Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 27 снежня 2016
9
Памер шрыфта

Чарговы з’езд Беларускага саюза мастакоў распачаўся з Моцарта – некалькі кампазіцый выканаў ансамбль салістаў “Метамарфозы”.

“Наша праца павінна пачынацца з прыгожага і атуляцца прыгажосцю”, – адкрыў мерапрыемства Рыгор Сітніца, які апошнія тры гады кіраваў Саюзам і пераабраны на новы тэрмін.

Меркавалася, што выбары будуць безальтэрнатыўныя, але на пасаду старшыні балатаваўся яшчэ і малады скульптар Аляксандр Шапо, якога назвалі “някепскім апанентам”. Сітніца перамог з вялікім адрывам. “Тут ніякай інтрыгі не было”, – каментуюць мастакі.

Мастакі працуюць на вечнасць

“Калі мяне абралі на пасаду старшыні, першыя мае словы былі аб тым, што я буду старшынёй для ўсіх, – сказаў Рыгор Сітніца ў справаздачы на з’ездзе. – Я вельмі ўдзячны тым, хто тады галасаваў за мяне, і не маю ніякіх прэтэнзіяў да тых, хто выступіў супраць…

Мае высілкі былі пакладзены на тое, каб мы памірыліся, супакоіліся, каб урэшце пачалі нешта даводзіць адзін аднаму мастацкімі творамі…

…Пафасныя словы, але мы працуем на вечнасць. Пра беларусаў згадаюць па нашых творах”.

Велізарныя даўгі!

Канкрэтнай карціны фінансавага становішча Саюза мастакоў Рыгор Сітніца маляваць не стаў.

Я добра ведаю, як цяжка мастакі ўспрымаюць нейкія велізарныя лічбы, – адзначыў Сітніца. – Таму не буду вас грузіць, тым больш што ўсім членам Савета мы раздалі падрабязную інфармацыю аб эканамічным стане нашага саюза. Магу толькі канстатаваць, што шмат якія паказчыкі мы падвоілі і нават патроілі. Хіба толькі ў два ці тры разы паменшыўся заробак старшыні, і гэта таксама факт…”

Уражлівыя лічбы агучыў старшыня рэвізійнай камісіі Саюза.

“Як вядома, кожная грамадская арганізацыя мае свае сяброўскія складкі, – адзначыў ён. – Запазычанасць па складках з боку мастакоў складае на сённяшні дзень 90 мільёнаў рублёў па старых коштах. Велізарныя сумы завісаюць за мастакамі па аплаце творчых майстэрань – на сённяшні дзень гэта 900 мільёнаў. Дзяржава спісвае гэтыя сумы з рахункаў Саюза”.

Міністр культуры Барыс Святлоў, які выступіў перад мастакамі з даволі афіцыйнай прамовай, паабяцаў, што бліжэйшым часам пытанне аб зніжэнні дзеючых тарыфаў на цеплазабеспячэнне для творчых майстэрань будзе вырашана прынцыпова, але толькі пасля 3 лютага – з гэтага дня пачынае працаваць Кодэкс аб культуры.

Міністр уручыў некаторым мастакам граматы і нагрудныя знакі за ўклад у развіццё культуры, а Сітніца падараваў чыноўніку кнігу народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржпрэміі Віталя Цвіркі, выдадзеную Канфедэрацыяй Саюза мастакоў у Маскве. “Гэта ўнікальны фаліянт, які належным чынам ушаноўвае нашага геніяльнага жывапісца”, – адзначыў Сітніца.

Суполка “Пагоня” шукае сенсацыі?

Даволі рэзка крытыкавалі на з’ездзе суполку “Пагоня”. Паводле слоў таго ж старшыні рэвізійнай камісіі, яна прагне “хоць якой-небудзь сенсацыі, але тыя сенсацыі ўсё драбней і драбней”.

“Суполка “Пагоня” апошнім часам здрабнела, некаторыя мастакі наогул адтуль павыходзілі, і сёння пра “Пагоню” чуваць менавіта з нагоды нейкіх скандалаў. А хацелася б, каб гаварылі перш за усё пра высакаякаснае мастацтва! Ніякай палітыкі тут няма, паверце мне”, – выказаў сваё меркаванне Сітніца.

Вядомы мастак Аляксей Марачкін лічыць, што крытыка на адрас “Пагоні” незаслужаная.

“Наша творчая суполка проста не ўкладваецца ў ацэначную сістэму, мы бяром вострыя тэмы, у тым ліку палітычныя, зразумела, гэта не ўсім падабаецца, – гаворыць Марачкін. – У мяне такое адчуванне, што кіраўніцтва саюза (дай Бог яму здароўя!) проста хоча падчысціць людзей, якія для іх, скажам так, не зусім зручныя.

Мяне з’езд не задаволіў, таму што не было размовы пра мастацтва, засяродзіліся на фармальных пытаннях. Раней гаварылі пра тэндэнцыі, развіццё мастацтва, мастацтвазнаўцы рабілі аналіз. І нам гаварыць ёсць пра што!

Ну і калі ўзгадваць ранейшыя часы, то тады на з’езд Саюза мастакоў у абавязковым парадку прыходзіла віншаванне ад першай асобы краіны. І Машэраў, пры якім быў пабудаваны Палац мастацтва, апекаваўся творцамі…”

ЗАКУЛІССЕ

Колькі каштуе?

На пачатку з’езда некаторыя мастакі цікавіліся, у якую суму абышлася арэнда Палаца прафсаюзаў, дзе праходзіў з’езд:

Тры гады таму мастакі абіралі старшыню ў Палацы мастацтва, які належыць БСМ, але сёлета з’езд праходзіў у Палацы прафсаюзаў, бо было вырашана, каб на з’ездзе прысутнічаў кожны другі мастак. У Палацы мастацтва пасадзіць такую колькасць людзей немагчыма.

У кулуарах дасведчаныя людзі агучвалі лічбу ў 15.000 беларускіх рублёў (прыблізна 7,5 тысячы долараў).

Варта адзначыць, што мастакоў яшчэ кармілі абедам.

ДАРЭЧЫ

Віктара Карамазава прынялі ў Саюз мастакоў

Славуты беларускі пісьменнік – аўтар шматлікіх твораў, прасвечаных вядомым беларускім мастакам.

Цяпер Віктар Філімонавіч – ганаровы сябра Саюза.

Аўтар: Марына ВІШНЕЎСКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.