Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Свае прозвішчы пад лістом у рэдакцыю паставілі 16 чалавек з вёскі Шпакоўшчына Полацкага раёна. Паводле іх слоў, калі раней 6 мільёнаў рублёў, якія выдзяляліся на пахаванне чалавека, было дастаткова, то зараз гэтых грошай не хапае. У вёсцы жыве шмат пенсіянераў і маламаёмных грамадзян, якія ледзь зводзяць канцы з канцамі, дадатковых некалькі мільёнаў узяць ім проста няма адкуль.
1:59 10 лiпеня 2015
40
Памер шрыфта

Аўтары пісьма скардзяцца і на тое, што нават элементарнае добраўпарадкаванне могілак не вядзецца: яны зарастаюць баршчэўнікам, дарогі разбітыя, а кантэйнеры для смецця кудысьці зніклі.

– Зямля зарастае, ніхто за могілкамі не глядзіць, – распавядае жыхарка Шпакоўшчыны Жанна Мароз. – А грошы здзіраюць, і немалыя! Каб пахаваць чалавека побач са сваяком у адной агароджы, трэба заплаціць. Кошт зямлі складае 360 тысяч рублёў за квадратны метр, хаця зямлю ніхто не выкупляў.

– Наш сельсавет нас не заўважае, – падключаецца да размовы пенсіянерка Яніна Ліўманава. – Я тэлефанавала старшыні сельсавета, казала: “Прыязджайце да нас, збяром сход і ўсё вырашым”. Адкуль узяліся такія пахаванні? Шасці мільёнаў не хапае! Гэта нешта незразумелае… Але ніхто так і не прыехаў.

Раней, паводле слоў жыхароў Шпакоўшчыны, за гэтыя грошы куплялі адзенне нябожчыку, аднавяскоўцы дапамагалі капаць магілу, накрывалі жалобны стол і нават на помнік яшчэ заставалася. З пачатку гэтага года, каб пахаваць чалавека, сваякі павінны абавязкова звяртацца ў рытуальную службу, якая і будзе займацца арганізацыяй пахавання. Зразумела, за грошы.

Цікаўлюся ў жыхароў вёскі, навошта ў абавязковым парадку карыстацца паслугамі рытуальнай канторы?

У гэтым увесь сэнс, – у адзін голас кажуць жанчыны. – Па-першае, трэба з’ездзіць у Полацк за майстрам з канторы, які адмерыць кавалак зямлі, каб пакласці нябожчыка. Гэты майстар дае нейкую квітанцыю, што ўсё аплачана, і толькі тады можна хаваць чалавека. Без гэтага майстра нават магілу нельга капаць. Потым майстра трэба адвезці назад. Такая паездка з горада ў Шпакоўшчыну абыдзецца ў 300–400 тысяч. Магілу рытуальная кантора выкапае, але за вялікія грошы. У нас жывуць не багатыя людзі, каб маглі за ўсё  плаціць.

– А ці былі выпадкі, калі хтосьці без дазволу рытуальнай службы хаваў чалавека?

– Калі я тэлефанавала ў сельсавет, каб высветліць, што за абдзіралаўка адбываецца, старшыня мне сказала: “Зараз рытуальная служба будзе займацца пахаваннямі, калі патрэбны помнік, яны таксама паставяць”, – распавядае Яніна Ліўманава. – Не так даўно было пахаванне, і сваякі памерлага не з’ездзілі ў кантору і самі выкапалі яму. Прыехаў нейкі чалавек з рытуальнай канторы, крычаў на іх: маўляў, вы не мелі права без дазволу самі капаць магілу. Гэтыя правілы з’явіліся толькі з пачатку года, раней усё было нармальна. Самі хавалі, і грошай хапала, і ўсё па-людску было.

Паводле слоў Яніны Ліўманавай, такая сітуацыя склалася толькі ў іх вёсцы. Пенсіянерка тэлефанавала знаёмым у Глыбоцкі раён, але там толькі здзівіліся гэтаму новаўвядзенню. 

