Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:12 16 верасня 2016
6
Памер шрыфта

Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

“У краіне пачалося датэрміновае галасаванне. Я хацеў бы звярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было ў нас нічога штучнага, каб мы не гналі людзей на выбары, каб мы годна іх правялі…”

(З размовы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Л.Ярмошынай 6 верасня.)

 

“Народная Воля” вырашыла праверыць, як выконваецца ўказанне А.Лукашэнкі наконт таго, што не трэба гнаць людзей на выбарчыя ўчасткі, гэта іх асабістая справа – прымаць удзел у галасаванні ці не. Вось рэпартаж з некалькіх студэнцкіх інтэрнатаў, дзе адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання.

Студэнты штурмуюць выбарчыя ўчасткі

Першым на чарзе быў участак для галасавання №637, размешчаны ў блоку абслугоўвання пры інтэрнатах БНТУ (праспект Незалежнасці, 146 б). Звярнуць на яго ўвагу параіў Дзяніс Садоўскі, каардынатар кампаніі “Права выбару-2016”. Бо менавіта там назіралася найбольшае разыходжанне паміж афіцыйнымі дадзенымі і дадзенымі незалежных назіральнікаў. Згодна з афіцыйным пратаколам, у першы дзень датэрміновага галасавання свайго кандыдата абралі 928 чалавек (усяго на ўчастак было вылучана 2100 бюлетэняў). Але, як расказаў “Народнай Волі” назіральнік Віктар Кулак, ён і яго калега налічылі максімум 500 чалавек.

Пакой для галасавання абсталяваны ў зале аэробікі. Але застацца там і паназіраць не так лёгка. Пільнаму Анатолю Шабельніку, намесніку дэкана факультэта энергетычнага будаўніцтва БНТУ, які з’яўляецца старшынёй камісіі, не падабаецца пасведчанне карэспандэнта. Таму чыноўнік тэлефануе ці то ў Цэнтрвыбаркам, ці то камусьці са сваіх начальнікаў, дзе ўрэшце даюць згоду.

У памяшканні галоўнае месца займае тэлевізар, які на поўную гучнасць працуе амаль гадзіну, пакуль я знаходжуся на ўчастку. На экране ідзе адна са шматлікіх перадач кшталту “Пусть говорят”. Сябры камісіі з цікавасцю сочаць за лацінаамерыканскімі жарсцямі: героі не могуць падзяліць сына і разабрацца са сваім асабістым жыццём. А вось плакатаў з інфармацыяй пра патэнцыяльных абраннікаў народа ў пакоі няма: яны размешчаны на першым паверсе.

Паток студэнтаў не спыняецца ні на хвіліну. Адзін з хлопцаў, апрануты ў спартыўны касцюм, ледзь не выдае ўсе таямніцы мадрыдскага двара, наўпрост спытаўшы ў прадстаўнікоў камісіі: “Што вы ўсё тэлефануеце, турбуецеся?” У нейкі момант за дзвярыма ўзнікае чарга. Калі студэнтаў запытваюць, чаму ніхто не заходзіць, найбольш дасціпны каментуе: “Можа, ніхто дадому не хоча”. За гадзіну перада мной праходзіць некалькі дзясяткаў студэнтаў. Як пазней высвятляецца, за дзень на ўчастку прагаласавала 373 чалавекі. Гэтым разам афіцыйныя лічбы і вынікі незалежнага назірання супалі. Магчыма, на тое паўплывала ўвага да ўчастка.

Далей я скіраваўся на ўчастак для галасавання №251, які заходзіцца ў адным з інтэрнатаў БДУ (праспект Дзяржынскага, 87). Там назіраецца поўны аншлаг. Чарга ў запаветны пакой займае ўвесь калідор – у чаканні стаяць каля дваццаці чалавек! Каб трапіць да урны, даводзіцца чакаць хвілін дзесяць. Некаторыя студэнты нават сыходзяць, абяцаючы прыйсці пазней.

У самім пакоі вольных месцаў няма: члены камісіі, два назіральнікі, дзве кабінкі для галасавання. Збоку ствараецца ўражанне, што назіраеш працу заводскага канвеера, які без перапынку штампуе бюлетэні. На гэтым участку ў першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавалі 434 чалавекі. Нявыкарыстаных бюлетэняў засталося крыху больш за 600.

Дзяўчаты ў чарзе, з якімі я разгаварыўся, не хаваюць, што за датэрміновае галасаванне ім паабяцалі на некалькі дзён адпусціць дадому. Мае суразмоўцы ставяцца да галасавання з гумарам. Напрыклад, некалькі дзяўчат вырашаюць галасаваць за кандыдата, які летась не працаваў, таму не зарабіў ні капейкі. Аргумент жалезны: “У яго ж нічога няма”. Адна з сябровак выбірае патэнцыяльнага дэпутата, якога бачыць упершыню на партрэце, выключна па знешніх дадзеных.

Побач знаходзіцца ўчастак для галасавання №249, які працуе ў інтэрнаце №1 Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Там могуць прагаласаваць студэнты адразу чатырох ВНУ: БДУІР, БНТУ, Лінгвістычны і Акадэмія музыкі. Тут пануюць цішыня і спакой. Ціха гучыць фонавая музыка, адна з назіральніц правярае школьныя сшыткі. Старшыня камісіі без пытанняў запісвае інфармацыю з журналісцкага пасведчання і нават прапануе выбраць больш зручнае месца, каб зрабіць фотаздымак. За паўгадзіны на ўчастку галасуюць 15 чалавек. Назіральніца ад Хельсінкскага камітэта Аляксандра Кузьміч расказвае, што з такой жа хуткасцю наведвальнікі ідуць цэлы дзень. Прычым, паводле яе сцвярджэння, яна на ўласныя вочы бачыла студэнтаў, якія прыходзілі на галасаванне ў піжамах. У першы дзень на ўчастку прагаласавалі 162 чалавекі, нявыкарыстанымі засталіся 1938 бюлетэняў.

У сваім “Твітары” Аляксандра расказвае гісторыю, якой з ёй падзяліліся студэнты БДУІР. Нібыта па адным з інтэрнатаў хадзіла педагог-арганізатар і прасіла прагаласаваць: «Калі ласка, зразумейце і пашкадуйце цяжарную жанчыну! Мне ж заўтра прынясуць спісы тых, хто не прагаласаваў».

Гэтая гісторыя сімвалічная. Хтосьці абураецца датэрміновым галасаваннем, хтосьці ставіцца да яго з гумарам як да непазбежнасці. Але агучваць сваё абурэнне публічна ніхто не збіраецца. Часцей за ўсё адказам на пытанні карэспандэнта “Народнай Волі” было маўчанне (або студэнты казалі пра добраахвотнае жаданне з’ехаць дадому). Таму звычайны навучэнец беларускага ВНУ, нават калі моўчкі пратэстуе… ідзе датэрмінова галасаваць.

Фота аўтара.

Аўтар: Вадзім БРОННІКАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сколько стоит домашний повар?

Как правило, поваров в семью сегодня нанимают не так часто. Считается, что это барство, лишние расходы. Чаще приглашают няню или домработницу. Однако мало кто представляет, что личный повар поможет сэ

В Новогрудском районе застолье закончилось убийством двух человек

Посиделки компании из трёх человек окончилось ссорой и смертью двоих участников, третий обвиняется по уголовному делу.

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.