Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Ад аўтара Сустракаюцца кнігі, якія, не будучы высокай літаратурай, пакідаюць усё ж глыбокі след. Такія кнігі часам пераварочваюць грамадскую свядомасць; калі сведкі тых падзей праўдзіва, проста і зразумела даносяць людзям, што ж менавіта адбылося. Агаляецца горкая праўда, і ў людзей раскрываюцца вочы, кардынальна мяняецца погляд на ход многіх ранейшых падзей.Я ў сваёй кнізе “Шыпшына маёй памяці” стараўся шчыра паведаць тое, сведкам чаго з’яўляўся сам, што давялося ўбачыць, перажыць і асэнсаваць.
6:00 31 лiпеня 2015
182
Памер шрыфта

Ад рэдакцыі

Нельга не пагадзіцца з шаноўным аўтарам. Шкада толькі, што яго кніга выйшла накладам усяго 2000 асобнікаў. А паколькі фармат газеты не дазваляе надрукаваць яе поўнасцю, то пазнаёмім чытачоў “Народнай Волі” з першай часткай.

Сярод дрымучых бароў Лагойскай грады, ля зарослага хмызамі ўзгорка прытулілася невялічкая вёска Трусавічы. Звычайная вёска, якіх шмат на нашай зямлі, – адна вуліца, два дзясяткі двароў. Тут жывуць звычайныя працавітыя людзі. Жывуць ціха і проста. За ваколіцай пад узгоркам сярод хмызоў вузенькай стужкай пятляе рачулка Канатопка. За тым узгоркам калісьці праходзiла мяжа з Заходняй Беларуссю. Непадалёку знаходзiлася памежная застава, куды ўпiралася сядзiба майго дзеда Iвана Iосiфавiча (Ян Язэп Бажэйка, 1876–1934?).
Вясковы інтэлігент, батанiк ад Бога! Яшчэ студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута (зараз Беларуская сельгасакадэмія) дзядуля захапіўся навукай, і гэта захапленне засталося на ўсё жыццё, хаця давучыцца яму не давялося: за нацыянальна-палітычныя погляды царскія ўлады саслалі Івана Іосіфавіча ў салдаты.
Дзядуля меў разнастайны талент. З маленства цудоўна граў на кларнеце, а пазней – у Вілейскай сельскай капэле, дзе лёс звёў яго з маладой спявачкай Аленай Гірлятовіч-Грушэўскай (1883–1956), якая стала яму жонкай, а мне бабуляй. Алена Міхайлаўна вучылася ў пансіянаце, заснаваным выдатнымі беларускімі музыкантамі-асветнікамі братамі Дамінікам і Вікенціем Стэфановічамі. Сярод іх шматлікіх вучняў вядомы кампазітар Станіслаў Манюшка (1819–1872).
Беларускі магнат Ян Тышкевіч, каб падтрымаць маладога даравітага батаніка, прапанаваў Івану Іосіфавічу пасаду лесніка. Пасяліліся маладажоны ў лясной глушы, у Трусавічах (1902 г.), дзе меліся самыя спрыяльныя ўмовы для вывучэння свету раслін. Жылі ў згодзе ды поўнай гармоніі між сабой, небам і прыродай. Займелі вялікую сям’ю: пяць сыноў і трох дачок (Баляслаў, Зося, Віктар, Карл, Ганна, Яўгеня, Зыгмусь, Вячаслаў). Там жа, у Трусавiчах, яшчэ да гэтых дзён захавалася спраўная прасторная хата, пастаўленая ўмелымi рукамi батаніка, чым ён вельмі ганарыўся. (У той хаце ў год бальшавiцкага перавароту нарадзiлася і мая мацi Ганна Iванаўна.) Дзядуля многа працаваў, а вольным часам любіў павазіцца ў сваёй майстэрні. Усё ў хаце – вокны, дзверы, сталы, крэслы, шафы, канапы і іншыя рэчы былі зроблены яго залатымі рукамі, з высокім густам і майстэрствам.
Сядзібу ўпрыгожваў невялічкі садок, дзе раслі шыкоўныя ружы, вяргіні, амаліі, герберы, крокусы і іншыя экзатычныя расліны – заслуга Алены Міхайлаўны! У хаце заўсёды стаяў водар кветак і траў. А ў травах Іван Іосіфавіч ведаў толк – ён займаўся нетрадыцыйнай медыцынай і быў на ўсю акругу вядомы лекар. Сёння такіх называюць экстрасэнсамі.
