Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Фестываль праваслаўнай моладзі Мінскай епархіі вырашана правесці на «Лініі Сталіна». Гэтая навіна па-сапраўднаму абурыла многіх.  Тэолаг Наталля Васілевіч нават звярнулася з лістом да мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла. “Яго Высокапраасвяшчэнству Высокапраасвяшчэннаму Паўлу, Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі
1:59 10 лiпеня 2015
23
Памер шрыфта

Ваша Высокапраасвяшчэнства!

Шаноўны Уладыка!

З вялікай збянтэжанасцю звяртаюся да Вас з нагоды навіны… пра запланаваны на 18–19 ліпеня фестываль моладзі Мінскай епархіі з нагоды 70-годдзя Перамогі, дзе адным з мерапрыемстваў праграмы пазначаны Хросны ход ад Заслаўя да помніка “Лінія Сталіна”, а “Лінія Сталіна” называецца цэнтральным месцам мерапрыемства.

Лінія, названая іменем Сталіна, – гэта сапраўды сімвалічнае месца. Той, хто едзе ў Заслаўе электрычкай, ведае, што чыгуначная станцыя гэтага горада называецца “Беларусь”, бо менавіта там да 1939 г. пачыналася тэрыторыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а лінія ўмацаванняў была памежнай і пралягала ўздоўж мяжы паміж БССР і Польскай Рэспублікай. Сімвалічная мяжа таксама падзяляла праваслаўную царкву Беларусі: паміж тымі прыходамі, манастырамі, епархіямі, якія захаваліся на захад ад гэтай мяжы – у Заходняй Беларусі, і той тэрыторыяй, дзе праз палітыку Савецкай дзяржавы пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна да лета 1939 года не засталося ніводнага (!) афіцыйна дзеючага храма, а святары, епіскапы, у тым ліку Вашы папярэднікі па Мінскай кафедры, былі фізічна знішчаны.

Свяцейшы Патрыярх Кірыл у сваім слове на Боскай літургіі ў храме на Бутаўскім палігоне 16 мая бягучага года параўнаў сталінскія рэпрэсіі з “вайной супраць нашай Айчыны”, падчас якой “былі кінуты ў топку мільёны і мільёны жыццяў”, і менавіта ў подзвігу новых пакутнікаў ён бачыць крыніцу той сілы, якая дазволіла народу супрацьстаяць фашызму: “Калі б новыя пакутнікі і вызнаўцы адмовіліся ад веры, ад Хрыста, ад Царквы, то, можа б, і ў народа бракавала б духоўнай сілы для супраціву ворагу”.

Тое, што ў назве мемарыяльнага комплексу “Лінія Сталіна” мянушка “Сталін” носіць не выпадковы характар, сведчыць наяўнасць усталяванага там помніка, які з’яўляецца цэнтрам пакланення Сталіну, чалавеку, які спрабаваў ператварыць нашу зямлю ў духоўную пустыню, у адпаведнасці з палітыкай якога знішчаліся не толькі святары, рэлігійныя дзеячы, але і сяляне, і рабочыя, і навукоўцы, і дзеячы культуры, і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. І не мне расказваць Вам, шаноўны Уладыка, пра сталінскія рэпрэсіі і сталінізм, бо ў іх гарніла трапіў Ваш дзядуля-святар. Вы неаднаразова выказваліся на тэму сталінізму. Яскрава ўспамінаю адну з Вашых перадач на тэлеканале “Союз”, у якой Вы адназначна і вельмі жорстка асудзілі сталінізм і сталінісцкія сантыменты ў царкоўным асяроддзі, назвалі ідэалогію сталінізму “антыгуманнай”, “антычалавечай” і заявілі пра неабходнасць “Нюрнбергскага працэсу” не толькі для фашызму, але і для сталінізму.

Я разумею, што кіраўніцтва мала-дзёжнага аддзела Мінскай епархіі ні ў якім разе не мела на ўвазе сваім Хросным ходам пакланенне Сталіну і што, хутчэй за ўсё, гэта проста супадзенне, але супадзенне прыкрае, небяспечнае, патэнцыяльна канфліктагеннае. Яно можа выклікаць настроі не толькі ў асяродку царкоўнай моладзі, але і ў шырокіх колах грамадства. Непазбежны сімвалізм такой падзеі, незалежна ад матывацыі яе ўдзельнікаў, занадта яскрава ставіць у цэнтр не імя Хрыста, не імя новых пакутнікаў і святых, не імёны тых, хто загінуў у гады Другой сусветнай вайны на гэтай зямлі, але страшнае імя Сталіна.

