Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

20:55 25 мая 2017
7
Памер шрыфта

Расказ пра тое, як беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч падымаецца на спартыўны Алімп.

Не так даўно жаночая зборная Беларусі па тэнісе сенсацыйна перамагла каманду Швейцарыі і ўпершыню ў гісторыі выйшла ў фінал Кубка федэрацыі. Пры гэтым у адсутнасць экс-першай ракеткі свету Вікторыі Азаранкі ролю лідара ў нашай камандзе ўзяла на сябе Аляксандра Сасновіч, якая зараз у сусветным рэйтынгу займае 91-е месца. І лідар не падвёў!

Але якім быў для спартсменкі шлях да гэтай славы і гістарычнай перамогі? І які ўдзел у гэтым брала яе сям’я?..

Спартыўны бацька

Аляксандр Сасновіч, бацька тэнісісткі, з дзяцінства захапляўся хакеем. І, калі ў Мінску на базе сярэдняй школы №91 быў створаны спецклас пры школе “Юнацтва”, вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту. Дарэчы, з гэтага класа выйшлі такія вядомыя хакеісты, як Аляксандр Андрыеўскі, Андрэй Расолька, Васіль Панкоў…

“Саша Сасновіч з намі быў да 10-га класа, – распавёў “Народнай Волі” экс-ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі Васіль Панкоў. – Але, наколькі вядома, з хакеем у яго не вельмі атрымалася, таму ніякіх вялікіх дасягненняў не было. І закончыў гуляць, здаецца, ужо ў 19 гадоў. Дарэчы, добра памятаю, што мы з ім нарадзіліся ў адзін дзень”.

Затым Аляксандр Сасновіч закончыў Інстытут фізкультуры, паспрабаваў сябе на трэнерскай працы, хаця ў 1990-я гады за заробак у 90 рублёў можна было хіба што выжываць, але не жыць. Калі нарадзілася дачка Саша, сям’я Сасновічаў здымала кватэру за 20 долараў. Яшчэ столькі ж заставалася на жыццё.

Сямейны шлях да тэніса

Выпадкова атрымалася так, што Аляксандр захапіўся тэнісам. Яго знаёмы прывёз ракеткі з Тайланда, былы хакеіст вырашыў паспрабаваць сябе на корце. Спадабалася. З таго часу тэніс стаў аматарскім захапленнем на гады…

“Калі б сам не ўзяў ракетку ў рукі, дачку на тэніс не адвёў бы, – распавядаў Аляксандр Сасновіч by.tribuna.com. – Гэта быў выпадак. Саша на той момант ужо займалася тхэквандо і была дастаткова каардынаваная, хуткая дзяўчынка. У восем з паловай гадоў прывёў яе ў тэнісную секцыю, яна вельмі саромелася. У першы дзень на корт нават не зайшла. Там былі старэйшыя за яе дзеці, яны ўжо займаліся год-паўтара. Толькі на трэці-чацвёрты дзень Саша выйшла на корт і пачала займацца разам з усімі. Потым ужо хутка дагнала ўсіх і стала адной з лепшых у сваёй групе”.

Грошы – на бочку!

Ні для каго не сакрэт, што тэніс – адзін з самых дарагіх відаў спорту. І не ўсе бацькі “пацягнуць” той фінансавы груз, што ўскладаецца на іх плечы разам са спартыўнымі заняткамі дзіцяці. Але Сасновічы вырашылі: Саша будзе займацца тэнісам. А значыць, трэба выдаткоўваць грошы з сямейнага бюджэту.

“Жонка працавала сцюардэсай, добра зарабляла, – успамінае бацька тэнісісткі. – У мяне бізнесу як такога не было, але на жыццё і на Сашын тэніс да 13 гадоў хапала. Пачыналі займацца поўнасцю за свае грошы. Разам з іншымі бацькамі-энтузіястамі знайшлі корты, стварылі аматарскую групу дзяцей, штомесяц здавалі ў агульную касу па 50–60 долараў. Калі дачцэ было 12 гадоў, з’ездзілі на першы міжнародны турнір у Расію. Там яна згуляла з Ілонай Крэмень у пары ў фінале. На той турнір выдаткавалі каля 200 долараў.

Увогуле, выбіралі турніры бліжэй да дома – Расія, Польшча, Украіна. Кааперыраваліся з некім яшчэ, дзялілі выдаткі на бензін, калі ехалі на машыне, разам жылі ў гасцініцах. Часам ехаў толькі нехта з бацькоў. Эканомілі… Такім чынам, за год мы ўпісваліся ў даволі сціплую суму – 10 тысяч долараў. Але калі Саша ў 14 гадоў сярод юнакоў трапіла ў дзясятку ў Еўропе, нам пачаў дапамагаць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе…”

У 14–15-гадовым узросце бацькі Аляксандры Сасновіч аплачвалі ўжо толькі палову выдаткаў, з 16–17 гадоў – 35 працэнтаў.

Дарослы спорт

Ужо з 17 гадоў Аляксандра Сасновіч стала патроху зарабляць сама. Да гэтага яна паўгода жыла і трэніравалася ў Францыі, але “эксперымент” не задаўся. Высветлілася, што людзі, якія ўсё гэта арганізавалі, былі з “двайным дном”.

Пазней пачалі прыходзіць першыя перамогі, з’явіліся кантракты са спонсарамі. У 2014 і 2015 гадах у гэтай справе дапамагла Беларуская федэрацыя тэніса, спонсарам Аляксандры і яшчэ некалькіх спартсменак стала кампанія “Еўраторг”. У год давалі 50 тысяч долараў, але за ўсе выдаткі трэба было даваць строгую справаздачу.

У мінулым годзе Аляксандра Сасновіч зарабіла каля 220 тысяч долараў, і з лютага гэтага года адмовілася і ад фінансавання з боку спонсараў, і ад падтрымкі Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі.

“Саша перайшла на прафесійныя рэйкі, можа сябе забяспечваць сама, – патлумачыў яе бацька. – Ужо не вельмі прыстойна браць грошы ў дзяржавы”.

“У людзях падабаецца шчырасць…”

Тыя, хто добра ведае Аляксандру Сасновіч, найперш адзначаюць, што гэта “вельмі добры і спагадлівы чалавек”.

Адносна не так даўно беларуская тэнісістка была ўшанавана спецыяльнай узнагародай ITF – Heart Award, але вырашыла пералічыць грошы ў анкалагічны цэнтр у Бараўлянах.

“У людзях мне падабаюцца шчырасць і чалавечае стаўленне да іншых”, – кажа яна.

Мне падаецца, што і тэніс у выкананні Сашы Сасновіч такі ж шчыры, як і яна сама. Няхай ёй і надалей шэнціць як у спорце, так і ў жыцці!

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.