Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Прачытала артыкул Алега Волчака ў “Народнай Волі” ад 30 чэрвеня 2015 года “Я люблю цябе, мама!” і зашчымела сэрца, забалела душа. Выказваю Алегу шчырае спачуванне, бо добра разумею яго, сама перажыла такое гора.
1:55 20 лiпеня 2015
9
Памер шрыфта

Маці… Ці ёсць больш блізкі чалавек, чым маці? Мая маці 15 гадоў таму адышла туды, адкуль ужо ніколі не вяртаюцца. Да думкі, што яе няма, не магу прывыкнуць дагэтуль, а першыя гады кожны дзень спяшалася дахаты, каб падзяліцца навінамі з ёю, самай роднай і блізкай. І толькі на парозе хаты схамянешся – а яе ж няма… няма. Няма!

Нарадзілася мая маці, Марыя Васільеўна Літвінкевіч, 7 красавіка 1932 года ў вёсцы Альманы Столінскага раёна, што на Брэстчыне. На Благавешчанне нарадзілася, на вялікае свята. Шчаслівая будзе, казалі. Шчаслівая… 

Калі пачалася вайна, ёй было ўсяго дзевяць гадкоў. Праз усё жыццё пранесла мая родная жудасны ўспамін – як яны з сяброўкай на лузе кветачкі збіралі, а тут прыляцелі нямецкія самалёты “рамы”. Дзяўчаткі былі ў белых хустачках, вельмі прыкметныя на зялёнай траве. Адзін самалёт пачаў ганяцца за імі, яны схавацца хацелі, але трава была невысокая. Самалёт зрабіў некалькі заходаў над імі, з кожным разам спускаючыся ніжэй да зямлі. Нават уявіць сабе цяжка, што перажылі малыя, як ім было страшна ад жудаснага завывання жалезнай птушкі над імі. Мама нават убачыла лётчыка, які рагатаў, што яны бегаюць, мітусяцца па лузе і паратунку не знаходзяць. Жывыя засталіся, бо ён “забаўляўся” з дзецьмі, але дзякуй богу не страляў! Потым восенню 1942 года вёску спалілі, каб не дапамагалі партызанам. Перад тым як паліць вёску, немцы раніцай сабралі ўсіх жыхароў на галоўнай плошчы. Выганялі на збор усіх сілком, бабуля Ганна, маміна маці, толькі паспела на сняданак напячы аладак, але паснедаць не паспелі. Дык мая матуля, пакуль усе стаялі на плошчы, паспела дадому збегаць і прынесці тых бліноў тату, маме, брацікам і сястрычцы!

Вёску спалілі, а людзі пагрузілі свой няхітры скарб на вазы і паехалі хто куды. Амаль усе хаваліся ў лесе, жылі ў буданах зімой і ўлетку. Два гады нашы туляліся ў лесе, за гэты час нарадзіўся самы малодшы мамін брацік Сямён, усеагульны любімчык, які памёр самы першы з дзяцей іх сям’і ў пяцьдзясят гадочкаў.

Калі Століншчына была вызвалена ад немцаў у 1943 годзе, майго дзеда Васіля Сямёнавіча забралі на вайну. Не вярнуўся ён, загінуў. Засталася бабуля Ганна з пяццю дзеткамі гора гараваць. Мы ведаем, як цяжка было ў пасляваенныя гады. Маці мая павучылася два гады ў школе – адзін год да вайны і яшчэ адзін год пасля вайны. Вучыцца далей вельмі хацела, але трэба было дапамагаць маме, пайшла працаваць у калгас. Працавала так, што ніхто з ёю параўнацца не мог, за любую справу бралася. Казала, пасля вайны такія шчаслівыя былі, што перажылі такое гора, столькі радасці было ў душы, ніякія цяжкасці не палохалі,. 

Выйшла замуж за нашага бацьку ў дваццаць гадоў, ды нямнога шчасця ім было адмерана. Спачатку памерлі адно за адным двое дзетак, дзве дочачкі – Галінка і Ірынка, потым і сам бацька ад цяжкай хваробы памёр у 1960 годзе, калі мне было тры гады, а сястрычцы Ніне ўсяго тры месяцы. Засталася мая матуля ў 28 гадоў удавой і больш ніколі замуж не выхадзіла.

Працавала ўсё жыццё ў калгасе, дома ўсю работу і жаночую, і мужчынскую рабіла сама, не прасіла дапамогі ні ў кога. Касіла яшчэ лепей за некаторых мужчын, потым зімою гэтае сена з балота вывозіла саматужкі санкамі – сама ўпрагалася замест каня, а мы з сястрой дапамагалі як маглі – ззаду ўпіраліся віламі. Дровы нарыхтоўвала сама, сама іх вывозіла. Мясцовы брыгадзір не раз адбіраў у яе сякеру або пілу, бо нельга было нарыхтоўваць дровы ў калгасным лесе. Колькі ёй паплакаць прыйшлося з-за гэтага, але нікому да гэтага справы не было. Хапіла маёй матулі гора цераз край! Але яна не апускала рукі, спраўлялася. Я не помню, каб мы з сястрой былі галодныя, босыя ці голыя. Прысмакаў не было, але хлеб не выводзіўся. Кожную зіму матуля спраўляла нам паліто і боты, на кожнае свята сама шыла нам сукенкі. Дзяцінства наша было радаснае і шчаслівае. І ўсё гэта дзякуючы нашай маме. Матуля ўсё жыццё імкнулася так жыць, каб мы не адчулі таго, што ў нас бацькі няма. Мы з сястрой вельмі любілі маму, хоць часам, як і ўсе дзеці, былі няўважлівыя да яе, эгаістычныя. Па характары яна была стрыманая, скупая на ласкавыя словы, але ўсім сваім жыццём мама паказала, як моцна яна нас любіла.

Пакуль жыве маці – чалавек моцны і абаронены ад усіх нягод, калі яна пакідае гэты свет – робіцца слабым і безабаронным…

Марыя Лазавік,
настаўніца гісторыі.

Жабінкаўскі раён 

Брэсцкай вобласці.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.
17 снежня 2017

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).