Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 9 чэрвеня 2017
10
Памер шрыфта

Апошнім часам толькі і чуецца: венчурныя фонды павінны прыйсці ў Беларусь. Што гэта за фонды і якая карысць будзе ад іх Беларусі?

Разбіраемся ў тонкасцях гэтай з’явы з аналітыкам даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандрам МУХАЙ.

– Венчурны фонд – гэта інвестыцыйная кампанія, якая ўкладвае свае сродкі ў малавядомыя, але перспектыўныя інавацыйныя праекты і прадпрыемствы, у так званыя стартапы. Але ж вядома – за свой кавалак ад агульнага пірага, – тлумачыць Аляксандр Муха. – Для многіх кампаній, якія толькі з’яўляюцца, венчурны фонд – гэта ледзь не адзіная крыніца атрымання сродкаў на развіццё бізнесу. А для фонду ў выпадку паспяховай рэалізацыі праекта ўкладзеныя інвестыцыі ператвараюцца ў даволі вялікі прыбытак.

Сёння ў свеце функцыянуе дастатковая колькасць венчурных фондаў. Самыя буйныя зарабілі на інвестыцыях мільярды долараў. У асноўным яны ўкладваліся ў вытворчасць IT-сектара.

– Таму цалкам зразумела, што нашы ўлады загаварылі аб тым, што трэба прыцягваць на беларускі рынак венчурныя фонды, – лічыць Аляксандр Муха. – У нас ужо ёсць прыклады паспяховых IT-стартапаў, у нас ёсць перспектыўныя, здольныя хлопцы нават на фоне зніжэння якасці адукацыі.

Дарэчы, нядаўна пра гатоўнасць адкрыць свой філіял у Мінску заявіў вядомы венчурны фонд Flint Capital з агульным аб’ёмам 100 мільёнаў долараў. Але толькі пры адной умове: «у выпадку прыняцця спецыяльных умоў для працы венчурных кампаній на тэрыторыі Беларусі”.

Рынак Беларусі для нас не новы, мы ўжо інвеставалі ў беларускі стартап OW Health, знаёмы з працай ПВТ і IT-акселератараў, – заявіў у сваім каментарыі для партала tut.by кіруючы партнёр Flint Capital Дзмітрый Смірноў. – Для нас важна наладзіць кантакт з беларускімі IT-прадпрымальнікамі для пабудовы вялікіх сумесных гісторый поспеху… Назва нашага фонду павінна стаць вядома любому стартапу, які нацэльваецца на якасны выхад на глабальны рынак.

820 мільёнаў і 3,5 мільярда

На пачатку гэтага года Парк высокіх тэхналогій не без гонару апублікаваў справаздачу аб сваёй дзейнасці за 2016 год. Статыстыка сведчыла, што ў параўнанні з 2015 годам аб’ём экспарту Парку павялічыўся летась на 16 працэнтаў і склаў 820,6 мільёна долараў ЗША.

Лічба немалая. Але калі, напрыклад, параўнаць з Ізраілем, які ў свой час таксама ўзяў курс на развіццё IT-сектара, то гэта капейкі. У апошнія гады аб’ёмы вытворчасці ізраільскага ІТ-сектара стабільна растуць, а экспарт перавышае 30 мільярдаў долараў(!) у год. Апошнія афіцыйныя дадзеныя ўвогуле сведчаць, што доля высокіх тэхналогій у ізраільскім экспарце складае 41%! Для параўнання: летась у перыяд са студзеня па кастрычнік экспарт беларускіх нафтапрадуктаў – аднаго з асноўных бюджэтаўтваральных сектараў краіны – склаў усяго 3,5 мільярда долараў.

Толькі ў самім Ізраілі сёння працуюць дзясяткі венчурных фондаў. А агулам венчурнымі фондамі ў 2015 годзе было інвеставана ў даследаванні і распрацоўкі ізраільскіх стартапаў амаль 5 млрд долараў, летась – паводле некаторых дадзеных – амаль 10 мільярдаў!

Ці ёсць у Беларусі венчурныя фонды?

Напрыклад, затрыманы нядаўна беларускімі праваахоўнікамі бізнесмен  Віталій Арбузаў з’яўляецца адным з трох генеральных партнёраў венчурнага фонда FVC, які быў зарэгістраваны ў амерыканскім Сан-Хасэ ў 2011 годзе. Паводле дадзеных аналітычнага рэсурсу crunchbase.com, FVC за гэты перыяд  прафінансаваў 75 перспектыўных праектаў у ЗША, Японіі, краінах Паўднёва-Усходняй і Паўднёвай Азіі на агульную суму 510 мільёнаў долараў. Але Беларусі ў гэтым спісе няма. Як і няма ў Беларусі і філіяла FVC.

