Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Духоўны скарб
6:00 4 студзеня 2017
18
Памер шрыфта

Шаноўны галоўны рэдактар!

У адным з нумароў “Народнай Волі” была абвестка аб Зосьцы Верас, прапаноўвалася надрукаваць біяграфію, жыццёвы і творчы шлях гэтай цудоўнай жанчыны-паэткі, адданай беларускай справе. Чакаю такі матэрыял.

Я прапаную апублікаваць успаміны З.Верас аб М.Багдановічу пад назвай “Пяць месяцаў у Мінску”.

Цудоўны матэрыял! Цікава і змястоўна апісвае З.Верас мінскае жыццё тае пары – як сваё, так і Максіма. Свядомыя беларусы будуць удзячны Вам за такую публікацыю, тым больш у гэтыя дні, калі Беларусь працягвае адзначаць 125-годдзе з дня нараджэння Вялікага паэта. Магчыма, спатрэбяцца кароткія характарыстыкі беларускіх дзеячаў, прозвішчы якіх успамінае З.Верас у сваіх успамінах, – прыкладваю іх.

З падзякай – Зінаіда Юр’еўна МОНІД.

Мінск.

Пяць месяцаў у Мінску

– У хуткім часе ў Мінск прыедзе Максім Багдановіч!

– Калі?

– Надоўга?

– Што ён піша?

– Максім Багдановіч піша, што хоча пажыць у Мінску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго, а калі канкрэтна прыедзе, яшчэ напіша або папярэдзіць тэлеграмай.

Нас ахапіла і радасць і трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, і трывога за яго здароўе, яго жыццё…

Як доўга ён з намі пабудзе?

Было гэта недзе ў сярэдзіне верасня 1916 года.

У “Беларускай хатцы” на Захар’еўскай вуліцы, №18 – сталоўцы Таварыства помачы ахвярам вайны – кожны вечар збіраліся як сябры, так і працаўнікі Камітэта Таварыства, каб разам скаратаць вольны вечар, падзяліцца думкамі ды ўражаннямі перажытага дня.

Цяпер вестка аб прыездзе М.Багдановіча дала новую тэму для гутарак і адначасова новыя абавязкі. Трэба было падумаць загадзя, дзе ён будзе жыць. Перабіраючы розныя магчымасці, спыніліся на тым, што найлепш будзе наняць пакой у Бядулі.

Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Чэрняй жыў на маленькай ціхай вуліцы Малой Грыгор’еўскай у доме Радзькі. Дамок стаяў у глыбіні панадворка, за домам быў садок, студыя. Ціха, спакой, добрае паветра. Кватэра (там больш ніхто не жыў) мела тры пакоі: два займаў Зм.Бядуля з сёстрамі, а трэці – вялікі, светлы, з асобным уваходам – цалкам стаяў пусты. (У гэтым пакоі я пасля жыла некалькі месяцаў са сваёй маці.)

З Бядуляй хутка дагаварыліся. Ён быў рады мець пад сваёй страхой такога госця.

Нарэшце ў канцы верасня ці мо на пачатку кастрычніка М.Багдановіч прыехаў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі яго з нецярплівасцю.

Сардэчны, сціплы і просты, М.Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожылі яго бледнасць і бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала.

Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На кватэру адвялі Багдановіча Галубок і Фальскі.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца, як і мы ўсе, у сталоўцы, але будзе тут мець і снеданні, і вячэры.

Мая маці ў той час была загадчыцай сталоўкі, і мы жылі тут на месцы. Так што мы з Багдановічам бачыліся па тры разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай: М.Багдановіч, Фальскі, Галубок, часта Ядвігін Ш., я…

Праз пару дзён выявілася, што Максім вельмі мала дбае аб сваім здароўі. Найчасцей забываўся прыняць лякарствы, не прыносіў іх з сабой. Як кожны такі хворы, не любіў, каб яму прыпаміналі аб лякарствах, а тым самым аб хваробе.

Тады ўмяшалася мая маці. Угаварыла яго аддаць ёй усе лякарствы і сама яму іх давала ў адпаведны час. Новыя дозы хто-небудзь з нас прыносіў з аптэкі, так што ён не патрабаваў аб сваім лячэнні думаць і клапаціцца. Не толькі для лячэння, але наогул да ўсіх спраў, што датычылі яго самога, адносіўся дзіўна абыякава.

Адразу ў першы вечар здзівіла нас просьба Багдановіча не класці яму ў гарбату цукру… На пытанне, можа, не любіць салодкага, адказаў: “Не ў тым справа, але з цукрам не п’ю”. Дарма стараліся пераканаць, што гэта не здарова, што цукар яму неабходны… Не і не. Раз нехта, не помню хто, цішком перамяніў шклянку, і гарбата аказалася салодкай. Як жа ён разгневаўся, разнерваваўся! Ледзь удалося супакоіць і перапрасіць.