З вялікай гаспадаркай рупліва спраўлялася Алена Міхайлаўна. Бабуля мела строгі характар i ўсталявала такі сямейны парадак, калі ўжо з самага маленства дзеці ведалі свае абавязкі: старэйшыя дапамагалі па гаспадарцы, даглядалі жывёлу, апякалі меншых дзяцей. Меншыя таксама рабілі пасільную працу і з задавальненнем займаліся музыкай. У сямейным аркестры зладжана гучалі скрыпка, кларнет, мандаліна, цымбалы, гармонік. Кожную раніцу сям’я збіралася за вялікім сталом, дзе абмяркоўваліся надзённыя пытанні, а ў святочныя дні дружна наведвалі храм.
Дзядуля быў шчырым прыхільнікам нашаніўскага Адраджэння і беражліва ставіўся да роднага слова, хаця добра валодаў лацінскай, польскай, нямецкай і рускай мовамі. У доме мелася рэдкая для беларускай вёскі таго часу бібліятэка. Дзядуля выпісваў літаратуру па батаніцы і медыцыне нават з Германіі.
Край адвечных бароў спрыяў правядзенню батанічных доследаў. Тут Іван Бажэйка паспяхова працягваў дзейнасць, распачатую беларускім вучоным, прафесарам Віленскага ўніверсітэта Станіславам Баніфацыем Юндзілам (1761–1841), праца якога “Апісанне раслін правінцый Вялікага Княства Літоўскага” (1791) стала настольнай кнігай Івана Іосіфавіча. Дзядуля сабраў і сістэматызаваў знакаміты гербарый. Вёў перапіску з вядомым батанікам-натуралістам з Асканіі-Нова Юзэфам Пачоскім (1864–1942), аўтарам манаграфіі “Флора Палесся і прылеглай мясцовасці”; сябраваў з вядомым вучоным-балотаведам Уладзімірам Дактуроўскім (1884–1935), які скончыць свае дні, як і большасць беларускай інтэлігенцыі, у бальшавіцкім ГУЛАГу.
Іван Іосіфавіч Бажэйка напісаў шматтомны трактат “Флора беларускага краю”, якому, на жаль, так і не давялося ўбачыць свет. Успыхнула Першая сусветная вайна. Друкарня ў Вільні згарэла, там жа загінулі падрыхтаваны да друку набор і рукапіс, якому Іван Іосіфавіч аддаў больш за дваццаць самых плённых гадоў. Такая бяда зломіць, бадай, любога. На ўсё жыццё яна нанесла дзядулі незагойную рану, крута памяняла далейшы лёс.
***
Першая сусветная вайна абудзіла народы. Рэвалюцыі скаланалі кантыненты. Развальваліся імперыі, узнікалі новыя незалежныя дзяржавы.
25 сакавіка 1918 г. Першым Усебеларускім кангрэсам палітычных сіл была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Ідэаламі незалежнай БНР сталі свабода, мір, справядлівасць – блізкія кожнаму жыхару Беларусі. Утварэнне БНР падтрымалі лепшыя сыны беларускага народа, у тым ліку Я.Купала і Я.Колас. На перамены, на лепшае жыццё спадзяваліся беларускія рабочыя і сяляне. Ад павятовага земства Іван Іосіфавіч Бажэйка быў абраны дэлегатам Кангрэса, але ў той час ён цяжка хварэў і не змог прыняць удзел, хаця ўсім сэрцам вітаў стварэнне незалежнай дзяржавы. Маладая Беларуская Рэспубліка ўжо была прызнана Аўстрыяй, Чэхіяй, Летувой, Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй, Грузіяй, Арменіяй, Украінай, Турцыяй – пералік быў бы значна большы, калі б усяго праз дзевяць месяцаў ад яе нараджэння расійскі бальшавізм пры дапамозе кайзераўскіх войскаў не ўтапіў маладую рэспубліку ў крыві. Бальшавікі цынічна заявілі, што такой нацыі, як беларусы, наогул не існуе, і жорстка задушылі іх маладую краіну, якая к таму часу ўжо мела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня”, вышэйшы орган (Раду), урад і дыпламатычныя місіі ў некаторых краінах. На зварот беларускага ўрада да ўплывовых дзяржаў (Вялікабрытаніі, Амерыкі, Францыі) аб прызнанні БНР паступіў адказ, з якога вынікае, што перашкодай да прызнання незалежнасці Беларусі з’яўляецца Брэсцкая дамова паміж Нямеччынай і Расіяй. Бальшавіцкая Масква і кайзераўскі Берлін за спінай беларусаў каварна вырашылі лёс іх маладой краіны, разадраўшы яе на кавалкі. Што было і нядзіўна – цяпер выяўлена шмат дакументаў, якія сведчаць, што вяртанне Леніна ў Расію і арганізацыя бальшавікамі

кастрычніцкага перавароту фінансаваліся нямецкім Генштабам.
