Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:13 5 мая 2017
26
Памер шрыфта

Не-не дый узгадаю сваю колішнюю настаўніцу геаграфіі Глафіру Аляксандраўну Шыдлоўскую. У Дні Перамогі яна не раз распавядала пра свайго мужа, Героя Савецкага Саюза танкіста Міхаіла Катлаўца, які загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Нам, школьнікам, вельмі хацелася быць падобнымі на яго.

Але аднойчы Глафіра Аляксандраўна стала гаварыць пра несправядлівасць, якая адбывалася падчас сталінска-берыеўскага перыяду, калі многіх людзей судзілі па даносах нядобразычліўцаў. Са страхам мы, дзеці, слухалі расказ пра яе роднага брата Вячаслава Шыдлоўскага, які да вайны працаваў сакратаром Смілавіцкага сельсавета. На яго напісаў паклёп чалавек, якога Вячаслаў лічыў сябрам. У артылерыйскай школе ў Мінску (дзе цяпер Сувораўскае ваеннае вучылішча) зрабілі “шмон” і знайшлі ў тумбачцы курсанта Вячаслава Шыдлоўскага творы Сяргея Ясеніна, Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. Юнака аб’явілі ворагам народа і саслалі на Калыму.

Я, памятаецца, пазнаёміўся ўжо з былым вязнем Вячаславам Шыдлоўскім у Смілавічах у свайго добрага сябра – пісьменніка Эдуарда Ярашэвіча. Вячаславу Аляксандравічу пашанцавала выжыць у Калымскім канцлагеры, дзе нават зямля трэскалася ад лютых 60-градусных маразоў. Там многія тысячы такіх жа ні ў чым не вінаватых “ворагаў народа” гінулі, як мухі, але Вячаславу пашчасціла вярнуцца ў Беларусь.

Але і пасля таго, як яго выпусцілі з-за калючага дроту, здзекі не скончыліся. Шыдлоўскаму, як і іншым ацалелым палітвязням канцлагераў ГУЛАГа, далі “воўчы білет” – пашпарт з пазнакай, якая забараняла жыць у Мінску, займаць пасады, адпаведныя ведам, уменням і працавітасці. Выпадкова парушыўшы пашпартны рэжым, ён рызыкаваў ізноў апынуцца за калючым дротам.

У “Белгеалогіі”, дзе Вячаслаў працаваў пасля вяртання на радзіму, знайшліся разумныя і прыстойныя людзі, якія высока цанілі здольнасці Шыдлоўскага. Паколькі ён прафесійна трымаў у руках пэндзаль, Павел Леановіч, начальнік упраўлення “Белгеалогіі”, выпраўляючы свайго таленавітага падначаленага ў чарговую камандзіроўку, прасіў прывозіць малюнкі аб’ектаў, хаця, здавалася б, куды прасцей было іх сфатаграфаваць. З мноства нататак, якія зрабіў Вячаслаў, прайшоўшы тысячы кіламетраў у пошуках карысных выкапняў на далёкай Калыме і ў Беларусі, большасць знаходзіцца цяпер у архівах “Белгеалогіі”.

Шмат чаго аб сваім земляку, геолагу, краязнаўцу, мастаку і цудоўным чалавеку, яго сямейніках я даведаўся не толькі ад самога Шыдлоўскага і яго роднай сястры Глафіры Аляксандраўны, але і ад пляменніцы – Людмілы Іосіфаўны Прававовіч, удавы – Ядзвігі Фёдараўны Шыдлоўскай і сваёй стрыечнай сястры Эмы Таміла. На калымскую катаргу як “вораг народа” ў 1937 годзе быў высланы таксама старэйшы брат Вячаслава, адказны сакратар газеты “Піянер Беларусі” Усевалад Шыдлоўскі і швагер Іосіф Блецька. Глафіру Шыдлоўскую як сястру “ворагаў народа” выключылі з Мінскага педінстытута.