Праз пару дзён пасля гэтага, калі мы снедалі толькі ўдваіх, я запыталася: “Скажыце шчыра, чаму так упіраецеся пры сваёй пастанове, нашто вы сабе шкодзіце?” – “Бачыце, – кажа, – вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер, падчас вайны, цярпіць голад, асабліва шкадую дзяцей. Калі я сабе адмаўляю таго, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта мяне хоць крыху пацяшае…”

“Выбачайце, – кажу, – але фактычна ваша ахвяра нічога дзецям не дае”. – “А гэта пабачым”, – неяк загадкава адказаў.

І сапраўды, праз нейкія тры месяцы пабачылі. М.Багдановіч працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання. Там працаўнікам, апрача платы, выдавалі паёк – пераважна цукар. І вось у адзін дзень раніцай, пасля снедання, выходзячы на працу, Максім просіць маю маму, каб дала яму чыстую пошыўку. Увечары сабраліся і дзівіліся, што так доўга няма Максіма. Ён прыйшоў позна і прынёс на плячах паўпуда цукру! Аддаў яго мне (я была паміж іншымі абавязкамі сакратаркай Камітэта) і кажа: “Гэта для дзяцей уцекачоў”. Усе былі ўзрушаны, але зрабілі вымоўку за тое, што сам нёс, а не паклікаў каго-небудзь, каб памаглі…

Неяк у канцы кастрычніка прыехала да мяне з фронту медсястра, мая сяброўка з “Гродзенскага гуртка беларускай моладзі” Марыся Бобрык. Прыехала на адзін дзень і ўвечары позна выязджала. Я сабралася яе правесці на вакзал. Мы ўжо выходзілі, як падышоў да мяне Максім і пытаецца: “Можна мне з вамі?” – “Разумеецца, калі ласка”. Вуліцы былі пустыя, нідзе нікога. Не ведаю, чаму мы ішлі не па тратуары, а пасярод вуліцы. Мы з сяброўкай успаміналі Гародню (Гродна), наша там жыццё, працу ў гуртку. Багдановіч з зацікаўленнем слухаў, заўважыўшы, што жыў у Гародні, як быў маленькі, і што там пахавана яго маці.

Варочаліся зноў пасярэдзіне вуліцы памаленьку, не спяшаючыся. І тады Максім пачаў гаварыць аб сабе…

“Я ўжо пагадзіўся са сваёй хваробай і з тым, што жыць засталося няшмат, але вельмі мне цяжка, што не магу мець сям’ю. Я так люблю дзяцей. Ведаеце, калі я пачаў пісаць і друкаваць вершы – на жаль, не ў сваёй мове, а па-руску, бо я гадаваўся ў рускім асяроддзі, як ні горка да гэтага прызнацца, а напісаў калыханку і аддаў яе ў друк, падпісаўшы псеўданімам. Усе, хто яе чытаў, думалі, што гэтую калыханку напісала жанчына і то жанчына-маці. У гэты твор я ўклаў сваё пачуццё”.

Пасля наша гутарка перайшла на Мінск і ўражанні ад усяго тут пазнанага і пабачанага. М.Багдановіч, паводле яго слоў, чуўся паміж намі добра, як у сям’і. “Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з адной асобай з Мінска (назавём яе N). Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось, прыехаўшы і пазнаёміўшыся асабіста, уся мая прыязнь да яе развеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу… і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць… Ці ж гэта можа не балець?”

Як я пераканалася ў далейшым, чуласць Максіма на чужую крыўду была выключнай.

Час праходзіў. Камітэт Таварыства помачы ахвярам вайны вёў барацьбу з безграшоўем. Асабліва балюча было тое, што т.зв. “Таццянінскі камітэт” адмовіў нам у субсідыі на ўтрыманне дзіцячага прытулку і запрапанаваў забраць наш прытулак пад сваю непасрэдную апеку. Мы прымушаны былі згадзіцца. Але паставілі варунак, што нашы дзеці будуць вучыцца асобна – па-беларуску і вучыць іх будуць нашы вучыцелькі: Ванда Лявіцкая – дачка Ядвігіна Ш. і яе памочніца Ядзя Раткевіч. Наш прытулак на лета быў вывезены ў Карпілаўку (уласнасць Ядвігіна Ш.), і трэба было адтуль перавозіць яго ў Ратамку. Прыйшлося мне ехаць памагчы перавозіць дзяцей. Мушу зазначыць, што ўсё лета апекаваліся дзецьмі тыя ж Ванда Лявіцкая і Ядзя Раткевіч.

