Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:07 13 верасня 2016
13
Памер шрыфта

У савецкі час падчас службы на флоце мне давялося пабываць у розных краінах і ўбачыць, як жывуць там людзі.

Аднойчы наш карабель ішоў з Балтыйскага мора на поўнач цераз дацкія пралівы. Было лета, чэрвень. Ярка свяціла сонца, і маракі, вольныя ад вахты, глядзелі на бераг, які быў зусім-зусім блізка.

Мы ішлі, зразумела ж, пад чырвоным сцягам, гарматы былі зачахлёныя брызентам. З берагоў нас віталі мясцовыя жыхары; салютавалі рыбакі ў лодках. Мы ўбачылі якісьці рыбацкі пасёлак: белыя аднапавярховыя будынкі з чырвонымі дахамі, вакол – невысокія жоўтыя платы, акуратныя дарожкі. І ўсюды – кветкі, кветкі… “Прыгожа жывуць, нам бы так!” – уздыхалі нашы маракі.

– А чаму мы самі не здольныя так жыць? – заўважыў адзін з афіцэраў, што аглядаў бераг у бінокль. – Прыедзеце дамоў пасля службы – рабіце на здароўе прыгажосць ля свайго жылля.

Маракі маўчалі…

– Таварыш камандзір, будзем старацца, – за ўсіх адказаў я.

– А што тут прыгожага? – пачулася чыясьці рэпліка. – Тут жа забастоўкі ўсялякія, умовы працы вельмі цяжкія, ну проста гнілы капіталізм – гэтак усе пішуць і гавораць у нас.

Афіцэр нічога не адказаў і пайшоў на вахту, а мы ўсё глядзелі і глядзелі на гэтае “загніванне”. Глядзелі, як на дзівосную казку наяве…

Мінула амаль паўвека пасля маёй службы. Неяк на сваіх “Жыгулях” я ехаў наведаць родныя мясціны на Магілёўшчыне. У вёсцы спыніўся ля крамы. Убачыў купку мужчын, што дзялілі пляшку “на траіх”. Чацвёрты сядзеў крыху воддаль ад асноўнага “кантынгенту” і не браў удзелу ў п’янцы. А тамаду з пляшкай я пазнаў адразу: мой колішні сусед Міхаіл, таксама былы марак. Павітаўшыся, ён прапанаваў выпіць за сустрэчу, за “тых, хто ў моры”. Я адмовіўся, бо зараз за рулём, і пацікавіўся: а чаму незнаёмы мне мужчына стаіць убаку, не ўцягнуты ў агульнае “мерапрыемства”?

– Дык гэта ж немец, муж маёй сястры Дар’і. Прыехалі ў госці з Германіі, ніколі не п’юць на людзях.

Аказваецца, Дар’я з нашай вёскі выйшла замуж за абруселага немца з Паволжа. Жывуць яны стала ў Германіі, і добра жывуць. А кожны год Дар’я прыязджае з сям’ёй на радзіму, дзе пахавана яе маці.

Гэты немец падчас свайго гасцявання ў магілёўскай вёсцы не гуляў – рамантаваў дах хаты, цэментаваў двор, фарбаваў плот, усталёўваў помпу для вады, паліваў агарод. А Дар’я з дачушкамі садзілі кветкі, падмяталі вуліцу – словам, наводзілі парадак-прыгажосць, да якіх чамусьці ў мясцовых жыхароў рукі ніяк не даходзілі. Вяскоўцы падыходзілі дзівіцца. Адны паціскалі плячыма, другія адабральна прыгаворвалі: маўляў, як хораша мяняецца ўсё вакол суседскай хаты…

– Ой, прыгожа ўмеюць жыць людзі! Быццам іншага клопату няма. Вось бы і нам так!..

А потым паціху разыходзіліся, і ўсё ішло ў іх, як і раней…

Іван СЫРНІКАЎ, жыхар г.Барысава.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.