Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Мы чуем шматлікія заявы кіраўніцтва краіны аб намеры правесці гэтыя выбары “спакойна” і ў поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі стандартамі ў галіне свабодных і дэмакратычных выбараў. Але ці магчыма такое ў сённяшняй Беларусі? Назіраючы за выбарамі ў краіне з канца 1990-х, у тым ліку за прэзідэнцкімі выбарчымі кампаніямі 2001, 2006, 2010 гадоў, мне падаецца, што гэта малаверагодна па наступных прычынах.
6:00 27 лiпеня 2015
14
Памер шрыфта

Прычына першая. Адсутнасць канкурэнтнага палітычнага працэсу ў краіне

У Беларусі ўжо даўно не існуе публічнага, канкурэнтнага палітычнага працэсу. Пры такой палітычнай сістэме выбары ператварыліся ў набор адміністрацыйных працэдур і ў рэальнасці не забяспечваюць рэалізацыю права грамадзян удзельнічаць у кіраванні сваёй краінай і права абіраць уладу. Нашы выбары ўсё больш і больш набліжаюцца да савецкіх стандартаў выбараў, асноўнымі складнікамі якіх з’яўляецца загадзя вызначаны вынік і харошы буфет. Асабліва гэта заўважна пры правядзенні парламенцкіх і мясцовых выбараў, калі выбаршчыкі, якіх “папрасілі” ўзяць удзел у галасаванні па месцы працы ці вучобы, не могуць узгадаць прозвішчы кандыдатаў, за якіх яны аддалі свае галасы, ужо на наступны дзень пасля выбараў і не ведаюць прозвішчаў пераможцаў на выбарах.

Прычына другая. Манапалізацыя СМІ

Правядзенне дэмакратычных і свабодных выбараў прадугледжвае не толькі наяўнасць празрыстых выбарчых працэдур. Немагчыма правесці свабодныя выбары ў несвабодным грамадстве, у грамадстве, дзе няма месца для плюралізму і галоснасці, а палітычныя апаненты, у тым ліку тыя, хто браў удзел у выбарах, сядзяць у турмах.

Як ва ўмовах манапалізаваных дзеючай уладай СМІ можа з’явіцца реальная альтэрнатыва дзеючай уладзе? З’яўленне альтэрнатыўных дзеючаму кіраўніку дзяржавы кандыдатаў на тэлеэкранах у парачцы г.зв. перадвыбарных тэледэбатаў (у запісе) ніякім чынам не ўплывае на агульную сітуацыю на фоне бязмежных інфармацыйных, адміністрацыйных і фінансавых рэсурсаў, якімі валодае дзеючы прэзідэнт. Тут ніякія кандыдацкія фонды не дапамогуць. Хто будзе фінансаваць кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў у краіне з 80% дзяржаўнай эканомікі і не развітым, запалоханым прыватным бізнесам? А што здарыцца з бізнесменамі і іх бізнесам, якія адкрыта наважацца фінансаваць такіх кандыдатаў (бо ананімныя ахвяраванні забаронены), можна толькі здагадвацца.

Прычына трэцяя. Адсутнасць незалежных выбарчых камісій

Не сакрэт, што выбары ў Беларусі праводзяцца не Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК) і нават не яе старшынёй Лідзіяй Міхайлаўнай Ярмошынай, а прэзідэнцкай вертыкаллю. Менавіта мясцовыя выканкамы, раённыя адміністрацыі, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, ВНУ і іх ідэолагі з’яўляюцца асноўнымі арганізатарамі выбараў. Менавіта яны адказныя за фарміраванне і склад выбарчых камісій усіх узроўняў, за забеспячэнне яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі, за забеспячэнне адпаведных вынікаў галасавання.