Дні ўжо былі кароткія, холад, а ехаць трэба было фурманкай вёрст 30. Падарожжа не вельмі мілае. Сядзелі мы гэтак у сталоўцы ў поўным складзе і гаварылі аб гэтай паездцы. Была пятніца, ехаць я мела ў суботу. Раптам М.Багдановіч кажа: “І я паеду”. Мы ўсе ахнулі. “Што вы кажаце! У такі холад. 30 вёрстаў. І не думайце!” Зазлаваў на нас Максім. “Што я – маленькі? Волі сваёй мець не магу? Сказаў паеду – і паеду: не забароніце”. Зноў пасыпаліся пратэсты. Адзін Галубок маўчаў, думаў нешта сваё. Калі ж пачалася сапраўдная сварка, Галубок абазваўся: “Ціха, ша! Супакойцеся! Я пайду і хутка вярнуся, тады пабачым”.

Не было Галубка з гадзіну. Нарэшце – крокі на сходках, адчыняюцца дзверы, уваходзіць Галубок з аграмадным кажухом! Кажухом, якія насілі вартаўнікі ў дэпо. “Маеце, дзядзька Максім, паедзеце”. Усе абступілі Галубка, дзякуючы за такое ўладжанне справы.

На другі дзень паехалі. Было ўжо цёмна. Выехалі за горад на тракт. Грукат сціх. Пачалі мы гутарку. Парушылі розныя тэмы і дайшлі да паэзіі, да яе формаў…

Раптам нашу ўвагу звярнула нейкая незвычайная чырвань на небе. Пад’ехалі далей на ўзгорак, глядзім – пажар. Гарыць вёска. Далёка ад тракту, але і так было відаць слупы агню, якія падымаліся аж да хмар. “Які жудасны вобраз! А колькі там гора людскога, колькі слёз!” – кажа Максім. Далей ехалі моўчкі. Прыехалі на месца позна. Пераначаваўшы, Максім вярнуўся ў Мінск. Я засталася.

Прытулкі “Таццянінскага камітэта” ў Ратамцы мелася наведаць сястра Льва Талстога (маецца на ўвазе дачка пісьменніка Аляксандра (1884–1979); яна мела званне палкоўніка. – Рэд.). Ладзілі спектакль-вечарынку. Наша школа мела выступіць са сваёй асобнай праграмай у беларускіх нацыянальных вопратках.

Паставілі сцэнічны абразок “Пастушка”, у дадатак былі дэкламацыі, хор. З Мінска сабраліся і мы: М.Багдановіч, сёстры Бядулі (яны прыгожа спявалі) і я. Дагэтуль стаіць у маіх вачах Максім: у белай вышыванай кашулі, падпяразаны прыгожым паяском, вясёлы. Умяшаўся ў хор… Здавалася, і ён будзе спяваць…

Скончылася ўсё позна, цягніка ўжо не было, і прыйшлося прасядзець ноч, бо спаць не было дзе. Школа беларускіх дзяцей змяшчалася ў летнім драўляным дамку – “дачы”.

Вучыцелькі мелі там маленькі пакойчык з жалезнай печкай, а класы не ацяпляліся. Мы сабраліся ў маленькім пакоі – Ванда Лявіцкая, Ядзя Раткевіч, Бядулянкі (гэтак мы называлі сёстраў Зм.Бядулі) і я. А М.Багдановіч застаўся сядзець у халодным класе. Як мы ні прасілі, нічога не памагала. “Там і так цесна”, – кажа. На працягу ночы я разы тры хадзіла намаўляць яго, каб не рызыкаваў, надумаўся… “Мы не збіраемся спаць, сядзім, гаворым – ідзём!” – “Не, – кажа Максім, – я рызыкую сваім здароўем, але не буду рызыкаваць вашым, мая хвароба заразлівая. Вы ж гэта ведаеце”.

Прыйшла зіма. Снег, маразы. Калі пасля марозу прыходзіла адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся срабрыстай шэранню, і гэта было цудоўна, як у казцы. На работу пасля снедання мы з Багдановічам выходзілі разам і адразу пераходзілі на другі бок вуліцы, каб ісці каля касцёла (ён знаходзіўся амаль супраць “Беларускай хаткі”, крыху наўскос) і нацешыцца яго выглядам. Багдановіча няможна было адарваць, да таго быў захоплены. А стаяць на холадзе і вільгаці для яго было забойствам. Сказаць, што гэта для яго шкодна, нельга. Вось і прыходзілася нешта прыдумваць: або спяшацца на работу, або – што мне зімна…

Надыходзіў Новы год – 1917-ы… Пастанавілі спаткаць яго ў “Беларускай хатцы” ўсёй грамадой. Наладзіць усё і выслаць запросіны даручылі Багдановічу (…) і мне.

