Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Сёння ў беларускіх здраўніцах б’юць трывогу: колькасць адпачываючых значна ўпала, і некаторыя нумары застаюцца пуставаць. Безумоўна, сваю долю ў такое становішча ўнеслі не надта танныя пуцёўкі і адток курортнікаў з усходу – праблемы ў расійскай эканоміцы і фінансах ахаладзілі летні імпэт суседзяў. Але ж значную ролю, варта прызнаць, тут адыгрывае і ўзровень уладкаванасці гасцей: бо калі сёння чалавек жадае адпачыць, то яму павінны стварацца належныя ўмовы. Ясна – трэба паляпшаць сэрвіс, бо ён тут у многіх здраўніцах  яшчэ кшталту 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
6:00 3 лiпеня 2015
12
Памер шрыфта

Раней раённыя ўлады (тады возера яшчэ не належала нацпарку) вельмі ўважліва сачылі за парадкам, забараніўшы ў неадведзеных месцах спыняць асабістыя легкавушкі, разбіваць палаткі і начлежыць разгульным кампаніям, якія бяздумна наносілі шкоду акаляючай прыродзе.

Цяпер тут усё перакруцілася, пра колішні парадак мясцовыя жыхары і прыезджыя толькі ўспамінаюць. Праўда, аўтамабільныя знакі на дарозе засталіся. Але ўражанне такое, быццам усялякія законы тут закапаны пад зямлю. Аднойчы ўлетку на ўзбярэжжы паміж вёскамі Сіманы і Чараўкі проста пад знакамі “Стаянка забаронена”, паводле маіх сціплых падлікаў, сабралася больш за 120 машын. Усяго за пяць-дзесяць метраў ад вады пад кустамі, якія ценяць яркае сонечнае святло, разбіваюць палаткі. Да позняй ночы дымяцца вогнішчы, галёкаюць п’яныя галасы, стукаюць сякеры, трашчаць маладыя дрэвы…

Што застаецца пасля дзікіх, іначай не скажаш, атар? Чорныя вялікія выжарыны на стаптанай траве, кучы смецця. Горы пластыкавых бутэлек, якія ганяе парывісты вецер па беразе. Бітае шкло з-пад пляшак гарэлкі і віна, пустыя бляшанкі з-пад кансерваў… Рваныя цэлафанавыя пакеты з недаедкамі, хмары тлустых чорных мух, агідны смурод, ад якога забівае дыханне і пачынае ванітаваць… 

Улетку ў некаторых мясцінах каля стаянак падобных “турыстаў” падаецца, нібы ты патрапіў, прабачце, у прыбіральню на якім зарынутым вакзале ў далёкім райцэнтры, куды не заязджае начальства. Што й казаць, “вабная” карціна!

Адсутнасць на берагах азёр сучаснага, звыклага для цывілізаваных краін камфорту не павышае, зразумела, цікавасці патэнцыяльных курортнікаў да нашых мясцін. Закінутыя пустыя турстаянкі неабходна прыводзіць у належны, прыстойны выгляд. Тут мы распісаліся ў сваёй ляноце, няўменні і безгустоўшчыне. Нават пляжы да гэтага часу не ўладкавалі па еўрапейскіх мерках.

…Звычайна турыстаў за мяжой прымаюць вельмі ветліва, засяляюць у акуратныя гатэлі, хаця, папраўдзе, і там страчаюцца асобныя казусы і недарэчнасці. Але рэдка. Прыгожыя пясчаныя пляжы, як і марское дно блізу берага, – вычышчаныя і дагледжаныя, бяжыш да вады – нібы дробназярністы цукар перасыпаецца пад нагамі. Першы раз, патрапіўшы туды, дзівішся: дзе ж яны панабіралі такога пяску і чым яго прасітавалі? Або: ты заседзеўся ў гатэлі і не паспеў заняць месца пад вялізнай страхой ад сонца? Не турбуйся і не папракай сябе за жаданне раніцай даўжэй паспаць. Калі месца ў цяньку не хапіла, можна ўзяць за мізэрную плату вялізны парасон на доўгай ножцы. Да тваіх паслуг –  лёгкія лежакі і чыстыя матрацы. Адпачывай на здароўе!