Фарміраванне камісій па “вытворчым” прынцыпе – з прадстаўнікоў аднаго і таго ж працоўнага калектыву – забяспечвае іх надзейнасць і кантроль. Апазіцыянерам там не месца. Таму ў камісіі трапляюць лічаныя асобы, вылучаныя ад апазіцыйных партый. Выканкамы вольныя самі вырашаць, каго ўключаць, а каго не. Тым больш што крытэрыі для кандыдатаў у камісіі законам не вызначаны. Так што і аспрэчыць у такім разе неўключэнне ў камісіі немагчыма, у тым ліку і ў судзе. У выніку маем цалкам падкантрольныя мясцовай выканаўчай вертыкалі выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, у тым ліку ўчастковыя, якія непасрэдна і лічаць бюлетэні пасля заканчэння галасавання. Арганізатарамі выбараў (маюць найбольшае прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях) традыцыйна выступаюць такія масавыя дзяржаўныя арганізацыі, як БРСМ, ФПБ, Саюз жанчын, РГА “Белая Русь” і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.

Так было і так будзе. Гэта аснова нашага выбарчага працэсу.

Прычына чацвёртая. Датэрміновае галасаванне

Згодна з выбарчым заканадаўствам, кожны выбаршчык, які не можа ўзяць удзел у галасаванні ў дзень выбараў, можа прагаласаваць датэрмінова на працягу пяці дзён. Ніякіх дакументаў, якія пацвярджалі б немагчымасць узяць удзел у выбарах у асноўны дзень, прад’яўляць не трэба. На практыцы гэта прыводзіць да неабмежаванага выкарыстання ўладамі адміністрацыйнага рэсурсу ў выглядзе “арганізаванага” датэрміновага галасавання студэнтаў, вайскоўцаў, жыхароў працоўных інтэрнатаў і проста працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Нярэдка гэта суправаджаецца фактычным прымусам да такога галасавання і груба парушае прынцып добраахвотнага ўдзелу ў выбарах, калі выбаршчык сам вырашае, ці браць яму ўдзел у галасаванні.

Традыцыйна колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова па краіне на выбарах, складае ад 20% да 30% выбаршчыкаў! Падобна, што ўлады выкарыстоўваюць датэрміновае галасаванне не толькі для забеспячэння яўкі на выбарах, але і для выканання іншых задач. Недарэмна Л.Ярмошына катэгарычна адмовілася задаволіць просьбы грамадзян аб устаноўцы відэакамер на выбарчых участках, якія б кругласутачна на працягу ўсіх пяці дзён і начэй назіралі б за захаванасцю выбарчых скрыняў.

Прычына пятая. Непразрыстая працэдура падліку галасоў

Непразрыстая працэдура падліку галасоў з’яўляецца, бадай, самай вялікай сістэмнай праблемай нашага выбарчага заканадаўства і найбольш крытыкуецца як нацыянальнымі назіральнікамі, так і міжнароднымі.

Сапраўды, тое, якім чынам павінен адбывацца падлік галасоў, ніяк не прапісана ў Выбарчым кодэксе. Кожная камісія сама вызначае такі парадак. Адзіным патрабаваннем закона з’яўляецца раздзельны падлік галасоў: з пачатку лічацца бюлетэні са скрыні для датэрміновага галасавання, затым – са скрыняў для галасавання па месцы жыхарства выбаршчыкаў у дзень галасавання, а затым ужо – бюлетэні са скрыні для галасавання ў дзень выбараў. Пры гэтым самі вынікі такога падліку (асобна па кожнай скрыні) толькі агучваюцца камісіяй, а ў пратаколе аб выніках галасавання ўказваецца сумарны вынік. Навошта? Каб не было дакументальнага пацвярджэння часам дзіўнага дысбалансу размеркавання галасоў на датэрміновым галасаванні і галасаванні ў асноўны дзень выбараў паміж кандыдатам ад улады і альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Словы да справы не прышыеш, як кажуць.

Сам жа падлік, як правіла, робіцца адразу ўсімі сябрамі камісіі, кожны з якіх лічыць свой невялікі стос бюлетэняў, запісвае вынік падліку на паперку і перадае старшыні камісіі. Старшыня камісіі падсумоўвае ўсе “паперкі” і запаўняе выніковы пратакол. Атрымліваецца, што праверыць ці адпавядае такі вынік рэальнаму падліку галасоў немагчыма, ды і няма каму (гл. раздзел пра склад камісій).