Таму я звяртаюся да Вас з прашэннем яшчэ раз перагледзець магчымасць правядзення заяўленага Хроснага ходу, узважыць усе яго адмоўныя духоўныя і рэпутацыйныя наступствы, а таксама ўлічыць меркаванне вернікаў, якія выступаюць супраць ушанавання імя ката і богаборца, няхай сабе і выпадковага.

З просьбай аб блаславенні –

Наталля Сцяпанаўна ВАСІЛЕВІЧ,

магістр палітычных навук, магістр тэалогіі, дактарант універсітэта г.Бона”.

На свой зварот Наталля Васілевіч атрымала вельмі сціплы адказ:

«Лінія Сталіна” – гэта ваенна-гістарычны музей пад адкрытым небам аднаго з абарончых вузлоў СССР. Ніякага дачынення да рэпрэсій гэтае месца не мае. 

Мітрапаліт Павел».

Адказ выклікаў новую хвалю абурэння. “Народная Воля” звярнулася па тлумачэнні да старшыні Сінаідальнага інфармацыйнага аддзела протаіерэя Сергія ЛЕПІНА. Вось што ён сказаў: 

Сталінізм адназначна з’яўляецца злом, таталітарнай дактрынай, якая прывяла да шматлікіх ахвяр, ад якіх пацярпела ў тым ліку і праваслаўнае духавенства. З другога боку, трэба пазбягаць такіх спроб абвінаваціць ва ўсім “кепскага Сталіна”. Гэта небяспечна, бо тая ж самая таталітарная дактрына спрабуе абяліць сябе, прызначыўшы вінаватых і адказных за ўсё тое зло, якое адбылося ў нашай гісторыі. Не! Не проста Сталін вінаваты, не проста Ленін вінаваты, не проста Троцкі вінаваты – вінавата сістэма. Але мы павінны разумець, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне так ці інакш звязана з імем Сталіна. Тут галоўнае не выплюхнуць дзіця разам з вадой. Часам адмаўленне ад Сталіна і барацьбу са сталінізмам можна пераўтварыць у барацьбу са спадчынай перамогі ў Другой сусветнай вайне. І гэта таксама небяспечная тэндэнцыя, з якой нам даводзіцца мець справу”.

Наталля Васілевіч лічыць, што ўся справа ў тых тэндэнцыях, якія цяпер апанавалі расійскую рэчаіснасць. І пачатак ім далі падзеі ў суседняй Украіне. 

У Расіі цяпер існуе такі трэнд – апраўданне сталінізму. Ён звязаны з антызаходняй палітыкай Расіі, з патрэбай паказаць моцную дзяржаву, моцнага кіраўніка. Сталін добра цяпер упісваецца ў рыторыку супрацьстаяння з усім светам, з сіламі ўнутры грамадства. Я лічу, што шмат хто з тых, хто цяпер шануе Сталіна, быў бы не супраць таго, каб гэтыя рэпрэсіі паўтарыліся цяпер, каб тых, хто выступае супраць вайны з Украінай, напаткаў лёс “ворагаў народа”. Для праваслаўнай царквы ў Беларусі гэта небяспечная з’ява, бо нельга пускаць сюды гэты вірус, паколькі ён будзе разбураць царкоўную свядомасць і маральныя каштоўнасці. 

Фестываль прызначаны на 18–19 ліпеня. Час, каб перанесці пляцоўку правядзення мерапрыемства, яшчэ ёсць. Але не вядома, ці прыслухаецца духавенства да вернікаў. Ёсць звесткі, што на фестывалі выступіць расійскі гурт “Комба Бакх”, які ў адной са сваіх песень славіць дыктатара Паўночнай Карэі Кім Чэн Іра. Да ўдзелу ў фестывалі запрасілі і БРСМ. Дык ці можна гэта мерапрыемства лічыць сапраўдным хрысціянскім фестывалем? Ці не пагоршыць яно стаўленне маладых вернікаў да праваслаўнай царквы?..

Як бачыце, высокія асобы праваслаўнай царквы лічаць, што сістэма вінавата ў тым, што на 1/6 сушы пралілося столькі крыві. А хто такую нечалавечую сістэму ствараў, хто раскручваў яе махавік? Спачатку Ленін, а потым Сталін. А ці не ведаеце, спадар Лепін, што ніякія абарончыя вузлы СССР побач з Заслаўем не сыгралі ніякай ролі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Сёння “Лінія Сталіна” – чыста прапагандысцкі праект. У савецкім варыянце.

Любоў ЛУНЁВА.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.