Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 10 студзеня 2017
31
Памер шрыфта

Пяць гадоў мінула з таго памятнага дня, калі ў Дзятлаўскім цэнтры культуры было наладжана цудоўнае мерапрыемства, прысвечанае Веры Ігнатаўне Хрышчановіч, а дакладней, выхаду ў свет яе першага і адзінага зборніка вершаў пад назвай “Тут уся мая душа”. Паэтка і цяпер жыве ўспамінамі пра тыя добрыя словы, пажаданні, што людзі выказалі ёй. Для яе былі і песні, і кветкі, і вялікая падзяка за творчасць.

Бываюць і зборнікі больш салідныя, і аўтары знакамітыя, але Вера Ігнатаўна адметна тым, што ўвесь свой немалы век пражыла ў вёсцы. Некалі доўгі час працавала кінамеханікам, яшчэ на падводзе з вёскі ў вёску вазіла свае кіношныя прычындалы, каб парадаваць сельскіх жыхароў і дзятву, якой тады ўсюды было вельмі шмат.

У час такіх паездак па лясных і палявых дарогах у душы пачалі нараджацца вершы. Прынесла іх у рэдакцыю дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”, пачала друкавацца, а потым стала наведваць пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Пралескі”, якое ўзначальваў доктар з пасёлка Наваельня і паэт Яўген Мацвееў.

Вера Ігнатаўна вельмі светлы і шчыры чалавек. Яна як можа дапамагае сваёй шматлікай радні, доўгі час з’яўляецца старастай Нагародавіцкай царквы, што непадалёку ад вёскі Гезгалы. Шмат зрабіла гэта няўрымслівая жанчына для добраўпарадкавання свайго населенага пункта. Яе ведаюць у кожным кутку раёна, бо, лічы, няма на Дзятлаўшчыне такой школы ці клуба, дзе б яна ні выступала.

Прыгадваецца такі выпадак. Аднойчы Вера Ігнатаўна зайшла да знаёмай у адну з дзятлаўскіх сталовак. Людзей ля буфета не было, і буфетчыца папрасіла паэтку прачытаць што-небудзь са сваіх вершаў.

– Я пачала чытаць сатырычны твор пра калгас, дзе равуць нядоеныя каровы, бо п’яная даярка не выйшла на работу, – успамінае яна. – Тут, бачу, да прылаўка падыходзіць малады чалавек. Стаў і слухае. Я думала, што ён хоча купіць якую булачку, і змоўкла. “Чытайце, чытайце, – просіць мужчына. – Я таксама паслухаю”. Калі закончыла, ён так горка ўсміхнуўся і кажа: “Гэта ж я старшыня таго самага калгаса…” Мы разам выйшлі на вуліцу, і ён запрасіў мяне ў машыну. З сумам і болем расказаў пра незайздросныя справы ў сельскай гаспадарцы, пра вялікую колькасць праблем. Я думала, што пакрыўдзіцца за сатырычны твор, а ён паставіўся з разуменнем. Нават падзякаваў і папрасіў лісток з вершам сабе на памяць.

Ёсць у Гезгалах Дом састарэлых, ці, як цяпер яго называюць, бальніца сястрынскага догляду. Вера Ігнатаўна часта ходзіць да яго насельнікаў, каб паспагадаць, сагрэць душэўнай цеплынёй, носіць розныя пачастункі. А тых, хто можа крыху рухацца на сваіх нагах, водзіць на прагулкі. Ці трэба казаць, як удзячны ёй няшчасныя людзі, з якім нецярпеннем чакаюць яе?

Дзвюх слаўных дачок выгадавалі Вера і яе муж Пётр, заўсёды былі для іх падтрымкай, добрымі дарадцамі. А калі мужа не стала, яна ўзваліла на свае плечы адказнасць за дачок, а потым за ўнукаў. І ўнукі павырасталі ўжо. Унучка Таня жыве ў Германіі, выйшла там замуж. Ёсць нашчадкі і ў Кіеве, і ў Лідзе.

Нягледзячы на шматлікія клопаты, Вера Ігнатаўна па-ранейшаму піша вершы. Піша і, так бы мовіць, складвае ў стол, бо раённая газета ўжо даўно не мае літаратурнай стронкі; відаць, там лічаць, што не патрэбна людзям паэзія. Хочацца, каб чытачы “Народнай Волі” пачыталі творы вясковай паэткі.

Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ.

Дзятлаўскі раён.

 

Вера ХРЫШЧАНОВІЧ

Жыровіцкай іконе Божай Маці

Там поле як поле, пясок як пясок,

Ды штосьці чарга за вадою.

То Мацеры Божай Святы паясок,

Што звязвае неба з зямлёю.

І ўсе, хто ў Жыровічах зведаў яе,

Хто сэрцам да Бога імкнецца,

Той святасці Божай з вадой зачарпне,  

І святасць яму адгукнецца.

О, Дзева Марыя, сама Ты прыйшла

Спасаць нашы грэшныя душы.

І як жа магла гэта веліч Твая

Змясціцца на дзікай той грушы?

Царыца Нябесная, нізкі паклон

Прымі і ад нас, беларусаў,

Пад Божым пакровам і Рым, і Афон,

І снежныя горы Эльбруса.

Там поле як поле, пясок як пясок,

Ды штосьці чарга за вадою,

То Дзевы Марыі жывы паясок,

Што звязвае неба з зямлю.

Казёл

У сваім двары і агародзе

Казёл з другімі жыў у нязгодзе.

Яго ад злосці аж насіла,

Што тут няма з кім змераць сілы,

Бо гэтым ён перад казою

Хваліўся важнасцю сваёю.

А як здабыў раздолле, волю –

З надворка вырваўся у поле,

Дзе ўсе казлы ў нажывах ежы

Пайсці імкнуліся за межы…

Тут стаў казёл рабой пароды

Другім казлам лізаць бароды

І, разглядзеўшыся з дарогі,

Не стаў шукаць, з кім стаць у рогі,

А пра надворак той успомніў,

Дзе на высокім быў узроўні.

На здымку: Вера Ігнатаўна Хрышчановіч.

Фота аўтара.

Аўтар: Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.