Такім чынам, глухая лясная вёска Трусавічы раптам апынулася на скрыжаванні міждзяржаўных інтарэсаў, стала сведкам значных падзей. Сюды зачасцілі высокія маскоўскія госці. У хуткім часе тут паставілі памежную заставу і размясцілі гарнізон.
З прыходам бальшавікоў, калі гвалтоўна пачалі знішчацца храмы, духавенства, а нормай савецкага жыцця сталі пошукі ворага, даносы, хамства ды галадрань, Іван Іосіфавіч, выхаваны на біблейскіх каштоўнасцях, адчуў душэўны дыскамфорт. Віленская трагедыя яго навуковага дзецішча і падзеі апошняга часу, відаць, зусім надламілі дзядулю, надламілі тыя сілы, што складаюць сэнс жыцця кожнага нармальнага чалавека – ён цяжка захварэў. Лячыў сябе травамі, але курс лячэння аказаўся кароткім: у 1923 г. як дэпутата Кангрэса новая ўлада ссылае дзядулю “вырошчваць сібірскую тайгу”.
Вярнуўся Іван Іосіфавіч напрыканцы 1920-х. Поўным ходам ішла калектывізацыя. Спачатку працаваў аграномам, затым на лесапілцы, куды камісары ўпяклі яго “на перавыхаванне”. І стала яму зусім не да навукі, бо слаўнага лесавода прымусілі выконваць план па нарыхтоўцы піламатэрыялаў. На новым месцы дзядуля працаваў адказна, старанна, а жыццё з кожным днём пагаршалася. Старэйшыя дзеці з бацькоўскага гнязда ўжо разляцеліся. Сын Баляслаў (1905 г.н.) ажаніўся і з 1926 г. жыў у Менску; дачка Зося (1908 г.н.) выйшла замуж за расійскага хлопца Фёдара Барадзіна (пазней – першы камендант Вены, вызваленай ад фашызму ў маі 1945 г.), які адслужыў у Трусавічах на заставе, і з’ехала з ім у Разань, пакінуўшы бацькам напамінам аб сабе дачку-немаўлятку Геню; сын Віктар (1912 г.н.) служыў у войску. Адзінай крыніцай радасці засталася Алена Міхайлаўна ды меншыя дзеці, што сваімі поспехамі лепш за лекі падтрымлівалі аслабелае бацькоўскае сэрца: сын Карл цягнуўся да навукі, яркім музычным дарам вызначаліся Ганна, Зыгмусь і асабліва самы меншы Вацік (Вячаслаў).
***
У Беларусі лозунг “Зямлю тым, хто яе апрацоўвае!” вызваў працэсы, уласцівыя ўсёй былой Расійскай імперыі: палілася кроў багатых і бедных, запылалі маёнткі, разрабоўвалася маёмасць. У час размеркавання зямлі на Віцебшчыне, Меншчыне і Магілёўшчыне было поўнасцю зліквідавана землеўладанне памешчыкаў і значна скарацілася кулацкае. Больш за 600 памесцяў у Менскай губерні сталі агульнанароднымі. Значная частка зямель адыйшла пад саўгасы: за першыя чатыры месяцы 1919 г. толькі ў адной Менскай губерні было створана 322 саўгасы. І хаця ў саўгасах, як пісалі газеты, гаспадарыў “рэвалюцыйны ўздым і энтузіязм біў праз край”, але працавітасці і дбайнасці – самых неабходных сельскіх якасцяў – там чамусьці не назіралася. У выніку дзяржаўныя гаспадаркі не толькі не сталі “фабрыкамі хлеба”, але і прынеслі маладой краіне вялізныя страты. Асноўнымі пастаўшчыкамі зерня і іншай сельгаспрадукцыі заставаліся індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.

Лідар беларускай нацыянал-дэмакратыі акадэмік Максім Гарэцкі яшчэ ў 1922 г. бачыў “магчымасць пераўтварэння беднай сумна-балоцістай Беларусі ў новую Данію” менавіта праз развіццё і ўмацаванне сельскіх гаспадарак і перарастанне іх у фермерскія. Аднак нельга казаць, што калектыўныя формы гаспадарання ігнараваліся, асабліва дробназямельным сялянствам. Інтарэс да іх падмацоўваўся намаганнямі дзяржавы. Ад яе сельгаскааперацыя атрымлівала доўгатэрміновыя крэдыты, забяспечвалася тэхнікай, пасяўным матэрыялам. Без прымусу, дзейнічаючы толькі эканамічнымі метадамі, кіраўніцтву рэспублікі ўдалося значна павялічыць колькасць калектыўных гаспадарак.