Вячаслаў быў другім сынам у сям’і настаўніка Аляксандра Шыдлоўскага і шляхцянкі Наталлі Віткоўскай. Нарадзіўся ён у 1913 годзе ў вёсцы Матарова Смілавіцкай воласці. У тым жа годзе сям’я пераехала ў вёску Карзуны. Дзед, якого звалі Казімір, быў войтам. У яго быў выдатны вараны конь. Калі пачалася рэвалюцыя, ён хаваў каня на пасецы за вёскай Ляды, але яго ўсё ж знайшлі і забралі. Узамен далі дохлую кабылу. Дзед доўга ішоў за чырвонаармейцамі, просячы, каб не забіралі варанога. Але мальба старога была дарэмнай. Вясна выдалася халодная, дзед прастудзіўся і ад запалення лёгкіх памёр.

Бацька Вячаслава да рэвалюцыі скончыў Мінскую настаўніцкую семінарыю і выкладаў матэматыку і фізіку ў Смілавіцкай сямігодцы, якую пазней, у 1929 годзе, скончыў і яго малодшы сын. Паколькі хлопец захапляўся маляваннем, настаўнік Іван Размысловіч параіў таленавітаму вучню паступаць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Туды паслалі малюнкі, і юны мастак быў запрошаны на экзамены. Ды збыцца марам Вячаслава не наканавана. Галоўнай перашкодай аказалася сацыяльнае паходжанне: ён быў сынам настаўніка, а гэта значыць – “непрацоўнага элемента”.

Прыйшлося мяняць жыццёвыя арыенціры, і Вячаслаў паступіў спачатку ў Смалянскую сельскагаспадарчую школу, а потым у Барысаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Захварэў і памёр бацька. З-за адсутнасці сродкаў для існавання юнак пайшоў працаваць у калгас недалёка ад Смілавічаў (бальшавіцкія цынікі прыдумалі яму назву “Вызваленне”). У калектыўную гаспадарку загналі раскулачаных хутаран. З ранку да ночы яны вымушаны былі бясплатна цягнуць лямку калгаснага прыгону – за “палачкі-працадні” ў табелях. Усё ўбачанае і перажытае ўбіраў у сябе, як губка, Вячаслаў Шыдлоўскі – будучы катаржанін і аўтар кнігі “Рысы майго пакалення”, якая распавядае пра прыніжаных і раздушаных людзях таго часу.

Не думаў, не гадаў хлопец, малюючы пейзажы Смілавічаў, што вельмі хутка яму самому давядзецца сутыкнуцца з тымі шматлікімі жахамі, якія арганізавалі бальшавікі, каб “ашчаслівіць” працоўны люд. У 1933 годзе Вячаслаў быў камандзіраваны ў Харкаўскую вобласць, каб там у адным з саўгасаў заключыць дагавор на набыццё племянных свіней. Хаця факт галадамору ва Украіне старанна хаваўся ўладамі, але шыла ў мяшку не схаваеш. Убачанае ўразіла Шыдлоўскага да глыбіні душы.

Да мабілізацыі ў Чырвоную Армію ў 1935 годзе, будучы сакратаром Смілавіцкага местачковага Савета, Вячаслаў часцяком бываў у бацькоў знакамітага мастака Хаіма Суціна. Цётка Сара не пагаджалася прадаць карціну сына, якая вісела на сцяне. Ведала б, які лёс ёй наканаваны, – напэўна, рашэнне было б іншым. Згарэў той шэдэўр падчас пажару ў Смілавіцкім гета, калі яўрэі, якія не здолелі выехаць з мястэчка ў першыя дні вайны, былі расстраляны гітлераўцамі на Саламянцы у кастрычніку 1941 года.

Таленавітыя людзі заўсёды выдзяляюцца з натоўпу, і чырвонаармеец Вячаслаў Шыдлоўскі, які добра пеў і іграў на гітары, на конкурсе песні Беларускай ваеннай акругі заняў першае месца. Яго збіраліся залічыць у ансамбль акругі. Па нейкай прычыне ён туды не трапіў, затое паступіў у артылерыйскую школу імя Красіна. Але давучыцца да лейтэнанцкіх “кубароў” не паспеў.

