Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 9 чэрвеня 2017
24
Памер шрыфта

Васіль ЗАДНЯПРАНЫ,

старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці:

– Калі партыі будуць мець магчымасць абірацца па спісам, яны змогуць уплываць на палітычнае жыццё. Тады нашы грамадзяне будуць зацікаўлены ў тым, каб браць удзел у працы партыі і тым самым уплываць на палітычныя і грамадскія працэсы. Сёння партыі ў нашай краіне знаходзяцца далёка не на першых ролях у палітыцы і, зразумела, незапатрабаваныя.

Да таго ж няма нармальных фінансавых магчымасцяў. У развітых краінах партыі, якія трапляюць у парламент, фінансуюцца дзяржавай.

Аляксей ЯНУКЕВІЧ, старшыня Партыі БНФ:

– Развівацца, станавіцца моцнай палітычнай сілай партыям перашкаджаюць жорсткія абмежаванні. Ціск і брутальны пераслед з боку ўлады на кожным кроку.

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА,

старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

– Адказваю адным словам: сістэма!

На гэтую сістэму працуюць дзясяткі тысяч чыноўнікаў, людзей пагонах, суддзяў. Трэба прызнаць, што яе можна перамагчы альбо волевыяўленнем большасці людзей, якія жывуць у краіне, альбо пратэстнымі акцыямі.

Партыі развіваюцца толькі тады, калі ёсць нармальныя ўмовы для развіцця. Каб партыі сталі моцнай сілай, трэба лічыць кожны голас выбаршчыка! Не трэба ім фінансавай дапамогі, нейкіх прэферэнцый ствараць. Проста палічыце галасы на выбарах сумленна, і ўсё стане на сваё месца літаральна за год. Тыя партыі, у якіх будзе падтрымка людзей, будуць развівацца. А тыя, у якіх няма ні праграм, ні ідэй, памруць. Але гэта павінен быць аб’ектыўны працэс, не штучны.

Вольга КАВАЛЬКОВА,

сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”:

– Мне падаецца, у першую чаргу гэта адсутнасць магчымасці звяртацца да людзей праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Сітуацыя з доступам да тэлерадыёэфіру павінна быць іншай. У нас ёсць шмат палітыкаў, але іх мала хто ведае. І другое – сёння многія далучыліся б да апазіцыйных партый, але баяцца рэпрэсій.

Анастасія ДАРАФЕЕВА,

старшыня Беларускай партыі “Зялёныя”:

– Мне падаецца, у Беларусі няма сапраўднага палітычнага жыцця, а таму і  няма моцных палітычных партый. Адсутнічае асяродак, у якім маглі б нармальна існаваць партыі. Няма дэмакратычных выбараў, няма партыйнага будаўніцтва.

Думаю, самае лепшае, чым могуць сёння займацца партыі, гэта ўдасканальваннем сваёй ідэалогіі.

Ірына ВЕШТАРД,

старшыня “Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)”:

– Адсутнасць справядлівых выбараў і правільнага падліку галасоў, адсутнасць магчымасці быць абранымі дэпутатамі нацыянальнага і мясцовага ўзроўняў – вось праблема з праблем. Калі б гэтыя чыннікі былі адпаведнымі, то ў людзей быў бы іншы стымул. Была б магчымасць мець нармальны парламент, уплываць на нейкія рашэнні ў дзяржаве. Любая палітычная партыя змагаецца за ўладу дэмакратычнымі шляхамі. І выбары – якраз такі шлях. Па сутнасці, выбараў у нас няма, таму і поспехаў у партый няма.

Уладзімір БЕЛАЗОР,

старшыня Рэспубліканскай партыі:

– Няма падтрымкі з боку дзяржавы, у тым ліку і фінансавай. Таму і партыі ў нас такія слабенькія. Нават такія палітычныя рухі, як “Белая Русь”, не маюць адпаведнага ўплыву на грамадства…

Вялікая колькасць членаў партыі таксама не сведчыць пра тое, што яна мае нейкі ўплыў на палітычныя працэсы ў краіне. Усё залежыць ад таго, наколькі партыя структурыравана, наколькі моцна вядзецца арганізацыйная праца. Сёння мала якая партыя працуе над удасканаленнем сваіх праграм. Няма глыбокага аналізу мінулых падзей.