У маі 1929 г. Беларусь наведала маскоўская камісія, адыграўшая не апошнюю ролю ў трагічнай змене курсу нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы, у тым ліку паскорыла наступленне на беларускага селяніна. У справаздачным дакладзе камісія адзначыла: “Сяляне ў большасці цягнуцца да хутара… Сяляне і зараз перакананы, што хутар з’яўляецца асноўнай умовай гаспадарчага поспеху. Проціпаставіць сталыпінскаму хутару вышэйшую савецкую норму – калгас – у Беларусі не змаглі, а насупраць, падтрымліваюць ілюзіі селяніна-ўласніка”.
…Рост заможных, альбо, па тэрміналогіі тых гадоў, “кулацкіх”, гаспадарак спачатку быў даволі ўстойлівым, аднак у выніку эканамічнага ўздзеяння (высокі прагрэсіўны падатак, цвёрдае заданне па здачы хлеба і інш.) к 1929 г. ён спыніўся. На жаль, альтэрнатывы татальнай калектывізацыі ў беларускай вёсцы не існавала. Неабходна звярнуць увагу на тое, якую дэградацыю зведала такая дзяржаўная палітыка ўсяго за некалькі месяцаў. Восенню 1928 г. у адной са справаздач значылася: “Па Аршанскай акрузе было зарэгістравана 40 кулацкіх двароў з наліччам вялікіх запасаў хлеба. У выніку вобыску ў 17 дварах высветлілася, што сапраўдныя запасы ў сярэднім на двор складаюць каля 400 пудоў, але так як гэтыя двары шматсямейныя (да 12 душ), а з другога боку – праверка праходзіла зімой, то канфіскацыя не праводзілася і справы былі прыпынены”. З дакументаў відаць, што ўлады пакуль яшчэ дзейнічалі адпаведна закону і сумленню. Але ў 1929 г. над эканомікай сельскай гаспадаркі, людзьмі і “здравым сэнсам” пачаўся “Вялікі Эксперымент”, і тут ужо стала не да закона, не да сумлення. Партыйна-дзяржаўная машына, г. зн. – сталінізм, шпарка набірала абароты, бязлітасна ламаючы чалавечыя лёсы і векавы ўклад вясковага жыцця, сеючы між людзьмі варожасць, зло і боль, пакідаючы краіне кволыя калгасы, частка з якіх не змагла падняцца на ногі і па сённяшні дзень.
Вось ліст Сымона Сільвановіча з Лепельшчыны, які ён даслаў свайму земляку-чырвонаармейцу: “Цяпер жыць у вёсцы стала немагчыма, таму што вядуцца вялікія нарыхтоўкі ўсіх прадуктаў. Ленін казаў, што павінен быць адзіны сельгаспадатак, аднак узніклі яшчэ падаткі, якія немагчыма выплаціць. Зараз з селяніна акрамя падатку патрабуюць 60 пудоў хлеба і збіраюцца яшчэ правесці самаабкладанне на 50% з рубля…”
У адным з дакументаў таго часу знаходзім даволі дзіўную градацыю: сям’я, якая мае да дзвюх дзесяцін зямлі, лічыцца беднай, ад дзвюх да шасці – сераднякі, больш за шэсць – ужо кулакі. А калі з шасці дзесяцін корміцца дзесяць душ, а з дзвюх – дзве? На пяці дзесяцінах можна трымаць адну карову, а можна і тры. І г.д. Каго лічыць кулаком, ворагам рэвалюцыйнага народа? І за што лічыць? Фактычна ў кожнай воласці, у кожным сельсавеце на гэта пытанне адказвалі па-свойму, як каму было выгадна. Раскулачыць маглі пры наяўнасці ў хаце самавара, а то і за новую страху. Актывісты выганялі з хаты людзей нават з малымі дзеткамі, не дазваляючы ім з сабой нічога ўзяць. Разам з тым дакументальна захаваліся факты, калі ў калгас не прымалі беднякоў, з якіх узяць было нечага.
Хлуслівымі абяцанкамі зямлі і волі бальшавікі бессаромна абдурылі сялян. У далейшым у крэслы вясковых правадыроў прабіліся нахрапістыя брахуны, якія працаваць на зямлі не ўмелі і не хацелі, але любілі гарлапаніць ды размахваць “лівальвертамі”. А самых працавітых і руплівых, якія пажадалі застацца самастойнымі гаспадарамі, чакалі Варкута, Салаўкі, руднікі Алтая і сібірскія лесасекі. Умылася вёска крывавымі слязьмі і пайшла кайлачыць на калгасныя палеткі за міфічныя працадні, атрымаўшы права на роднай зямлі жыць з птушынымі правамі. Народ падзялілі на ўладароў-распарадзіцеляў і астатніх – маўклівае быдла, запрэжанае ў аглоблі калгасна-саўгаснага ладу. Жах перад новай уладай зруйнаваў у людзях апошнія парасткі самасвядомасці і перадаўся нашчадкам на генным узроўні.