Па даносе прыяцеля-студэнта (з якім вучыўся ў школе і якога доўгія гады лічыў добрым сябрам) Вячаслава арыштавалі як “ворага народа”. Колькі “срэбранікаў” атрымаў за подлую справу той “сябра”, было вядома толькі яму. Але колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. Так здарылася і з паклёпнікам, на жаль, толькі праз паўстагоддзе, калі Вячаслаў Шыдлоўскі быў поўнасцю рэабілітаваны з-за адсутнасці складу злачынства. “Добры сябра” лез наверх, утоптваючы ў бруд і магілы сяброў і знаёмых. І далез да вялікіх вышынь, быў аблашчаны ўладай, займеў вучоныя ступені і ўзнагароды, стаў прафесарам. Нездарма ёсць прыказка: “У ціхай вадзе чэрці водзяцца”. У спакойнага на выгляд прафесара вучыліся такія вядомыя ў будучым людзі, як пісьменнікі Мікола Маляўка, Мікола Чарняўскі, Алесь Камароўскі і іншыя.

Праз шмат гадоў Вячаслаў выпадкова сустрэў “сябра” ў Доме пісьменнікаў. У вачах таго мільганулі разгубленасць і сполах… Прайшло яшчэ шмат часу, пакуль Шыдлоўскі зразумеў сапраўдную прычыну такіх паводзін старога прыяцеля. Следчы ваеннай пракуратуры, які знаёміў Вячаслава са сфабрыкаванай справай на яго, вельмі здзівіўся, што даносчыкам аказаўся такі вядомы чалавек. З пачаткам перабудовы “адчуванне пагрозы выкрыцця не садзейнічала ранейшаму душэўнаму камфорту і спакою”. Калі таго “прыяцеля” ў часы перабудовы вызвалі для тлумачэнняў у ваенную пракуратуру, у яго трэсліся рукі. Даносчык са страхам чакаў выкрыцця сваіх паганых учынкаў, тым больш што Вячаслаў станавіўся вядомым у навуковых і літаратурных колах. Сярод яго сяброў і добрых знаёмых былі Гаўрыла і Радзім Гарэцкія, Сяргей Грахоўскі, Адам Мальдзіс і многія іншыя знакамітыя ў нашай краіне людзі. Сустракаючыся, “студэнт” (як іранічна называў яго Вячаслаў Шыдлоўскі) стараўся трымацца як мага далей ад таго, на каго некалі страчыў паклёпніцкія даносы і каму зламаў жыццё.

Нямала пакут выпала на долю вясковага хлопца, калі ён трапіў у гулагаўскія жорны. З Уладзівастока яго разам з сотнямі іншых зняволеных даставілі ў канцлагер, які знаходзіўся ў 600 кіламетрах паўночней Магадана – у басейне ракі Хатынах, што ўпадае ў Калыму. Хатынах набыла славу калымскага Кландайка, але Кландайка жудаснага, крывавага. Тут загінулі дзясяткі тысяч людзей, здабываючы золата.

Канцлагер быў абцягнуты калючым дротам, па перыметры яго – вартавыя вышкі. Над варотамі вісеў лозунг: “Труд в СССР – дело чести, дело славы и геройства (И.В.Сталин)”. Гэты сталінскі лозунг – блізня гітлераўскага, што быў прымацаваны на варотах канцлагераў: Arbeit macht frei – “Праца робіць свабодным”? Лагер месціўся на левым беразе ракі, а на правым знаходзілася самая страшная турма на Калыме – Серпанцінка, адкуль шлях быў адзін – у вечную мерзлату.

Сталінскі рэжым рабіў са слабых людзей нелюдзей, а моцных духам заганяў на той свет. Мала хто выжыў. Шмат бед перанёс Вячаслаў на Калыме. Але вытрываў. Стаў геолагам і, калі вярнуўся на радзіму, працягваў займацца пошукам прыродных багаццяў.

Падчас гарбачоўскай перабудовы Вярхоўны суд СССР рэабілітаваў Вячаслава Шыдлоўскага. Яму было прысвоена званне “Заслужаны геолаг СССР”. Пра пакуты на Калыме Шыдлоўскі паспеў напісаць кнігу “Рысы майго пакалення”, але яна пабачыла свет толькі пасля яго смерці.

Вячаслаў Шыдлоўскі пахаваны на могілках у Смілавічах побач з сястрой, маёй настаўніцай Глафірай Аляксандраўнай.

Аўтар: Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў