Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Яна так хацела быць настаўніцай! І вучылася добра, і накіраванне з рана ў педагагічны інстытут атрымала. У думках ужо развіталася з роднай вёскай Ятвезь.
6:00 31 лiпеня 2015
7
Памер шрыфта

– Але ў апошні момант усё перамянілася, – успамінае Ірына Фляр’янаўна. – Падумала: а як жа тата і мама будуць без мяне? Тата – інвалід, якая там у яго пенсія, мама даяркай на ферме таксама няшмат зарабляла. А дома ж яшчэ трое малодшых: брат і дзве сястры. І вырашыла ісці туды, дзе хутчэй можна набыць спецыяльнасць, каб дапамагчы сям’і. Медыцына мне таксама падабалася і паступіла ў Смаргонскае медыцынскае вучылішча.
Атрымала прафесію медсястры і па накіраванні прыехала працаваць у Раготнаўскую ўчастковую бальніцу, што на роднай Дзятлаўшчыне. Калі яе закрылі – пайшла ў Казлоўшчынскі дзіцячы садок, потым – у Дварэцкую інфекцыйную бальніцу. Выйшла замуж да добрага хлопца Дзмітрыя Шайбака, які працаваў загадчыкам гаража ў калгасе. Нарадзіўся сынок. Маладой сям’і далі кватэру.
Былі гады, калі ёй даводзілася дабірацца на работу і за дзесяць, і за 12 кіламетраў. А потым уладкавалася ў Раготнаўскую амбулаторыю.
– У мяне была добрая свякроўка. Яна нейкі час гадавала нашага Андрэйку, а як занемагла, мы з мужам узялі яе да сябе. Пражыла, дай Бог кожнаму, 94 гады, – успамінае спадарыня Ірына.
…Плыў час, як вада ў рэчцы. Сын ажыццявіў мару, якая некалі была ў мамы: закончыў педагагічны інстытут. Ажаніўся з цудоўнай дзяўчынай Ленай, якая вучылася ў медыцынскім інстытуце.
– Маладыя пачалі будаваць дом у Дзятлаве, а мы жылі ў Раготна. Каб вы бачылі, якую гаспадарку трымалі, бо вельмі ж хацелася ім дапамагчы! – кажа Ірына Фляр’янаўна. – Леніны бацькі таксама дапамагалі. Ну, і мы… Мелі дзве каровы, свіней, свінаматку, курэй, гусей, індыкоў. А соткі, а гарод… Цяпер нават не ўяўляю, як з усім гэтым можна было справіцца. І на работу ж хадзілі.
Справіліся. Толькі муж перанёс інфаркт, а ў яе перасталі разгінацца пальцы рук. Яны і цяпер не разгінаюцца. А боль быў такі, што не выказаць словамі.
Калі пайшла на пенсію, стала крыху лягчэй. А потым сын з нявесткай угаварылі пераехаць да іх у Дзятлава ў новы дыхтоўны дом, дзе чатыры пакоі, вялікая кухня, два калідоры. Яны разам упарадкоўваюць сядзібу, пасадзілі сад, маюць агарод, шмат кветак.
– У мяне цудоўная нявестка, – з цёплай усмешкай кажа Ірына Фляр’янаўна. – Ды і не нявестка гэта, а дачушка. Мы ніколі не дзелім хатнюю работу: ні ўборку, ні прыгатаванне страў. Хто першы прыйшоў дадому, той і робіць. Наадварот, яна стараецца, каб я адпачыла, а я хачу, каб ёй было лягчэй. Няма ў нас сварак, незадаволенасці.
У вялікім доме іх шасцёра, як мовіць старэйшая гаспадыня, тры пакаленні: бацькі, Андрэй і Лена і два іх маленькія сыночкі. Ільюша ўжо ходзіць у школу, а Кірыл – у дзіцячы садок. Некаторыя кажуць Ірыне Фляр’янаўне, нібы спагадаючы: маўляў, цяжка ў такой вялікай сям’і… Яна адказвае, што гэта радасць – жыць побач са сваімі дзецьмі, кожны дзень бачыць, як пазнаюць свет унукі, як цягнуцца да ведаў, дапамагаць ім у гэтым.
Як бы цяжка ні было ў Раготна, а ў Дзятлаве Ірына Фляр’янаўна напачатку засумавала. І тады яна вырашыла адкрыць свой маленькі бізнес. Аформіла індывідуальнае прадпрымальніцтва, як і многія, ездзіла за таварам у Польшчу, а прадавала яго ў ралеце на Дзятлаўскім рынку. Заробак не Бог ведае які, але ёй падабалася, што не сядзіць без работы. Ды і пастаянна з людзьмі.
Надышоў час, калі вазіць тавары з Польшчы забаранілі, і яна хуценька, так бы мовіць, пераарыентавалася: пачала гандляваць таварамі беларускай вытворчасці. Над яе ралетам здалёк відаць літары сонечнага колеру: “Дзіцячае адзенне”. Развесіла на сценах маленькія сукеначкі, касцюмчыкі для хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут можна купіць прыгожыя шапачкі, калготкі ды і ўсё астатняе, без чаго не выгадуеш дзіцятка. Стол засланы белым абрусам, і на ім таксама дзіцячыя рэчы. Усё акуратна раскладзена па памерах, каб лягчэй было арыентавацца.
У ралеце Ірыны Шайбак светла ад прыгожых тавараў і ад дзіцячых усмешак. Як свецяцца вочкі маленькіх модніц і моднікаў, калі яны бачаць такі вялікі выбар абновак, вырабленых у Жодзіне, Гомелі, Бабруйску і на іншых фабрыках Беларусі. Напэўна, ніхто так не радуецца абноўкам, як дзеці, і жыццю так ніхто не радуецца, як яны…
Іншы раз, выбраўшы рэчы, людзі просяць:
– Можа, пачакаеце грошы да зарплаты?
– Няма пытанняў! – кажа Ірына Фляр’янаўна. – Аддасцё, калі будуць. – Яна разумее, як няпроста жывецца людзям. І хоць самой тыя грошы патрэбны, але гатова чакаць.
– Чаму ў вашым ралеце заўсёды так шмат людзей? – іншы раз дзівяцца каляжанкі, якія таксама гандлююць на рынку. – Гэта ўсё пакупнікі?
– І пакупнікі таксама, – усміхаецца яна.
Сюды заходзяць знаёмыя проста пагутарыць, расказаць пра свае праблемы, папрасіць парады. Усякага выслухае, хоць іншы раз для гаворкі мала часу. Тактоўная, добразычлівая, разумная, яна прыцягвае людскія сэрцы, як агеньчык вабіць стомленага падарожніка ўначы, як калодзеж у спёку.
– Ірына Фляр’янаўна, вы выглядаеце шчаслівым чалавекам, – кажу ёй аднойчы.
– А так яно і ёсць, я шчаслівая. Кажу гэта шчыра. Аднаго прашу ў Бога, каб яшчэ пажыць, паглядзець, як вырастуць унукі…
Жывіце доўга, мілая спадарыня Ірына! І няхай квітнее ваш такі прыгожы бізнес, які дорыць дзеткам радасныя ўсмешкі.
Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ.
Дзятлаўскі раён.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.