Камуністычныя тэарэтыкі даказваюць, што ў часы калектывізацыі ішла вострая класавая барацьба паміж кулакамі і беднатой. Шчыра кажучы, у беларускай вёсцы 1929–1930 гадоў наконт барацьбы, тым больш класавай, узнікае вялікі сумнеў. Малаадукаваныя сяляне таго часу былі дужа запужаны нахабнай уседазволенасцю ўлады. І хаця ад гвалту і несправядлівасці, што махрова расквітнелі навокал, многія гатовы былі кінуцца хоць у вір галавой, тым не менш жах перамог, і яны табуном запісваліся ў калгасы. Нават калі сілай у сялян адбіралі цяжкай працай нажытое дабро, і тады яны свой пратэст выказвалі хіба што слязьмі. Калі іх “пакавалі” ў вагоны для вывазу ў высылку, нават тады яны пакорна трывалі здзек без контррэвалюцыйных выступленняў.
А тым часам у краіне ўсталяваўся сталінізм. Бальшавікі падзялілі людзей краіны на дзве няроўныя часткі: адным усё можна, хаця і нельга (такіх жменька – партыйная эліта і іх падхалімы), другім усё нельга, хаця і можна б (такіх большасць – усе астатнія). Расправы з “ворагамі народа” ў 1920–1930-я гады ў Беларусі былі масавымі і захапілі ўсе катэгорыі насельніцтва без выключэння. Але самаму бязлітаснаму знішчэнню ў першую чаргу падлягала нацыянальная эліта: свядомыя дзеячы навукі, асветы, літаратуры, мастацтва – тыя, хто шанаваў родную мову, традыцыі, свядома працаваў на ідэю беларускага нацыянальнага Адраджэння. Планамерна вынішчалася беларуская інтэлігенцыя. Толькі з літаратурнага жыцця штогод вырывалі па 30–40–50 (!) пісьменнікаў. Дзеля гэтага ў нетрах НКВД быў прыдуманы ярлык “нацдэм” – нацыянальны дэмакрат, хаця партыі такой не існавала. Гэты ярлык сталіністы вешалі на тых беларусаў, якіх планавалася знішчыць. У хуткім часе амаль поўнасцю была выкашана камуністычна-партыйная вярхушка – 99 сакратароў райкамаў са 101; цывільная адміністрацыя ад самага верху аж да сельскіх Саветаў – больш за 50 старшыняў райвыканкамаў; беларуская Акадэмія навук, прафесура. Вынішчалі нават дырэктарат і гаспадарчых кіраўнікоў. На іх месцы прызначаліся рускія кадры, так званыя “выдвиженцы”. Яны прыязджалі, займалі вызваленыя пасады, атрымлівалі кватэры, маёмасць, ільготы і, каб зазначыць сваю лаяльнасць тым, хто іх сюды накіраваў, першым чынам зачынялі беларускія школы. Замест іх усталёўвалі рускамоўныя, каб іхнія дзеткі маглі вучыцца, не абцяжарваючы сябе вывучэннем, як яны казалі, “нікому не патрэбнай” беларускай мовы. Працягваў дзейнічаць злачынны метад, які быў апрабаваны яшчэ ў мінулым стагоддзі губернатарам Паўночна-Заходняга краю графам П.Мураўёвым і ўжо тады для нашага народа меў самыя трагічныя наступствы.
“Вялікі эксперымент” азначыўся тым, што ў краіне, якая яшчэ нядаўна карміла хлебам усю Еўропу, пачаўся галадамор. Асабліва пакутавалі чарназёмная Украіна і Расія. Рассакрэчаныя дакументы сведчаць, што ў Беларусі голад таксама меў жудасныя наступствы. Калі рабочым даводзіўся хоць нейкі сціплы паёк, то сяляне і гэтага не мелі, павінны былі здаваць скаціну ў калгас, а зерне – дзяржаве.
7 красавіка 1932 г. у Барысаве ўспыхнуў хлебны бунт. Даведзеныя да адчаю жанчыны ўварваліся ў хлебныя лаўкі і расхапілі ўсе буханкі, а тыя, хто не здолеў прабіцца ў магазін, размяталі гружоныя хлебам фурманкі. Трэба адзначыць, што такую сітуацыю справакавала сама ўлада, аб’явіўшы аб скарачэнні харчовага пайка на 100–200 грамаў хлеба кожнаму едаку, у залежнасці ад спісу, да якога той быў прызначаны. А самае галоўнае, што з забеспячэння поўнасцю здымаліся дзеці.