У турэцкім горадзе Аланья на беразе Міжземнага мора на кожным гатэльным пляжы ты маеш права, каб збіць сонечную спякоту, папіваць ахалоджаныя сокі і розныя юпі-напоі, прытым зусім бясплатна. Без грошай можаш смакаваць добрыя сухія віны і светлае мяккае піва ў гатэльным рэстаране.

Акуратныя душавыя кабіны – абавязковы атрыбут нармальнага пляжнага жыцця. Пра прыбіральні з сучаснай сантэхнікай, высокай бытавой культурай і гаварыць не варта: XXI стагоддзе на дварэ!

Там адпачываеш ты, адпачываюць вакол цябе. Атмасфера добрага настрою пануе і сярод экскурсантаў на шматлікіх цеплаходах, цікаўныя турысты гатовы падарожнічаць і на невялікіх маторных лодках, што дастаўляюць жадаючых на агляд берагоў і багатай расліннасці. А ў небе, здаецца, пад самымі аблокамі, лунаюць паветраныя шары – там з вялізных кабінак нядаўнія пляжнікі ўзіраюцца ў мясцовыя краявіды. Пад вясёлыя крыкі гледачоў мірэжацца ў паветры каляровыя, розных формаў, паветраныя змеі – кайты, імкліва цягнучы па марскіх хвалях кайтборды. Велічныя крылы віндсёрфаў на хвалях захапляюць турыстаў. Для аматараў кайтсёрфінгу выдзелены свае асобныя месцы, каб яны нікому не перашкаджалі, і тыя гарэзліва гуляюць з паветранымі змеямі. За імі сочаць дзясяткі гледачоў.

Вяртаючыся ж да маёй любай Нарачы, трапляеш у палон зусім іншага настрою. Зазірнеш на які пляж – часта робіцца мутарна. Прамытага дробнага пяску, на якім так балдзёжна ляжаць пасля купання, сюды з возера не завезлі, большасць чарназёмных і сугліністых месцаў пазарастала дзікай травой, вока муляць павыбіваныя шэрыя каляіны. Быццам ты трапіў на закінутую вясковую дарогу, куды гадоў дваццаць не зазіралі рамонтныя службы.

Прытулкі для загару ўзведены спехам, абсталяваны абы-як. Знайсці нармалёвую прыбіральню і то не надта проста. Два гады таму мне давялося адпачываць на возеры Рудакова – адным з самых чыстых у Беларусі. А пасля я трапіў на возера Белае ў пяці кіламетрах ад Мядзела. Народу на выхадныя тут сабралася цемра, берагі запоўнены мясцовым і прыезджым людам. Каб пераапрануцца ў пляжнае адзенне, трэба хавацца, азіраючыся па баках, далей ад людскіх вачэй, углыбі лесу ды за густым кустоўем. І нідзе – ні-вод-най прыбіральні! Не знайшлі магчымасці абсталяваць нават маленькі драўляны дамок-“шпакоўню” з выразаным “яблычкам” у тоўстай дошцы, з якога так моцна пацяшаюцца замежнікі з Еўропы. Некаторыя з іх нават займаюць чэргі каля іх з адной мэтай – зняць на відзік нашу бытавую культуру.

Божа мілы, і чаму мы так аселі ў чорную яму сацыяльна-бытавога ўбоства?! Чаму церпім без сораму, што вакол нас такая аголеная антысанітарыя?!

Апошнім часам з’явілася паняцце “экатурызм”, пра яго пачалі гаварыць і пісаць. Менавіта цывілізаваным экатурызмам мы маглі б ахапіць вялікую частку насельніцтва Беларусі, прапанаваць яго аматарам захапляльных вандровак з-за яе межаў. І тады ініцыятары новых падарожжаў, жадаючыя адпачыць на ўлонні казачнай прыроды, шырокай плынню пацякуць да нас, нібыта веснавым разводдзем бурлівая рэчка.

У выніку на новым экатурызме мы раскруцім сваю дзейнасць і пачнём прыносіць даход у бюджэт дзяржавы. Ці ж не крыўдна сёння: маем такі прыгажэнны, непаўторны край, але не ўмеем зарабляць на гэтым!

