Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Тэлеграма
1:55 20 лiпеня 2015
23
Памер шрыфта

11 кастрычніка 1995 года не выйшаў чарговы нумар газеты “Народная Воля”. Тыражаваць яго адмовіўся Беларускі Дом друку, з якім рэдакцыя заключыла дагавор. Кіраўніцтва Дома друку спасылаецца на распараджэнне У.Замяталіна і экспертнае заключэнне Міністэрства юстыцыі аб парушэнні газетай Закона аб друку.

У Мінюсце адпаведныя дакументы нам не паказалі, а ў Міністэрстве культуры і друку аб іх не ведаюць і пытанне аб пазбаўленні ліцэнзіі нават не разглядалася. Без суда прынята рашэнне аб фактычным закрыцці выдання, груба парушаны цывілізаваныя нормы права, а таксама правы 60.000 грамадзян нашай краіны – чытачоў газеты.

Просім прыняць экстранныя меры па аднаўленні законнасці і забеспячэнні выхаду газеты.

І.СЯРЭДЗІЧ,

галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

11 кастрычніка 1995 г.


Блакада,

альбо Чаму не выйшлі некалькі нумароў газеты «Народная Воля»

Да слёз крыўдна за нашу вышэйшую ўладу: замест таго, каб падтрымаць з’яўленне на свет першай штодзённай рэспубліканскай незалежнай газеты “Народная Воля”, яна вырашыла яе задушыць. 11 кастрычніка, у мінулы аўторак, у рэдакцыю пазваніў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара  выдавецтва “Беларускі Дом друку” М.Паршута і паведаміў: чарговы нумар друкавацца не будзе, дагавор, заключаны на чацвёрты квартал, скасоўваецца.

Мікалай Міхайлавіч мог не спасылацца на тое, што газета быццам бы парушыла Закон аб друку. Я адразу зразумеў: проста вышэйшая ўлада больш не можа цярпець газету, якая з першых нумароў заняла адкрытую і чэсную пазіцыю. Я не выключаю, што і А.Лукашэнку, і У.Замяталіну хацелася б, каб усе думалі так, як думаюць яны, каб у грамадстве дамініравалі толькі іх ідэі. А як жа са свабодай слова? З дэмакратыяй? З памятным абяцаннем “Калі я стану прэзідэнтам, прэса будзе свабоднай”? Можа, нехта і здольны на ўсё гэта заплюшчыць вочы, але толькі не журналісты “Народнай Волі”…

Як толькі стала вядома, што выдавецтва “Беларускі Дом друку”, якое знаходзіцца ў падначаленні Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, перакрывае газеце кісларод, я звязаўся з першым намеснікам міністра юстыцыі І.Андрэевым. На пытанне “Які артыкул Закона аб друку мы парушылі?” ён наогул нічога не змог адказаць. Адмовіўся прадставіць рэдакцыі які-небудзь дакумент. Калі праз дзень я завітаў да яго з групай дэпутатаў Вярхоўнага Савета, паводзіны намесніка міністра былі ідэнтычнымі. Пры гэтым, праўда, высветлілася такая акалічнасць: “Заключэнне мы рабілі па даручэнні Адміністрацыі прэзідэнта”.  Можна зразумець так: паступіў сацыяльны заказ – мы яго выканалі. Добра, што спадар Андрэеў хоць публічна прызнаўся: наша заключэнне – усяго толькі меркаванне. Мінюст не ўпаўнаважаны забараняць выданне газеты альбо прымаць да яе нейкія іншыя санкцыі. Гэта – прэрагатыва іншых органаў.

Але што тым, у каго ўлада, да закона? Загадана скасаваць дагавор паміж выдавецтвам і рэдакцыяй газеты – будзе скасаваны. Некалькі сутак я, можна сказаць, згубіў на тое, каб знайсці паразуменне з уладамі – пакуль што безвынікова. Тэлеграму прэзідэнту мы накіравалі 11 кастрычніка – адказу няма. Не адрэагаваў в.а. Генеральнага пракурора В.Капітан.

Дарэчы, гэта не першая спроба правучыць “Народную Волю”. Як толькі яна пачала выходзіць, тое ж Міністэрства юстыцыі (адчуваецца, не без падказкі з той жа Адміністрацыі прэзідэнта) накіравала паперку ў рэспубліканскую пракуратуру: маўляў, газета парушыла заканадаўства. Як ні глядзелі ў пракуратуры, але ніякіх парушэнняў не ўбачылі, што і засведчыў адказ першага намесніка Генеральнага пракурора У.Кандрацьева.

Той выпадак можна лічыць генеральнай рэпетыцыяй. Спектакль быў прызначаны на 10 кастрычніка. Вядомы яго пастаноўшчыкі і акцёры. Заслона, быццам шлагбаум, апусцілася, і перад рэдакцыяй “Народнай Волі” паўстала пытанне: дзе друкавацца? Нумар, які вы, шаноўныя чытачы, трымаеце ў руках, аддрукаваны не ў Беларускім Доме друку, хоць там ёсць усе ўмовы: вытворчыя магутнасці не загружаны, а людзі патрабуюць работы. Але што да гэтага тым, хто спіць і марыць, як загубіць першую ў рэспубліцы недзяржаўную штодзённую газету!

І ўсё ж “Народная Воля” будзе жыць! І дапаможа ёй, думаецца, не хто іншы, як сам прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. Не бойцеся, Аляксандр Рыгоравіч, адкрытай, шчырай і, бясспрэчна, куслівай прэсы. Бойцеся лісліўцаў і падхалімаў. Як сказаў адзін аўтар: газеты, якія толькі падгаўкваюць, губяць людзей і краіну.

Шкада, што не выйшлі некалькі нумароў “Народнай Волі”. Даруйце, чытачы, і тады, калі ў бліжэйшы тыдзень-другі нам не ўдасца наладзіць штодзённы выпуск газеты. Але калектыў рэдакцыі будзе рабіць усё магчымае, каб пагроза інквізіцыі над “Народнай Воляй” мінула. Мы яшчэ раз звяртаемся да Вас, Аляксандр Рыгоравіч: вярніце адзіную штодзённую недзяржаўную газету ў друкарню выдавецтва “Беларускі Дом друку”. Друкуюцца ж там камуністычныя выданні Чыкіна і Новікава. Чым жа Вам Сярэдзіч не дагадзіў?

За цябе, “Народная Воля”, наша дэмакратычная ластаўка, мы будзем змагацца да апошняга!

Іосіф СЯРЭДЗІЧ,
заснавальнік і галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”.

P.S. Шаноўныя чытачы, прыхільнікі “Народнай Волі”! Як вы здагадваецеся, мы вымушаны сёння пайсці на змяненне фармату газеты. Але спадзяёмся, што гэта часовая мера. Як толькі газета зноў будзе друкавацца ў выдавецтве “Беларускі Дом друку”, вернемся да вялікага фармату.

Сённяшні нумар датуецца лічбамі
“11–17 кастрычніка” таму, што ў ім змешчаны
ў асноўным матэрыялы, якія павінны былі выйсці ў мінулы аўторак.


Аўтар: Upload 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.