Пры такой сістэме падліку не тое што назіральнікі – самі сябры камісіі выніку не ведаюць. Менавіта таму нацыянальныя назіральнікі, прадстаўнікі апазіцыйных партый, а таксама БДІПЧ АБСЕ настойваюць, каб у Выбарчым кодэксе быў замацаваны такі парадак падліку, калі бюлетэні лічацца адным сябрам камісіі і кожны бюлетэнь дэманструецца як сябрам камісіі, так і назіральнікам, а таксама іншым асобам, якія маюць права прысутнічаць падчас падліку галасоў на ўчастку. Такая ж працэдура падліку прапісана і ў Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, падпісанай у г.Кішынёве 7 кастрычніка 2002 года і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь 4 студзеня 2014 года.

Прычына шостая. Немагчымасць паўнавартаснага назірання за ўсімі выбарчымі працэдурамі

Падчас назірання за выбарамі рознага ўзроўню мы неаднаразова адзначалі, што цэлыя этапы выбарчай кампаніі застаюцца па-за ўвагай назіральнікаў. Мы заўсёды зыходзілі з таго, што назіральнік мае права прысутнічаць і атрымліваць неабходную інфармацыю аб усіх выбарчых працэдурах і на ўсіх этапах выбараў, аднак на практыцы справа выглядае па-іншаму. Напрыклад, назіральнікам традыцыйна адмаўляюць у прысутнасці падчас працы тэрытарыяльных (акруговых) выбарчых камісій пры праверцы подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў ці то ў дэпутаты, ці ў прэзідэнты. Такім чынам, назіральнікі не могуць назіраць за гэтай працэдурай. Між тым Выбарчы кодэкс утрымлівае досыць падрабязнае апісанне, якім чынам адбываецца такая праверка, якія подпісы і падпісныя лісты прызнаюцца несапраўднымі. Такім чынам, улады маюць шырокія магчымасці для бескантрольных маніпуляцый пры праверцы сабраных подпісаў і адмове ў рэгістрацыі (ці наадварот) кандыдатаў у залежнасці ад пастаўленай задачы.

Таксама назіральнікам, зарэгістраваным у тэрытарыяльных камісіях, традыцыйна адмаўляюць у праве прысутнічаць у гэтых камісіях у момант перадачы выніковых пратаколаў і выбарчых бюлетэняў з участкаў для галасавання. Гэтая частка працэсу з’яўляецца цалкам негалоснай, закрытай, можа суправаджацца рознымі маніпуляцыямі і “карэкціроўкай” атрыманых пратаколаў.

Але самае галоўнае, што назіральнікі фактычна пазбаўлены магчымасці назіраць за працэдурай падліку галасоў. Усё, што бачыць назіральнік на ўчастку, – гэта спіны сябраў камісіі, якія ў поўнай цішыні ўсе разам лічаць бюлетэні (гл. раздзел “Падлік галасоў”). Пры такой сістэме падліку назіральнік не можа дакладна бачыць ягоны вынік.

Акрамя таго, копія пратакола, замацаваная подпісамі сябраў камісіі і пячаткай, назіральніку не выдаецца. Адпаведна, любая копія пратакола, вырабленая самім назіральнікам, не можа мець сілу доказу фальсіфікацый ні ў вышэйстаячай камісіі, ні ў судзе. Гэта проста паперка з лічбамі, якія “прымроіліся” назіральніку. Між тым пратаколы часам утрымліваюць лічбы, якія не стасуюцца паміж сабой і сведчаць аб магчымых фальсіфікацыях вынікаў і кепскай “рабоце з лічбамі”, праведзенай участковай камісіяй.

Знайсці ж інфармацыю аб выніках галасавання па ўсёй краіне з разбіўкай па кожным выбарчым участку краіны таксама немагчыма, бо такая інфармацыя нідзе публічна не размяшчаецца, што пазбаўляе сацыёлагаў, палітолагаў, назіральнікаў магчымасці правядзення аналізу гэтых дадзеных.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.