Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

У Мінску прайшоў гарадскі кірмаш вакансій.
6:00 11 мая 2017
17
Памер шрыфта

Мінскі палац культуры і спорту чыгуначнікаў гудзеў, як перапоўнены вулей. Нягледзячы на нязвыкла халодную для красавіка раніцу, народ усё прыбываў і прыбываў. Не, не на канцэрт зорак эстрады. Людзі самага рознага ўзросту, ад маладых да пажылых, прыйшлі сюды 19 красавіка ў пошуках працы. Так-так, на агульнагарадскім кірмашы вакансій, які арганізаваў камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, запрасіўшы 90 арганізацый, у тым ліку, зразумела, і буйныя прамысловыя прадпрыемствы сталіцы, прэзентавалі свабодныя працоўныя месцы.

Такога маштабу кірмашы, паводле слоў старшыні камітэта Жанны Аляксандраўны Рамановіч, традыцыйна праводзяцца два разы на год, дапаўняюць іх больш лакальныя, раённыя кірмашы, таксама закліканыя «сасватаць» жадаючых уладкавацца на годнае месца і патэнцыяльных працадаўцаў.

– Мы прапануем самыя розныя варыянты працы, ад пастаяннай да часовай, – распавяла Жанна Аляксандраўна, якая сустракала шматлікіх гасцей кірмашу каля ўваходу. – Па лічбах сітуацыя выглядае так: на аднаго беспрацоўнага – паўтары вакансіі. Гэта значыць праца ёсць, галоўнае, каб чалавек быў матываваны на яе.

Усім наймальнікам арганізатары кірмашу далі магчымасць распавесці пра перавагі працаўладкавання менавіта на іх прадпрыемствах і ў арганізацыях. Таму ўсталяваны ў холе ДК гучнагаварыцель вяшчаў амаль без перапынку, заклікаючы жадаючых запісвацца ў швачкі легендарнай кампаніі па вытворчасці жаночай бялізны «Мілавіца», развозіць абеды ў прыватным прадпрыемстве, якое спецыялізуецца на дастаўцы гарачай ежы ў офісы і на дом, атрымаць навыкі печніка або кветкавода ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі №7 будаўніцтва.

Тыя, хто прапусціў міма вушэй радыёрэкламу, мог самастойна падысці да любога стэнда на першым і другім паверхах будынка і атрымаць падрабязную кансультацыю наконт магчымай працы ці навучання па новай для сябе спецыяльнасці. І не толькі ад спецыяліста па кадрах, але і з вуснаў юрыста і псіхолага.

Я таксама прабеглася ўздоўж стэндаў і тэматычных секцый. На буйныя прадпрыемствы Мінска, якія ў часы маёй маладосці называліся “флагманамі індустрыі” (“Інтэграл”, “Атлант”, “Амкадор”, МТЗ) патрабаваліся слесары механазборачных работ і наладчыкі станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, у паліклінікі – урачы і медсёстры, у хоспісы – сядзелкі, а ў Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва спраў прэзідэнта – цырульнік-універсал і закройшчыкі адзення. Наколькі выгадна стрыгчы высокапастаўленых чыноўнікаў? – можа пацікавіцца дапытлівы чытач. Цытую абяцанне наймальніка: заробак – ад 520 рублёў у месяц.

Маладыя людзі з вельмі сур’ёзнымі тварамі тоўпіліся каля стэнда з надпісам “Крэатыўныя вакансіі”. Аказалася, нездарма: бізнес-інкубатар падбірае айцішнікаў, вэб-дызайнераў і іншых камп’ютарна-творчых геніяў, якім сёння без усялякай біржы працы нескладана знайсці, дзе прымяніць свае таленты.

А вось на тварах тройкі маладых дзяўчат, якія сцішыліся ля сцяны, я не заўважыла энтузіязму. Разгаварыўшыся, даведалася: Анастасія Тараноўская і дзве яе аднакурсніцы Ксенія і Таццяна з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка заканчваюць вучобу на платным аддзяленні, дзе няма абавязковага размеркавання. Таму прыйшлі сюды ў надзеі знайсці перспектыўны варыянт працаўладкавання, але будучых лагапедаў, на жаль, ні адна мінская медустанова не набірае.

Самае цікавае: родная ВНУ дзяўчат – БДПУ – прама на кірмашы прапаноўвала жадаючым прайсці двухгадовае навучанне і атрымаць новую спецыяльнасць. Напрыклад, па вэб-дызайне і камп’ютарнай графіцы, сацыякультурным забеспячэнні турысцкай дзейнасці або рэкламнай інфармацыі і камунікацыі. Платна, але са зніжкай: 620 рублёў замест традыцыйных 890 у год.

Як і Насця з сяброўкамі, не знайшоў на кірмашы падыходзячага для сябе варыянту і былы «афганец” Уладзімір Яўгенавіч, які 23 гады адпрацаваў аператарам аўтаматычных ліній і стаміўся ездзіць з Малінаўкі ў Гатава.

Звяртаўся ў кадравыя агенцтвы па дапамогу, але там патрабуюць грошы за пошук, – патлумачыў ён. – Я ім кажу: вы спачатку дапамажыце ўладкавацца і зарплату атрымаць, а потым мільён патрабуйце. Добра, праз інтэрнэт атрымліваю рассылку вакансій па сваёй спецыяльнасці. Нядаўна вось для Еўраопта анкету запоўніў, хоць больш на Інтэграл нацэльваўся. З інтэрнэту і пра цяперашні кірмаш даведаўся.

Значыць, тэндэнцыя камп’ютарызацыі прасочваецца: не толькі маладыя ў нас на “ты” з віртуальнай рэальнасцю!.. Адпаведна і шанцы працаўладкавацца тым, каму недалёка да пенсіі, узрастаюць.

Дэманстрацыя вакансій доўжылася тры гадзіны: з 10 раніцы да гадзіны дня.

Наколькі эфектыўнай яна аказалася, пакажа час. Дакладней, дэталёвы аналіз лічбаў па запоўненых і незапатрабаваных вакансіях, які, напэўна, зробяць у Камітэце па працы, занятасці і сацабароне Мінгарвыканкама, каб ацаніць і спрагназаваць на перспектыву сталічны рынак працы. Бо восенню агляд кадраў і вольных рабочых месцаў паўторыцца.

Сыходзіць з пустымі рукамі са шматлюднага кірмашу нікому не хацелася. Таму тыя, хто не знайшоў для сябе годнай вакансіі, бралі на памяць не толькі рэкламныя буклецікі, але і белыя паветраныя шарыкі, развешаныя ля ўваходу. Хочацца верыць, як сімвалы не капітуляцыі, а надзеі, ці не так?

Аўтар: Людміла СЯЛІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Бюджет 2018: кому добавят, кого ужмут

Депутат А.Канопацкая опубликовала «заранее» доходы и расходы республиканского бюджета, запланированные на следующий 2018 год.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» выступіць з незвычайнай праграмай

Ужо хутка, 9 снежня, на сцэне Вялікай залы філармоніі выступіць фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» - стыльныя, багемныя, ашаламляльныя Арцём Шышкоў, Дзіма Цыпкін і Сяргей Смірноў.

Вадим Сашурин: «Только от здорового человека можно ждать побед»

Наиболее титулованный белорусский биатлонист, на счету которого более полутора десятков наград зимних и летних чемпионатов мира, поменял профессию. Ныне он специалист по общефизической подготовке.