Чаму ж у Беларусь не так актыўна, як хацелася б, ідуць IT-інвестыцыі?

– Відавочна, што замежных інвестараў  у Беларусі перш за ўсё клапоціць неабароненасць інвестыцый, – лічыць Аляксандр Муха. – Нам ёсць што ўдасканальваць у частцы заканадаўства па паляпшэнні дзелавога і інвестыцыйнага клімату. Гэта і абарона інфармацыі, і абарона правоў прыватных інвестараў. Я думаю, важна разумець, што многія венчурныя фонды прывыклі працаваць праз афшорныя юрысдыкцыі, і перш за ўсё для таго, каб абараніцца ад магчымых рызык, звязаных з нацыяналізацыяй, з рэйдарскімі захопамі і іншымі пагрозамі з боку дзяржавы. Таму, на мой погляд, няма неабходнасці цягнуць венчурныя фонды сілай у Беларусь, каб яны тут рэгістраваліся. Трэба проста рабіць больш прыязным заканадаўства, прыводзіць яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, і фонды будуць укладацца ў беларускія стартапы. І калі мы нацэлены на прыцягненне венчурных інвестыцый, то неабходна, напрыклад, прыняць пагадненне аб невыдаванні канфідэнцыяльнай інфармацыі, каб, калі работнік сыходзіць з кампаніі, то ён не мог скарыстацца атрыманай ім канфідэнцыяльнай інфармацыяй. Гэта вельмі важна для венчурных фондаў.

Варта адзначыць, што новы дырэктар Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі ўжо зрабіў заяву аб тым, што Беларусь замахнулася на тое, каб стаць IT-краінай, і дзеля гэтага будуць створаны ўмовы для прыцягнення венчурных фондаў. А кіраўнік партнёр Flint Capital Дзмітрый Смірноў у сваім каментарыі адзначаў, што пры стварэнні неабходных умоў «усё тое, што мы бачым у Ганконгу, Сінгапуры і іншых цэнтрах развіцця высокіх тэхналогій, можа быць рэалізавана і даступна ў Беларусі».

ДАРЭЧЫ

У верасні з’явіцца беларуска-кітайскі венчурны фонд

– Асноўныя рашэнні ўжо прыняты, – заявіў нядаўна старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін. –  Улетку мы плануем падрыхтаваць устаноўчыя дакументы, і да першага верасня заснаваць фонд. Паралельна мы падшукваем венчурныя праекты для таго, каб прафінансаваць іх за кошт беларуска-кітайскага фонду ўжо ў гэтым годзе.

Памер фонду складзе не менш як 20 мільёнаў долараў. Мяркуецца, што інвестыцыі будуць накіраваны ў галіну высокіх тэхналогій.

– Ідэя, вядома, добрая. 20 мільёнаў долараў па беларускіх мерках – сума нядрэнная, хоць і не амбіцыёзная, – кажа Аляксандр Муха. – Але наколькі апраўданы ўдзел дзяржавы ў венчурным фінансаванні? Трэба разумець, што рызыкі, звязаныя з рэалізацыяй інвестыцыйных венчурных праектаў, дастаткова высокія. І, як правіла, гэтыя рызыкі старанна аналізуе, узважвае, прагназуе прыватны інвестар. Таму ўзнікае цалкам заканамернае пытанне: у якой меры будзе эфектыўны венчурны фонд з удзелам дзяржаўнага капіталу і кітайскага боку? Куды будуць накіроўвацца сродкі? Якімі будуць крытэрыі адбору праектаў, ацэнкі эфектыўнасці, кантролю рэалізацыі і справаздачнасці? На жаль, у апошні час мы толькі і чуем аб карупцыйных схемах, пабудаваных з удзелам чыноўнікаў.

Але дачакаемся праверкі часам. У любым выпадку стварэнне венчурнага фонду – гэта тое пачынанне, якое трэба вітаць.

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Где хранить деньги?

Старший аналитик компании “Альпари” Вадим Иосуб рассказал “Народной Воле”, почему белорусы снова начали забирать валюту со срочных депозитов, и где сегодня лучше всего хранить сбережения.

Расследаванне гібелі вайскоўца ў Печах: 8 крымінальных спраў, некалькі чалавек затрымана

17 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў дэталі следства па справе гібелі Аляксандра Коржыча.

«Затрудняет работу врачей-трансплантологов»

Белорусские медики недостаточно информированы о посмертном донорстве. Такой вывод сделан на основе опроса более тысячи врачей Гродненской области.