За адносна невысокі кошт турысты маюць зараз магчымасць спыніцца ў курортных доміках на беразе Нарачы і каля возера Мястра. Але ж гэта – кропля ў моры, бо такіх дамкоў узведзена надта мала. А так вакол возера паназбіралася турыстычных аўтастаянак, дзе летам набіваецца свайго народу, бы селядцоў у бочцы… Туды ў выхадны дзень не толькі не заедзеш на аўтамабілі – нават без машыны не прапхнешся. Праўда, тут ёсць вада і нават адна (усяго адна!) драўляная грамадская прыбіральня: дасягненне ого якое! На беразе рэчкі змайстраваны альтанкі рознай канфігурацыі. Каб раскласці вогнішча, знойдзеш і нарыхтаваныя дровы, за якія, праўда, з цябе здзяруць даволі вялікі куш. Невялічкі буфет на стаянцы каля вёскі Антанізберг прапануе пітво з булачкамі. Але дзе размясціцца на перакус? Прысаджвайся пад куст, калі не баішся замазаць свае светлыя шорты, запівай бутэрброд з гарляка, а бутэльку кідай на траву. Усе так робяць, а чым ты горшы?

Вось вам і “сучасны” еўрапейскі сэрвіс. А хацелася б нашу неацэнную жамчужыну Нарач убачыць у сучасных яркіх, прыцягальных фарбах, асабліва  з беларускім каларытам і душой.

Тут магла б зранку з’яўляцца гарачая кухня з тым самым знакамітым бліном-дранікам, прыцярушаным свежыной. Хай у Італіі на беразе мора прапаноўваюць смачную піцу, а мы станем карміць гасцей сваімі блінамі. І не горшымі! Што, мы смакатой са сваёй беларускай бульбы не ўмеем нікога пачаставаць на славу? Ці прывабіць выцягнутымі з печкі гамбургерамі са смачнай ялавічынай або чызбургерамі з пахучымі палоскамі нарачанскага сыру зверху? Смаката! А хіба не цікава на вачах ва ўсіх пячы і вэндзіць падвезеную свежую рыбу, завіхацца каля мангалаў з шашлыкамі і пальцам пханымі кілбаскамі? На жывым агні вэндзілі б шчупакоў з акунямі пад заказ, за адпаведную плату. Гатавалі б знакамітую нарачанскую юшку з бульбай, кропам і кавалачкамі вугра – быў бы арыгінальны “фірменны” харч, які прыйдзецца даспадобы і запомніцца многім.

Вакол аўтастаянак у выхадныя можна зладзіць кавярні пад парасончыкамі з яркай тканіны, цешыць вока гледачоў кайтбордамі пад кайтамі, паралайтэрамі над Нараччу – гожымі парашутамі з прапелерамі на каркасе. І многа яшчэ чаго можна прыдумаць людзям на забаву і радасць, каб іх потым сюды цягнула вярнуцца. Але ж пакуль гэта ўсё яшчэ мары. Мы ўсё яшчэ чухаем патыліцу: як зрабіць адпачынак курортнікаў хаця б такім, які зараз ёсць у Афрыцы.

Вы з’ездзіце ў Турцыю, Італію, Іспанію, Літву, Латвію, зазірніце ў Славенію і Фінляндыю – тады зразумееце: і не такое рэальна! Дык няўжо яны могуць і ўмеюць, а мы не? Трэба толькі захацець і ў людзей павучыцца.

Ды нам, прызнаемся, палёту фантазіі і гаспадарскай разваротлівасці відавочна не хапае: жывём няўмела, па-старому і надта ўжо бяздумна. Па-мойму, шмат што тармозіцца зацюпаным становішчам малога і сярэдняга бізнесу, які здольны быў бы забяспечыць у значнай меры камфорт для турыстаў. Але многія прадпрымальнікі ў раёне, на жаль, ледзь-ледзь рухаюцца і спалохана азіраюцца па баках, баючыся трапіць пад нейкія санкцыі падаткавікоў…

Калі-небудзь нашы нашчадкі няўцямна будуць паціскаць плячыма, не разумеючы, як гэта быццам разумныя, адукаваныя людзі ў XXI стагоддзі змаглі загубіць такі ўнікальны, дзівосны вадаём, украсу Беларусі… І не хацелі быццам, а “проста” забруджвалі. І страцілі для сябе, нас і наступнікаў тое, што не мелі права страціць. Што дала ім шчодрым дарам сама матухна-прырода. Даў Гасподзь Бог… І – праклянуць наша пакаленне. Ад гэтай думкі мне робіцца кепска.

Вячаслаў ЛАПЦІК.

Мінск.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.