Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:27 14 верасня 2016
17
Памер шрыфта

Сяргей Законнікаў

Сябры мае

Сябры мае ўзнікалі нечакана

Дарункам неба, што ўзнімае дух.

У свеце цемрашальства і падману

Яны былі, як ратавальны круг.

Жыццё, калі так многа недарэкаў,

На рэй разумны паспрабуй – наладзь…

Па цемечку народа ў новым веку

Смяротны ўдар:

Васіль…

Рыгор…

Генадзь…

Мой дзякуй вам і веку за вандроўку,

За радасць і пакуты дзень за днём,

Хоць будучыня ў твар дыхнула зноўку

Нянавісцю нязводнай і агнём.

Здаецца, пад нагамі цвердзь зямная

І позірк зоркі вабяць угары,

Але душу маркота не мінае,

Няма мне з кім цяпер пагаварыць.

Вышэйшай Волі не заявіш: “Годзе!

Не сіраці гаротную зямлю!”

Сябры мае ў далёкі край сыходзяць,

А я іх так няскончана люблю…

Хлеб не даражэй свабоды

Унуку Францішку

 

Хоць можна папракаць паэтаў,

Як не за тое, дык за гэта,

Але мы помнілі заўсёды,

Што хлеб не даражэй свабоды.

Бо шэпча нават колас з поля,

Што наша доля там, дзе воля.

Нашчадак мой, спялі адвагу,

Не разлучайся з родным сцягам.

Рэфрэнам паўтарай заўсёды,

Што хлеб не даражэй свабоды.

 

Стары “Масквіч”

Не хочацца з кватэрнай пасткі

Высоўваць свой нягеглы лыч.

Развальваюся на запчасткі,

Як швагруся стары “Масквіч”.

Яно-то так, дзе б ты ні гойсаў,

Узрост расплатай не міне…

Я зноў, нібыта пад Лагойскам,

Ляжу ў канаве на спіне…

“Круці!” – камандуе мой родзіч,

З якім павандраваць люблю.

Мы для падтрымкі з дроту робім

На выхлапной трубе пятлю.

Ужо не раз “Масквіч” лячылі,

Прыдатны нам любы кювет.

Але машыннае начынне

Пачварна засціць белы свет.

Яно паўзе на нас патроху,

Як хмара, што буран прынёс.

Яно нагадвае эпоху,

Што лёс прыціснула – да слёз.

У ёй нялічаныя чэрці

Душылі ўладна родны край –

То войны, то хапун, то чэргі,

То сёння – безграшовы “рай”.

Яна была глухою часта

І да надзей, і да жальбы.

Без толку столькі знікла часу

Праз раструб “выхлапной трубы”…

Аддай жа долары, панчоха,

Пір зладжу тым, хто мілы мне…

Якая брудная эпоха,

Якая скрытная эпоха,

Якая подлая эпоха,

Якая страшная эпоха

Прайшла без жалю па спіне!

 

Мой горад

Прад сабой бачу ўсё-такі мой, а не ваш горад,

Прыстасаванцы,

Манкурты

І фарысеі,

Хоць вы кажаце з мінай кіслай, прагорклай:

“Што з паэтаў узяць – не аруць, не сеюць”.

Да таго, як вы ўзлезлі на ўладную сцэну,

Горад бачыў мяне самым розным часам:

З будатрадам узводзіў я школьныя сцены,

У Заводскім раёне цягнуў цеплатрасу.

Тут прыходзіла многае дзіўным і першым,

Тут я стаў назаўжды беларусам свядомым…

Помню, як на вакзале пісаліся вершы,

Як дачушку сваю вёз дахаты з раддома,

Як хадзіў і прасіў не грэбаваць мовай,

Пераконваў бацькоў, гарана і школы,

Каб не знікла з вуснаў яна канчаткова,

Каб крынічнае слова гучала наўкола…

Зноў над Мінскам сонца ўзнімае карону,

Без журы яе могуць красуні прымерыць.

Нават дрэвы яму падстаўляюць кроны,

Пасадзіў іх нямала я ў парках і скверах.

Ды, на жаль, у галовах начальнікаў пуста…

Што ім парк, пераважвае “лепшая мэта” –

Як пабольш у кішэню “бабла” ці “капусты”

Накідаць з гарадскога кожнага метра.

А таму я кажу тым, хто сёння ўладарыць:

“Бараніць буду горад ад вашае згубы.

Не, не стане ён эклектычнай пачварай,
Дзе адны казіно і начныя клубы!”

Вы прывыклі хавацца ў хлусні і ў закутках,

Я ж іду па вуліцах смела і горда…

Праўда возьме верх – ці марудна, ці хутка…

Гэта ўсё-такі мой, а не ваш горад!

 

 

Тры трыфмы

***

Я месца жыхарства не выбіраю,

Яно паміж пеклам і раем…

Жыву, пішу, згараю…

***

Як я завалы зла ні крушыў,

Нічога ў лепшы бок не рашыў,

Толькі пот не на целе, а на душы.

***

Спадзевы зніклі, нібы дым,

Хто быў нікім, той стаў нічым.

А мы што робім? Ды маўчым…

 

Ніяк не навучаць

Над зямлёй гусцеюць хмары,

Засцяць светлы божы дзень.

На няўсмешлівыя твары

Лёг турботаў ліпкі цень.

Елі некалі мякіну,

Елі нават лебяду:

“Дзякуй Сталіну-грузіну,

Што абуў нас у рызіну,

Што падкоўваў на хаду”.

А за ім рой “дабрадзеяў”

Гімн пра шчасце прагудзеў.

Нараджаліся надзеі,

Ды яны сягоння – дзе?

Зноў жуллё спаўзло да кучы,

Кожны маніць і грабе,

Ды ніяк нас не навучаць

Спадзявацца на сябе.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.