Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 29 мая 2017
14
Памер шрыфта

Цяжкі лёс сядзіб-музеяў класікаў беларускай літаратуры.

– Усе гэтыя сядзібы кінуты, – гаворыць Радзім Гаўрылавіч. – Напрыклад, музей-лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах працуе толькі летам. Зімой там усё закрываецца, вывозяць адтуль экспанаты, бо дом не ацяпляецца і некаторыя рэчы могуць сапсавацца.

Я чуў, што ёсць пэўныя цяжкасці і з Бычкамі. Сястра Васіля Быкава памерла, там нікога няма…

На жаль, тое ж і з хатай-музеем Петруся Броўкі ў вёсцы Пуцілкавічі Ушацкага раёна – гіне, бо грошай няма.

Радзім Гарэцкі

Сёння мы спрабуем змагацца за сядзібу Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка, бо над музеем навісла пагроза закрыцця. Яго хочуць перанесці ў Мсціслаў, а ў Багацькаўцы паставіць знак: маўляў, была тут калісьці такая сядзіба. Раней гэты музей належаў нашаму агульнаму Музею гісторыі беларускай літаратуры. А недзе з 2009 года яго перадалі ў падпарадкаванне Мсціслаўскаму краязнаўчаму музею. Гэта недалёка – каля 30 кіламетраў. Існуе такое меркаванне: навошта нам такія раскіданыя сядзібы, усё роўна туды ніхто не ездзіць, а іх цяжка ўтрымліваць. Але, каб перавезці музей у той жа Мсціслаў, таксама патрэбны немалыя грошы. Хто прафінансуе гэтае мерапрыемства? Калі зараз не хапае грошай, каб з Мсціслава прывезці ў Малую Багацькаўку экскурсію, то пра што гаворка?

Мне падаецца, што перанесены музей – гэта неяк не па-сапраўднаму. Адна справа, калі ты знаходзішся ў сядзібе, якая ўзгадавала паэта ці мастака, сцены якой памятаюць таго ж Максіма Гарэцкага. І іншая – музей у новым будынку.

Але самае галоўнае – прэцэдэнт. Бо калі адбудзецца перанос, то і іншыя музеі беларускіх класікаў вось так загінуць.

– Наколькі я ведаю, ужо быў прэцэдэнт з Горкамі…

– Так. Там быў дом, дзе жылі Максім Гарэцкі, Гаўрыла Гарэцкі. У тым доме частымі гасцямі былі і Юрка Гаўрук, і Якуб Колас, і Паўліна Мядзёлка, і многія іншыя выбітныя асобы. У 1993 годзе з’явілася пастанова Савета міністраў пра наданне гэтаму дому статусу музея. Было ўрачыстае адкрыццё…

А потым у Горках здарыліся “Дажынкі”, і мясцовыя ўлады вырашылі знесці гэты двухпавярховы драўляны будынак, а на гэтым месцы паставіць ці то помнік, ці то знак. Я пасля “Дажынак” туды паехаў, каб паглядзець на гэты знак. Дык і намёку няма, што гэты дом там некалі стаяў! Там зараз лужайка, на якой нічога няма – ні знака, ні шыльды нейкай. Проста чысценькая трава, на якой хочацца паляжаць на сонейку.

Таму я і баюся, што тое ж самае можа атрымацца з памятным знакам на месцы музея і ў Багацькаўцы. Гэта сумна!

Цяпер, наколькі мяне праінфармавалі, там робяць рэферэндум: усіх жыхароў Мсціслава і наваколля пачалі апытваць, перанесці музей з Багацькаўкі ці не. Паводле маіх дадзеных, каля 80 працэнтаў апытаных лічаць, што музей варта перанесці.

Хто возьме на сябе адказнасць за такое рашэнне – пакуль не вядома. А адказнасць досыць вялікая. Бо быў класік, ягоная сядзіба, а калі музей перанясуць, то нават духу ягонага там не застанецца! Мясцовыя чыноўнікі баяцца самі нешта вырашаць. Міністэрства культуры таксама адпіхваецца, ім не да гэтага. Усе баяцца адказнасці. Нават у такім дробным пытанні. Думаю, усе чакаюць адмашкі зверху…

– Радзім Гаўрылавіч, а вы ж знаёмыя з цяперашнім кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. Яна вельмі прыязна выказалася наконт пастаноўкі Купалаўскага тэатра “Дзве душы” паводле рамана Максіма Гарэцкага. Мабыць, яна зможа паўплываць на сітуацыю?

– Думаю, калі б з Адміністрацыі прэзідэнта спусцілі нейкую рэкамендацыю захаваць музей, яго захавалі б. Ну а як атрымаецца – паглядзім. У чэрвені адбудуцца традыцыйныя Гарэцкія чытанні, можа, да таго часу нешта вырашыцца. А пакуль пытанне ў падвешаным стане…

Ніхто ж не збіраецца музей Пушкіна з Міхайлаўскага перавозіць у Пскоў, ці Ясную Паляну – у Тулу. І Міхайлаўскае, і Ясная Паляна трымаюцца на тым, што там жылі Пушкін і Талстой. Там нікому ў галаву такое нават не прыходзіць!

На фота: Літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка (фота svaboda.org).

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.