З 1928 г. у СССР прадукты выдаваліся строга па картачках, дакладней, па “заборным дакуменце”, адпаведна якому савецкі народ дзяліўся на чатыры групы. На чале прадуктовай “табелі аб рангах”, зразумела, стаялі камуністы-ўпраўленцы і частка прывілеяванага пралетарыяту. Вясной 1932 г. ім выдзялялася па 800 грамаў хлеба на дзень і 4,4 кг мяса на месяц. Замыкалі спіс дзеці і інваліды з 200-грамовай нормай хлеба ў суткі і поўнай адсутнасцю мясной долі. І вось зараз дзяцей пакінулі не толькі без мяса, але і без хлеба.
Дык вось, калі назаўтра ў Барысаве хлеб у магазіны прадбачліва павезлі на грузавіках ноччу, натоўп зноў перахапіў бясцэнны груз. Прыбыўшая міліцыя арыштавала самых актыўных прамоўцаў. Жанчыны тут жа пачалі патрабаваць іх вызвалення: “Галодныя просяць хлеба, а вы іх саджаеце!” Барысаўчанкі звярнуліся за дапамогай да жаўнераў 7-га артпалка, штаб якога размяшчаўся якраз насупраць будынка міліцыі: “Абараніце рабочых, ім не даюць хлеба, саджаюць у турму”. На дапамогу гаротным маці падключыліся дзеці, і пад вокнамі казармаў дружна скандзіравалі: “Дайце хлеба і магчымасць вучыцца!”

Хроніка бабскага бунту ў Барысаве падрабязна зафіксавана чэкістамі ў сакрэтным рапарце на імя сакратара ЦК КПБ (б) Мікалая Гікалы. Факт і сапраўды беспрэцэдэнтны: рабочыя падтрымалі сваіх жанчын-небаракаў, а чырвонаармейцы падтрымалі рабочых. На бок бунтароў ледзь не стаў гарадскі партактыў, але прыбыўшыя на пасяджэнне работнікі ОГПУ сумелі пераламіць сітуацыю. Для расследавання надзвычайнага здарэння ў Барысаў спешна прыбыла парткамісія з Менску. 14 красавіка 1932 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло пастанову аб павышэнні “бальшавіцкай пільнасці да вылазак класавых ворагаў”, тут жа разосланае ва ўсе райкамы рэспублікі (пасля азнаямлення яго абавязкова неабходна было вярнуць у сакрэтны аддзел ЦК).
Дзякуючы бабскаму бунту, які адбыўся ў Барысаве, улада вымушана была ўважыць усіх дзяцей СССР, і з 9 красавіка ім зноў пачалі выдаваць па 200 г хлеба на дзень.
8 чэрвеня 1933 г. сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала і старшыня СНК БССР Мікалай Галадзед атрымалі сакрэтны ліст з Нараўлянскага раёна. Непісьменная пісулька на беларускай мове, у якой мясцовыя кіраўнікі скардзіліся на страшэнны голад у сваім раёне: “На гэтых днях (2 чэрвеня) меў мейсца з рада вон выходзячы факт: гр. в. Ціхін (Акопскага сельсавету) Сікорская ноччу зарэзала свайго 9-гадовага дзіцяці. Частку ўнутранасцей пасьпела паесьці, назаўтра ўтопіла другога дзіцяці і памерла сама ад істошчэньня”. Такі жудасны факт прыводзілі нараўлянскія начальнікі і слёзна заканчвалі сваё пасланне: “Без сур’ёзнай дапамогі рэспубліканскага цэнтру абысціся не зможам”.
Такое ж бядотнае становішча было і ў суседнім Ельскім раёне, аб чым чэкісты рапартавалі ў Менск. У 200 сем’ях з 250 аднаасобных гаспадарак дзеці і дарослыя апухлі ад голаду, за два месяцы з-за схуднення памерла 20 чалавек. “Аднаасобнік хутара Рэдзька Калодзей Мікіта, каб не бачыць пакуты галоднай сям’і, запёр у хаце жонку і трох малалетніх дзяцей, забіў наглуха дзверы і вокны, пасля чаго сам некуды знік. Жонка і двое дзяцей Калодзея ўжо памерлі, аднаго малога выратавалі суседзі. У в.Меляшковічы ўдава Ціханава Ульяна з голаду кінула траіх дзяцей і сышла няведама куды”, – прыводзілі жудасныя прыклады чэкісты.
На Гомельшчыну з Менска выехала спецыяльная камісія для праверкі фактаў. 21 чэрвеня Бюро ЦК КП(б)Б занесла ў пратакол: у Ельскім і Нараўлянскім раёнах мор закрануў да 60 працэнтаў насельніцтва. Людзі ядуць не толькі “ліпавае лісце, верас, мох і мякіну, а ў некаторых гаспадарках нават катоў, сабак і конскую падаль”. Сталічныя таварышы вымушаны былі прызнаць факт канібалізму: “У в. Акопы… жонка бедняка, пайшоўшага на працу ў горад, вярнулася дадому і знайшла свайго сына Валодзю мёртвым, адрэзала ногі дзіцяці і зварыла са шчаўем. Паела шчаўя сама і пакарміла другое дзіцянё. Назаўтра памерла сама і другое дзіцё”.
