Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:52 26 студзеня 2017
6
Памер шрыфта

 «На працягу апошніх 25 гадоў ты была не проста маёй жонкай і маці маіх дзяцей. Ты заставалася маім лепшым сябрам», – гэтыя словы Барак Абама сказаў у  развітальнай прамове на жонкі Мішэль.

Чытаў неяк, што ў маладосці Барак Абама меў манеру раскідваць па хаце брудныя майкі ды шкарпэткі. Жонка, задзяўбаўшыся з гэтай нагоды (і, баюся, не толькі з гэтай), здаралася, не размаўляла з мужам, а пісала яму запіскі. А Барак, чытаючы іх, крыўдаваў: я, маўляў, думаю пра тое, як свет палепшыць, а ты да мяне сунешся з нейкімі шкарпэткамі!

Не ведаю, як вам, шаноўныя чытачы, а мне падабаецца гэткі тып людзей.

Але тады гэта быў малады юрыст. Стаўшы прэзідэнтам і маючы для гэтага пэўныя магчымасці, не дужа, па праўдзе кажучы, ён свет палепшыў. Але ж, дзякуй Богу, і не надта згадзіў. Дый наогул не згадзіў, па праўдзе, а многае і зрабіў.

Баюся, што пры Дональдзе Трампе давядзецца яшчэ не раз згадваць Абаму добрым словам.

«Мы не можам адмовіцца ад барацьбы за дэмакратыю, правы чалавека, правы жанчын і ЛГБТ ва ўсім свеце. Якімі б недасканалымі ні былі нашы намаганні – гэтак мы абараняем Амерыку. Змаганне супраць экстрэмізму, ксенафобіі, міжканфесійнай варожасці і шавінізму – вельмі блізкае да змагання супраць аўтарытарызму і агрэсіі. Калі ў свеце скарачаюцца свабоды і парушаецца перавага закону, дык узрастае небяспека вайны паміж дзяржавамі» (з развітальнай прамовы Б.Абамы).

І – асабліва ўлічваючы, хто прыйшоў на змену, – вельмі шкада, што ён сыходзіць.

Гэта, канешне, асобная тэма. Аднак нездарма ж Абама і на апошняй у сваім прэзідэнцтве прэс-канферэнцыі, і ў гэтай прамове столькі казаў пра амерыканскія каштоўнасці і важнасць іх захоўвання: гэта значыць ён адчувае небяспеку. Нездарма ж пуцінцы дапамагалі Трампу (наколькі гэта паўплывала на вынік выбараў, невядома, але сам факт шмат пра што сведчыць).

Расійскі аналітык Уладзімір Абарынаў, які жыве ў Нью-Ёрку, разважаючы пра сістэму стрымак і супрацьваг, якая ў кожным выпадку не дасць Трампу «адбіцца ад рук», выказвае хваляванне: «Насамрэч эфектыўнасць сістэмы падзелу ўлад – гэта вынік канвенцыі. А Дональд Трамп – парушальнік канвенцый. Праз чатыры гады амерыканцы могуць проста не пазнаць сваю краіну». 

Не, я не думаю, што Трамп кінецца ў абдымкі да Пуціна. Але ў тым, што правам і свабодам чалавека (і ў саміх ЗША, і тым больш па ўсім свеце) Трампава адміністрацыя будзе надаваць значна менш увагі, сумненняў амаль няма.

І мы ўжо бачым, што еўрапейскія палітыкі заклікаюць Трампа не праяўляць мяккасці да Расіі, не пакідаць па-за пільнай увагай Украіну…

З Абамам было наадварот: ён падштурхоўваў еўрапейскіх лідараў да больш рашучых дзеянняў.

Шчасліва, пан Абама! Good luck!

Вадзім КАЗНАЧЭЕЎ – спецыяльна для “Народнай Волі”.

Аўтар: Вадзім КАЗНАЧЭЕЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.