Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Бацькі непаўналетніх жыхароў Сеніцы Мінскага раёна не могуць скарыстацца паслугамі гарантаванай Канстытуцыяй бясплатнай медыцыны для сваіх дзяцей.  Яны патэлефанавалі ў рэдакцыю і папрасілі журналістаў агучыць праблему.
6:00 27 лiпеня 2015
27
Памер шрыфта

Справа ў тым, што ў мясцовай паліклініцы вузкіх спецыялістаў зусім няма. Яны працуюць толькі ў цэнтральнай паліклініцы, якая знаходзіцца ў Бараўлянах – на супрацьлеглым баку Мінска. Паўстае выбар: ехаць з дзіцём за некалькі дзясяткаў кіламетраў у Бараўляны ці скарыстацца паслугамі платных урачэбных кабінетаў у самой Сеніцы. 

“Народная Воля” наведала сям’ю шматдзетнай маці Таццяны КАЛГІНОЙ, што жыве ў шматпавярховіку ў самым цэнтры пасёлка. Цяпер, у час летніх канікул, самая вялікая праблема ў сям’і – медыцынскія даведкі ў лагер. Нават за простай паперкай у чарзе трэба правесці паўдня.

Таццяна паказвае сваё ліставанне з чыноўнікамі. Адказы прыкладна аднолькавыя: паліклініка ўкамплектавана згодна з адпаведнымі нормамі. Таццяна кажа:

Нягледзячы на тое, што нам гарантавана бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, мы ўсё роўна плацім за лячэнне. Я, як і ўсе іншыя бацькі, плачу і за дзяцей, і за сябе ў платных кабінетах. Я не супраць таго, што трэба плаціць, але навошта тады ў нас пад носам паліклініка, дзе ўсё павінна быць? Мы ўсё роўна вымушаны шукаць недзе спецыялістаў. Нічога не скажу, у нас тут добрыя спецыялісты-педыятры на прыёме, яны ніколі не адмаўляюцца паглядзець дзіця. Але да іх заўсёды такія вялізныя чэргі! Людзі сядзяць у калідоры з дзецьмі па тры-чатыры гадзіны. Гэта ж ненармальна! А вось вузкіх спецыялістаў няма. Хаця дамы ў нас тут растуць што грыбы. Шмат маладых сем’яў з дзецьмі. А для дзяцей у старой паліклініцы адвялі крыло на першым паверсе. І ўсё. Адным словам, праблему трэба неяк вырашаць.

…Паліклініка месціцца насупраць школы. Вельмі прыгожы палісаднік – дагледжаныя клумбы, дрэвы. А вось унутры… Каб зразумець, у якім матэрыяльным стане знаходзіцца гэтая ўстанова, дастаткова ўбачыць старую мэблю, якая захавалася тут яшчэ з савецкіх часоў, разламаны кран, з якога ўжо некалькі сутак цячэ вада, смярдзючыя прыбіральні ды абадраныя лаўкі для наведвальнікаў у калідоры. Карціна сумная. Нягледзячы на тое, што ўжо ледзь не 40 хвілін, як, згодна з раскладам, скончыўся прыём, у калідоры застаецца чарга. Адзін хлопчык гадоў пяці хныча: “Мама, пайшлі. Не трэба мне ніякай даведкі. Я не хачу ў садок. Я лепш буду дома адзін, толькі не ў садок”. На ўсё гэта паблажліва паглядае хлопец гадоў адзінаццаці. Разгаварыліся з ім. Хлопчык назваўся Антонам. Сказаў, што ў палове дзясятай раніцы заняў чаргу, бо яму патрэбна медыцынская даведка ў лагер “Палачанка”. Яго агледзелі даволі хутка, хлопец выйшаў у калідор чакаць, пакуль медсястра выпіша яму тую самую даведку. Чакаў больш за дзве з паловай гадзіны. Не так і шмат па мясцовых мерках. 

На прыёме доктар Анастасія ШЧАЛЧОК. Запытваю: чаму такія чэргі нават летам, калі звычайна ў паліклініках народу няшмат?

У Сеніцы хутка будуюцца шматпавярховікі, – расказвае ўрач. – Людзі засяляюцца ў дамы, але застаюцца прапісанымі ў Мінску. Атрымліваецца, што пры норме 800 дзяцей на аднаго педыятра ўсё адпавядае заканадаўству. Аднак на практыцы медыкам даводзіцца абслугоўваць значна большую колькасць пацыентаў, часам – да трох тысяч чалавек. Вузкіх спецыялістаў няма, бо нехта ў дэкрэце, нехта сышоў, адпрацаваўшы тут 20 гадоў. А хто са спецыялістаў захоча прыязджаць сюды дзень-два ў тыдзень і абслугоўваць увесь раён? Ды яшчэ выслухваць тут скандалы. Таму такая сітуацыя.

 Дарэчы, з няхітрай мэблі ў кабінеце доктара – два старыя сталы, такая ж старая шафа з перакошанымі дзверцамі і маленькі стэлаж. Гэты стэлаж і ёсць рэгістратура. “А што рабіць? Няма ніякага іншага месца ў паліклініцы. Бывае, што вядзеш прыём, а нехта заходзіць і пачынае патрабаваць медыцынскую картку. Усё ў адным гэтым пакойчыку”, – патлумачыла доктар. 

Аб’явы ў калідоры даюць пералік тых самых “бясплатных” спецыялістаў, якія так неабходны маленькім пацыентам. Але ўсе яны сапраўды знаходзяцца ў Бараўлянах. Ёсць яшчэ аб’явы аб працы платных урачэбных кабінетаў – неўролагаў, афтальмолагаў, оталарынголагаў ды іншых. Зразумела, што такога спецыяліста дазволіць сабе можа не кожны. Але прыходзіцца, бо выйсця няма.

На першы погляд сітуацыя тупіковая. Але яе можна лёгка вырашыць, калі мясцовыя ўлады стануць улічваць сапраўдную, а не фармальную колькасць жыхароў Сеніцы. Толькі ці гатовы чыноўнікі яе вырашаць?

Любоў Лунёва.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.