Паслухаўшы некаторых аўтараў пісьма, я вырашыў сустрэцца са старшынёй мясцовага сельскага Савета. І вось што пачуў.

Марыя СЦЕПУЛЁНАК:

«Так зручней»

“Народная Воля” звярнулася да Марыі Сцепулёнак, старшыні Астроўшчынскага сельсавета, у склад якога ўваходзіць вёска Шпакоўшчына, і папрасіла пракаментаваць сітуацыю. 

– Згодна з заканадаўствам, усе могілкі перададзены спецыялізаванаму камбінату “Рытуал”, які знаходзіцца ў Полацку, – распавядае Марыя Сцепулёнак. – Нябожчыку даюць адзінарную магілу (1,40 на 2 м) – у гэтым выпадку ніякая аплата не спаганяецца. Трэба заплаціць толькі за пасведчанне на пахаванне – гэта каля 45 тысяч. Калі ў адной агароджы ўжо быў пахаваны чалавек, а сваякі хочуць пахаваць побач іншага, то пры ўмове, што агароджа не перавышае нормы (2 м на 2,40 м), грошы таксама ні за што не бяруцца. Але калі хаваюць памерлага і агароджваюць зямлю, дзе можа змясціцца яшчэ пяць чалавек, то за квадратныя метры ўжо ідзе плата. 

У маім сельсавеце пад кантролем знаходзяцца 19 могілак. Што старшыня з двума памочнікамі можа добраўпарадкаваць на такой колькасці могілак? З 1 студзеня могілкі перададзены камбінату. Зараз у “Рытуале” ўсё размеркавана: прызначаныя глядзяць за могілкамі. У тым ліку і ў Шпакоўшчыне ўжо за кароткі прамежак часу было ўбрана 6 могілак. Кучы смецця спалілі, адходы, якія не прыбіраюцца, закапалі.

“Рытуал” робіць вялікую работу. Людзі яшчэ не прывыклі да новаўвядзенняў. Патрэбны час, каб насельніцтва пераканалася, што так зручней. 

Дарэчы, пытанне пра могілкі ўзняла Яніна Ліўманава, якая нікога не хавала, маўляў, не хапае грошай, якія выдзяляюцца… Няхай хаця б адзін чалавек пакажа квітанцыю, колькі грошай было аплачана! Калі хтосьці не жадае хаваць сам, то, натуральна, “Рытуал” бярэ плату за паслугі. 

– Жыхары кажуць, што самім хаваць нельга…

– Ужо можна. Памёр чалавек, арганізацыя, у якой ён працаваў, усе клопаты бярэ на сябе. Можна хаваць і самім. Калі з’яўляецца нейкае новаўвядзенне, то здаецца, што гэта дужа страшна. Пройдзе хаця б год, і людзі зразумеюць, што так лепш і зручней. Тым больш што большасць людзей «за». 

– У лісце больш за паўтара дзясятка прозвішчаў тых, хто супраць…

– У мяне ёсць фатаграфіі старых могілак. Можаце паглядзець, якія яны былі тады і якія сталі за апошнія паўгода.

Пытанне аб перадачы могілак спецыялізаваным камбінатам узнімалася ўжо даўно. Я лічу, што гэта правільна.

Раман ВАСЮКОВІЧ.

Фота аўтара. 

Полацкі раён. 

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.

Жители Бобруйска скидываются на реконструкцию детской больницы

В Бобруйске не хватает средств на реконструкцию детской больницы, которая обслуживает маленьких пациентов из пяти районов Могилевской области.

За скорость лишать, бесправников арестовывать: поправки в КоАП приняли во втором чтении

Бесправников в Беларуси планируют наказывать административным арестом за повторное нарушение. Об этом сегодня сообщил председатель Постоянной комиссии Палаты представителей по правам человека, национа