Акрамя Ельскага і Нараўлянскага раёнаў галадамор закрануў і Петрыкаўскі. Кожнаму з іх Менск адгрузіў па 5 тон мукі, а таксама ў буйных калгасах арганізаваў шпіталізацыю дыстрофікаў і пункты харчавання.
Серадняк-аднаасобнік з вёскі Асіпоўка Нараўлянскага раёна Арнольд Рынас старанна ўпакаваў у сумку заявы, напісаныя аднавяскоўцамі. Лістоў набралася аж 200 штук, хаця мінулы раз іх было значна больш, і сумка з пісьмамі заважыла 15 фунтаў. Усе прашэнні тады ён даставіў у германскае консульства ў Маскве. Нямецкі консул “прапанаваў хадаку начлег, аплаціў праезд у абодва бакі і даў некалькі марак як падарунак”. І нават паабяцаў частку пісем перадаць амерыканскаму амбасадару.
На гэты раз Рынас да Масквы не даехаў – быў арыштаваны чэкістамі. Мала хто ведае, што голад, які ўзнік на гомельскім Палессі, ледзь не завяршыўся міжнародным скандалам. Немцы, што пасяліліся на нараўлянскіх землях яшчэ ў 1909–1911 гадах, у калектывізацыю засталіся без зямлі і скаціны. Былі змушаны звярнуцца за дапамогай да замежнай радні, а ў каго яе не было – да германскага консула. Усе просьбіты атрымалі ад Германіі па 8 марак. На тыя грошы ў магазінах з назвай “Торгсін” тады можна было на сям’ю купіць 4 пуды 10 фунтаў (72 кг) мукі. Для параўнання: беларусам, якія апынуліся ў галечы, з фондаў Наркамснаба БССР выдавалі ад 5 да 16 кг на сям’ю.
Неўзабаве Менск даведаўся аб “валютных шашнях” каланізатараў, і летам 1933 г. у нямецкія сельсаветы камандзіравалі нацкамісію ЦВК БССР. Яна прывезла сумную даведку: “у некалі багатых вёсках запусценне. Беспрытульныя дзеці, у якіх бацькі памерлі, у закінутых хатах спяць на брудных мяшках”.
Менск прымае рашэнне: “Па снабжэнні нямецкія сельсаветы прыраўняць да памежных раёнаў, дойных нямецкіх кароў не пастаўляць на мяса тры гады. З 23 мая 1934 г. дазволіць продаж хлеба па камерцыйных цэнах”. Але “праклятыя каланісты” па-ранейшаму працягвалі клянчыць дапамогу ў Гітлера. Праўда, здараліся і выключэнні тыпу настаўніка Рудзі, які добраахвотна адмовіўся ад дзвюх пасылак па 8 марак кожная. Тады камісія ЦК КП(б)Б просіць Маскву “аб прыняцці мер і спыненні прысылкі грошай фашысцкім урадам Германіі”.
Масква дае дазвол на спецмеры па чэкісцкай лініі.
5 чэрвеня 1934 г. чэкісты дакладвалі Мікалаю Гікалу аб праведзенай “стэрылізацыі” і выяўленых 14 злосных шкодніках Нараўлянскага раёна: 3 кулакі, 2 цвёрдазаданцы (так савецкая ўлада называла заможных сялян-аднаасобнікаў, якія не пажадалі стаць калгаснікамі, але мелі цвёрдае заданне па нарыхтоўцы хлеба дзяржаве. Часцяком у іх зерне забіралася поўнасцю), 1 поп, 2 сектанты, 5 сераднякоў і 1 без вызначаных заняткаў. Але крыважэрны ОГПУ прагне “галоснага суда над абвінавачанымі”, і Масква развязвае рукі спецслужбам. 5 лістапада 1934 г. усім рэспублікам, на тэрыторыях якіх пражывалі немцы, ЦК ВКП(б) разаслаў шыфраваную тэлеграму “аб прыняцці рэпрэсіўных мер” аж да расстрэлу.

Неўзабаве з Беларусі ў Крэмль ляціць рапарт аб арышце “80 чалавек з ліку актыўных антысавецкіх элементаў, што дзейнічаюць у якасці агентаў нямецкіх консульстваў”.