Станіслаў ШУШКЕВІЧ,

старшыня партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”:

– Расказваю на канкрэтным прыкладзе. Для таго каб існаваць, нам трэба знаходзіць кожны месяц для дзяржавы тысячу долараў – каб аплачваць памяшканні, якія мы здымаем па камерцыйных коштах. І ў кожнай вобласці і Мінску мы павінны плаціць пад 200 долараў у месяц, каб мець офіс. Мы гэтага ўжо, шчыра кажучы, не цягнем.

Калі адкінуць матэрыяльны чыннік, то сёння дзейнасць партый не мае ніякага сэнсу. У нас усё не так, як у цывілізаваных краінах. Партыі не маюць правоў, не могуць нармальна праводзіць сваю працу. Для таго каб правесці мітынг, трэба атрымаць шмат дазволаў. І мы даўно махнулі на гэта рукой.

Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты таксама, на мой погляд, не мае ніякага сэнсу. Дэпутацкія спісы, давайце прама скажам, складаюцца загадзя, і асобы з Цэнтрвыбаркама дазваляюць фальсіфікаваць выбары. Фактычна ў нас няма ўмоў для існавання палітычных партый.

Сяргей ПАПКОЎ,

намеснік старшыні Партыі БНФ:

– Дыктатура перашкаджае. Зачыстка ўсяго палітычнага поля.

Сяргей КАЛЯКІН,

старшыня партыі “Справядлівы свет”:

– У першую чаргу – існуючая ў Беларусі палітычная сістэма. Робіцца ўсё для таго, каб людзі не маглі арганізоўвацца ў палітычныя партыі і каб палітычныя партыі не маглі рэалізоўваць свае функцыі.

Галоўная функцыя партыі – адлюстраванне палітычнай волі людзей. Ва ўсім свеце існуе пэўны набор інструментаў, якія выкарыстоўвае партыя, у тым ліку – дэманстрацыі, публічныя акцыі, пікеты, мітынгі, канферэнцыі, грамадскія абмеркаванні, у якіх павінны браць удзел і прадстаўнікі дзяржавы (у нас чыноўнікі вельмі рэдка адгукаюцца на такія запрашэнні). І нават зарэгістраваныя партыі сёння не могуць выконваць свае функцыі! Адзін з яскравых прыкладаў – у нас сёння арыштоўваюць актывістаў партыі за тое, што яны распаўсюджваюць інфармацыю пра партыю і яе пазіцыю па розных аспектах сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця краіны.

Існуе пераслед людзей па палітычных матывах. Гэты пераслед не толькі яўны, ажыццяўляецца таксама мяккае супрацьдзеянне, калі не рэкамендуюць быць сябрам той ці іншай партыі, калі не хочаш мець праблем з прасоўваннем па кар’ернай лесвіцы і гэтак далей. Гэта таксама абмяжоўвае людзей уступаць у партыю.

Георгій АТАМАНАЎ,

другі сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі:

– Перш за усё – недапрацоўкі саміх партый, слабая актыўнасць, адсутнасць працы з людзьмі. Мне падаецца, гэта самыя галоўныя прычыны. Вось мы нядаўна пленум правялі і якраз гаварылі пра тое, што трэба актывізаваць працу з людзьмі – па месцы жыхарства, каля пад’ездаў. Быць там, дзе народ.

Трэба, каб людзі ведалі партыйцаў у твар, маглі з палітыкамі наўпрост кантактаваць, абмяркоўваць нейкія пытанні. У нас жа многіх проста не ведаюць.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Какой фрукт способен омолодить организм на 17 лет

Специалисты из Нью-Йорка выяснили невероятные свойства этого плода.

Жители итальянских Венето и Ломбардии проголосовали за автономию от центральных властей

Жители итальянских северных областей Венето и Ломбардия на прошедших накануне референдумах высказались за автономию от центральных властей.

“Кожны з нас гісторык нацыянальны”. У Гродне адбылася канферэнцыя па паўстанні 1863-1864 гадоў

16 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы сабраліся 21-22 верасня ў Гродне, каб высветліць маштаб і наступствы паўстання 1863-1864 гадоў для Гродзеншчыны. Сярод іх з беларускага боку прафесары Вячаслаў Швед