры Паўла Латушку, які сваёй беларускай мовай даваў прыклад іншым. Але ці перайшлі ўсе міністэрскія чыноўнікі на гэтую мову? Ці многа заяў паступае хаця б ад супрацоўнікаў міністэрства на навучанне дзяцей і ўнукаў па-беларуску? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні несуцяшальныя.

А ці шмат дырэктараў гімназій, школ маюць моцную беларускамоўную пазіцыяю? Адзінкі. Тым болей што беларускамоўнае выкладанне звязана з няпростай кадравай праблемай: пераважная большасць настаўнікаў беларускай мовай не валодаюць. Гэта таксама сумны вынік дзяржаўнай палітыкі. Нармальнай жа павінна быць сітуацыя, калі настаўнік можа вучыць і па-руску, і па-беларуску. Ды для гэтага няма ні стымулаў, ні матывацый, ні нават размовы… Не чуў, каб Міністэрства адукацыі хоць бы заікнулася аб нейкіх захадах у гэтым накірунку.

Згодны, што ў сённяшняй сітуацыі трэба радавацца і таму, што адзінкавыя беларускія класы ў гарадах пакуль не закрываюцца. Але задумайцеся: ці гэта нармальна?! Хіба мы ў сваёй краіне – нацыянальная меншасць, якой дастаткова некалькі класаў або школ?

Не адмаўляю: ёсць шмат прыкладаў і паважлівага стаўлення да мовы. Але сёння гэта ўсё ж меншасць, якая не стварае крытычнай масы. Каб сітуацыя заўважна змянілася, неабходна менавіта крытычная маса нашых дзеянняў і высілкаў. Такую масу, скажам папраўдзе, сёння не набярэ ніводная асобная арганізацыя ці асоба. Для гэтага, як гаварылася, патрэбны змены ў дзяржаўнай моўнай палітыцы. Лічу, што тут была адна з асноўных і наіўных памылак шчырых, актыўных змагароў за беларускасць на пачатку 1990-х гадоў. Такая палітыка павінна ўлічваць усе нюансы існуючай рэальнасці, не выклікаць адмоўнай рэакцыі, а ствараць матывы і стымулы. Мець на ўвазе, што большасць маладых беларусаў, якія выраслі ў горадзе, не карысталіся ў дзяцінстве беларускай мовай. Што наша інтэлігенцыя і кіраўнічая эліта ў цэлым ставіцца да моўнага пытання індыферэнтна, а часам і адмоўна. І тое, што ў складзе гэтай эліты значна большая доля рускамоўных, чым у складзе насельніцтва… Калі мова тытульнай нацыі ў дзяржавы не будзе на ніякім месцы, калі на гэтай мове не будзем у першую чаргу эканоміць, як сёння, тады яна хутка ажыве і ўмацуе свае пазіцыі.

Зноў згадваю пачатак 1990-х гадоў, калі беларускае наша слова пачало гучаць у дзіцячых садках. Не адзін раз назіраў, з якім замілаваннем слухалі яго з вуснаў любімых унукаў і ўнучак рускамоўныя бабулі. Яны не казалі ім “Говори нормально”, “Не притворяйся”, а паўтаралі за імі: “Добрай раніцы”, “Да пабачэння”, “Калі ласка”. Але хутка ім проста закрылі раты. І гэта трэба ўлічваць.

Хтосьці можа сказаць, што я, маўляў, заклікаю нічога не рабіць, а толькі ціснуць на ўладу. Зусім не! Усё добрае для нашай мовы трэба працягваць рабіць кожнаму, каб памнажаць ручайкі беларускасці, якія, зліўшыся ў паток, размыюць потым дамбу на яе шляху. Трэба рыхтаваць і захоўваць той “насенны матэрыял”, з якога пры пэўных умовах уздымуцца моцныя парасткі, актыўна ствараць цэнтры крышталізацыі беларускасці. Хаця тут я не падзяляю празмернага аптымізму, які часам выказваецца. Уся разнапланавая работа толькі з цягам часу будзе назапашваць тую крытычную масу, якая стане вырашальнай.

Усе, хто штосьці робіць на карысць беларускай мовы і беларускасці, павінны стаць разам незалежна ад таго, якога “колеру” іх палітычныя перакананні і густы, падтрымліваць адзін аднаго ў агульным змаганні. І рабіць усё, што можна, каб працаваць на будучыню, далёкую ці блізкую. Каб не патухла свечка беларускасці.

Аркадзь СМАЛЯК, дацэнт, кандыдат тэхнічных навук.

Магілёў.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.