У канцы снежня 1934 г. Нараўлянскі раён наведала спецкалегія Вярхоўнага суда БССР для правядзення паказальных працэсаў “аб контррэвалюцыйнай фашысцкай групіроўцы” з 15 чалавек. Прысланыя надоечы суда чатыром нараўлянцам маркі ўсе адрасаты дружна перадалі ў Міжнародную арганізацыю дапамогі рэвалюцыянерам “для перасылкі палітзэкам Германіі”. Як сведчаць архіўныя дакументы, паказальныя суды праходзілі “пры перапоўненай зале калгаснікаў і рабочых”. За атрыманыя маркі да расстрэлу прысудзілі 5 чалавек: кулака, трох сераднякоў і папа. Аб’яўлены прысуд “600 рабочых і калгаснікаў сустрэлі апладысментамі”.
Такая жахлівая атмасфера панавала тады на абсягах камуністычнай імперыі. Восенню 1934 г. нечакана забралі Івана Іосіфавіча Бажэйку і ўсе яго паперы разам з бібліятэкай, больш свайго бацьку дзеці не бачылі. Па загадзе зверху сям’ю выключылі з ліку калгаснікаў, пазбавіўшы ўсіх заробленых даброт. Застаўшыся без карміцеля і сродкаў для існавання, вялізная сям’я глынула “шчасця” ад бальшавіцкай улады. Сын Карл (1915 г.н.) тады вучыўся ў горадзе на агранома (усяго праз некалькі год яму давядзецца скласці сваю маладую галаву за чужыя імперскія інтарэсы дзесьці на Фінскай). Ганне было 17 год, Яўгені – 15 (загінула ў 1944-м за тыдзень да вызвалення Мінска, пакінуўшы Алене Міхайлаўне сваю немаўлятку Ірыну), Зыгмусю – 12, Ваціку – 11, а ўнучцы Гені – 2. Алена Міхайлаўна трымалася стойка, але ад невыказнага гора цяжка захварэла. У асірацелай хаце, дзе ўсё так нагадвала шчаслівыя гады, пякучы боль рабіўся невыносным. Бабуля больш не знаходзіла ні сну, ні спакою, і той жа восенню сабралася пакінуць Трусавічы.
Які характар трэба мець, каб рашыцца на такое: кінуць хату, гаспадарку, з падарваным здароўем і пяццю непаўналетнімі сарвацца ў невядомасць толькі з адной надзеяй, што, магчыма, удасца знайсці след любімага чалавека, якому зараз так неабходна дапамога, якога трэба ратаваць. (Ці не так калісьці адпраўляліся ў Сібір дзекабрысткі?) Але і ў горадзе яе чакала сцяна бальшавіцкага маўчання. Так і не змагла бабуля дазнацца ад усемагутнага НКВД, куды знік муж, бацька і карміцель.
Яшчэ доўгі час чулыя суседзі аберагалі пакінутую сядзібу з надзеяй, што раскіданая горам сям’я ўсё ж вернецца сюды. Хадзілі нават розныя легенды. Адна з іх: перад Другой сусветнай вайной нехта бачыў нашага дзядулю ў Гомелі, дзе быццам бы той працаваў дырэктарам знакамітага парку графа Паскевіча. Але такі факт не пацвердзіўся.
Як і мільёны іншых бязвінных, Іван Іосіфавіч Бажэйка стаў чарговай бальшавіцкай ахвярай толькі за тое, што ён беларус, які шчыра любіў сваю сям’ю, сваю мову, сваю Бацькаўшчыну, жыў і працаваў дзеля гэтага, што і з’явілася яго “цяжкім злачынствам” перад рускім бальшавізмам. Нават пяцёра непаўналетніх, пакінутых на руках адзінокай і хворай Алены Міхайлаўны, не спынілі жорсткага і нялюдскага глумлення камісараў над людзьмі з лясной глухамані. Для бальшавіцкай улады, мараль якой густа замешана на сірочых слязах, на людской крыві і касцях мільёнаў, нават зусім далёкія ад палітыкі чыстыя духам і сумленнем людзі – і тыя сталі небяспечнымі, лішнімі. Сталінскі генацыд 1930-х гадоў каштаваў беларускаму народу амаль два мільёны жыццяў. Адной з тых ахвяр стаў і наш дзядуля, які бясследна згiнуў, магчыма, у тых жа Курапатах пад шатамі дрэў, душу якіх ён так добра ведаў, шчыра любіў і ўсё сваё сумленнае жыццё зберагаў і песціў.

Аўтар: Браніслаў САРМОНТ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сколько стоит домашний повар?

Как правило, поваров в семью сегодня нанимают не так часто. Считается, что это барство, лишние расходы. Чаще приглашают няню или домработницу. Однако мало кто представляет, что личный повар поможет сэ

В Новогрудском районе застолье закончилось убийством двух человек

Посиделки компании из трёх человек окончилось ссорой и смертью двоих участников, третий обвиняется по уголовному делу.

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.