Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 20 чэрвеня 2017
10
Памер шрыфта

Маці, якая не бачыла сваіх дзяцей

Яна не бачыць ужо больш за дзесяць гадоў. Жыве ў вёсцы Узмёны  Міёрскага раёна з мужам і двума сынамі-школьнікамі. Сюды жанчына пераехала з Украіны, калі была яшчэ дзіцём.

У двары – шмат клумбаў і дэкаратыўных фігурак жывёл. Парадкам Сафія  займаецца самастойна.

Хочацца, каб было прыгожа, кажа гаспадыня, запрашаючы ў хату. Ёсць некалькі падзяк за чысты двор. У некаторых відушчых трава да акна дастае, а я хачу, каб у мяне нармальна было. Вось і фігурак розных для прыгажосці купляю.

Сафія Гуз стала губляць зрок імкліва: літаральна за год «пазбавілася» абодвух вачэй. Сваіх дзяцей практычна ніколі не бачыла.

Толькі на старэйшага паспела паглядзець да 5 месяцаў, успамінае жыхарка Узмён. Медыкі паставілі дыягназ адслаенне сятчаткі і катаракта. З-за чаго гэта адбылося, ніхто не ведае. Магчыма, на нервовай глебе. У родзе такіх хвароб не было.

Пасля страты зроку давялося пакінуць працу швачкі і прыстасоўвацца да новага жыцця. Усе паходы да ўрачоў заставаліся без выніку. Цяпер, паводле слоў маці двух дзяцей, яе не выратуе ўжо нават самая дарагая аперацыя.

Сёе-тое па хаце Сафія можа рабіць сама. Але асноўную працу па гаспадарцы ў вёсцы выконваюць муж і сыны.

Як прызнаецца Сафія, самае страшнае для жанчыны – гэта быць побач са сваімі дзецьмі, але не бачыць іх.

Я бачу каляровыя сны, дзе пазнаю сыноў, кажа гаспадыня хаты. Калі б пачала бачыць, то пазнала б іх з сотні. Пры зносінах з людзьмі ў мяне складваецца псіхалагічны партрэт, які я сабе ўяўляю.

З марай пра мора

Акрамя дызайну ўласнага двара Сафія займаецца бісерапляценнем і іншымі рамёствамі. Яе працы неаднаразова адзначаліся граматамі на розных конкурсах. Напрыканцы мінулага года жанчына выдала зборнік вершаў.

Захапляецца таксама спортам: на нядаўніх спаборніцтвах заняла першае месца ў бегу на 60 метраў і адцісканнях.

– Лічу, што трэба ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў для інвалідаў ўзнагароджваць, – разважае жанчына.

Стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі сёння пакідае жадаць лепшага. Працаўладкавацца інваліду (асабліва ў правінцыі) практычна немагчыма, а калі і пашанцуе, то праца нізкааплатная.

Я ўспрымаю жыццё такім, якое яно ў мяне ёсць, – кажа Сафія. – Тым людзям, якія не ўстаюць з ложка, думаю, яшчэ складаней.

Вядома, і дэпрэсія часам навальваецца, але духам не падаю, а калі сумна робіцца, то з сяброўкамі збіраемся і ў рэстаран едзем (смяецца).

Сафія, а пра што марыце?

– Хацела б мець сабаку-павадыра, але ён каштуе не адну тысячу долараў. З ім бы, вядома, прасцей было перасоўвацца: і ў краму, і да суседзяў. Дзеці растуць, у іх свае справы з’яўляюцца. Ды і проста часам адной хочацца пабыць, падумаць пра сваё. Ну і на моры я ніколі не была. Хоць сваякі ў Адэсе жывуць, запрашаюць, а ўсё ніяк не даеду. Так што пакуль мора мне Заходняя Дзвіна замяняе.

Фота аўтара.

Аўтар: Раман ВАСЮКОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Какой фрукт способен омолодить организм на 17 лет

Специалисты из Нью-Йорка выяснили невероятные свойства этого плода.

Жители итальянских Венето и Ломбардии проголосовали за автономию от центральных властей

Жители итальянских северных областей Венето и Ломбардия на прошедших накануне референдумах высказались за автономию от центральных властей.

“Кожны з нас гісторык нацыянальны”. У Гродне адбылася канферэнцыя па паўстанні 1863-1864 гадоў

16 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы сабраліся 21-22 верасня ў Гродне, каб высветліць маштаб і наступствы паўстання 1863-1864 гадоў для Гродзеншчыны. Сярод іх з беларускага боку прафесары Вячаслаў Швед