Сабраліся ўсе, хто толькі ў той час быў у Мінску. Прыйшлі М.Багдановіч, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй і зяцем Ю.Фарботкам, Гадлеўскі, Ф.Шантыр (прыехаў з Бабруйска), Ус.Фальскі, У.Галубок (…) адвакат Чавусаў, Л.Заяц, В.Лявіцкая, Р.Зямкевіч, архітэктар Л.Дубейкаўскі, мая маці Э.Сівіцкая і я. Настрой быў мілы, і ўсе былі рады з гэтай імпрэзы.

Далей усё ішло па-ранейшаму, толькі, на жаль, Багдановіч чуўся слабейшым. Калі ў сталоўцы ўсё заціхла, усе разыходзіліся, ён заставаўся і дапозна сядзеў у бюро Камітэта. Гэта быў невялікі пакой з балконам. Знаходзіўся ён паміж сталовым пакоем, дзе мы з мамай жылі. Там стаяў стол і глыбокі, мяккі фатэль. У гэтым фатэлі сядзеў Максім доўгія гадзіны – пацёмку. Я не раз прапанавала запаліць лямпу, але не хацеў. “Мне так тут добра”, – казаў.

Прачуваўся ўжо блізкі канец вайны і змены, якія могуць наступіць у жыцці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся сваіх беларускіх школ, а падручнікаў да навукі няма. Лемантары сякія-такія былі, а вось чытанкі пасля лемантара няма.

Трэба было падбіраць матэрыялы. М.Багдановіч меў заняцца паэзіяй – падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і пісаць іх самому.

Шмат вечароў прасядзелі мы ў сталоўцы ў познія гадзіны, калі нашы штодзённыя вячэрнія госці разыходзіліся.

Кожны з нас ужо пакрысе напісаў, але далей ужо супольна працаваць не прыйшлося. Надыходзіла вясна, дажджы, вільгаць. Максім чуўся горш. Тэмпература падымалася… Трэба было яму змяніць клімат. Пастанавілі на супольных нарадах, што паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі што трэба на дарогу, і ў канцы лютага наступілі ад’ездзіны. Мы ўсе хацелі правесці яго на цягнік, але Максім запратэставаў: “Развітаемся тут, у “Беларускай хатцы”. Мне будзе цяжэй развітвацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей”. Жагналі мы яго са слязамі на вачах, як бы прадчувалі, што жагнаем яго назаўсёды. Маці мая абняла яго і пацалавала галаву. Мне ён сказаў: “Я вам напішу”. Не напісаў. Можа, не хапіла сілы… а можа, і напісаў, а чужыя людзі не парупіліся выслаць? Хто ведае?

Але, калі прыйшла вестка аб яго смерці, такой цяжкай, у адзіноце, мы не маглі сабе дараваць зробленай памылкі. Нашто было выпраўляць яго, не парадзіўшыся з доктарам, не маючы пэўнасці, што гэта яму дапаможа. Як недарэчна. Трэба было запэўніць: тут на месцы больш выгод, больш сардэчнай апекі. Смерць, на жаль, яго б не мінула, але няхай бы паміраў паміж нас, паміж сваіх, адданых яму шчыра прыяцеляў, у роднай старонцы. Ён жа гэтага хацеў… А можа, згадзіўся ехаць, маючы крыху надзеі, што яшчэ падлечыцца і вернецца? Хто ведае?..

Прайшло паўвека, а ўспаміны аб гэтых пяці месяцах усё жывыя.

1967.

***

Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Плаўнік) (1886–1941) – паэт і празаік.

Уладзіслаў Галубок (1882–1937) – пісьменнік, рэжысёр, загінуў у ГУЛАГу.

Усевалад Фальскі (1886–?) – грамадска-палітычны і дзяржаўны дзеяч.

Ядвігін Ш. (сапр. Антон Лявіцкі) (1869–1922) – пісьменнік, грамадска-палітычны дзеяч.

Ванда Лявіцкая (1895–1968) – пісьменніца, педагог, дачка Ядвігіна Ш., жонка Я.Лёсіка.

Язэп Лёсік (1883–1940) – пісьменнік, мовазнавец.

Ядвіга Раткевіч – доктар медыцыны. Памерла ў 1970 годзе.

Альберт Паўловіч (1875–1951) – паэт, драматург.

Язэп Шантыр (1887–1920) – паэт, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч, муж З.Верас. Расстраляны бальшавікамі ў 1920 годзе.

Віктар Чавусаў (1871–1920) – юрыст, журналіст.

Леанард Заяц (1890–1935) – сакратар урада БНР.

Лявон Дубейкаўскі (1869–1940) – паэт, педагог, архітэктар.

Аўтар: Зоська ВЕРАС 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.