Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Лідар ствараемага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» паэт Уладзімір Някляеў мяркуе, што адзіная правільная стратэгія на прэзідэнцкіх выбарах для кандыдатаў ад апазіцыі – адмовіцца ад удзелу ў кампаніі і падтрымаць вылучэнне палітвязня Мікалая Статкевіча. Пра гэта палітык заявіў на «круглым стале» «Байкот ці ўдзел?», арганізаваным Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.
6:00 27 лiпеня 2015
14
Памер шрыфта

«Удзел апазіцыі ў выбарах у тым фармаце, які прапанаваны ўладай, шкодны для будучыні краіны, гэта вядзе да кансервацыі рэжыму», – мяркуе Някляеў. На яго думку, гэта адбудзецца незалежна ад таго, што кандыдаты паспеюць данесці да выбаршчыкаў. «Трэба было браць удзел у выбарах, але з тым, чаго мы не дабіліся, – з адзіным кандыдатам і адзінай праграмай», – зазначыў палітык.

Паводле слоў Някляева, ніхто з прадстаўнікоў палітычных партый не паспрабаваў прааналізаваць, як удзел або няўдзел апазіцыі ў выбарах 2015 года паўплывае на ўмацаванне або аслабленне беларускай дзяржаўнасці. «Найбольшая небяспека для краіны сёння – страта незалежнасці. Няма аналізу па асноўнай праблеме, якая пасля падзей ва Украіне проста стала відавочнай», – заявіў Някляеў.

Палітык таксама зазначыў, што ў няздольнасці апазіцыі дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата «персанальныя адносіны спрацавалі мацней, чым усё астатняе».

29 чэрвеня Някляеў упершыню выступіў з заклікам да патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты зняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп і падтрымаць вылучэнне адзіным кандыдатам ад апазіцыі палітвязня Мікалая Статкевіча. Аднак гэта прапанова экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года дагэтуль не знайшла падтрымкі.

ТЫМ ЧАСАМ

У ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты ўвайшло больш за 1500 чалавек. Гэта не толькі палітыкі, але і многія вядомыя беларусы: Зінаіда Бандарэнка, Павел Севярынец, Аляксей Марачкiн, Уладзімір Халіп, Мікалай Аўтуховіч, Рыгор Кастусёў, Славамiр Адамовiч, Лявон Вольскi, Аляксандр Тамковіч, Вячаслаў Сіўчык, Сяргей Законнікаў, Юрый Хашчавацкі, Зміцер Дашкевіч, Вольга Завадская і іншыя.

Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча былі пададзены ў Цэнтрвыбаркам учора. Але, нагадаем, што па беларускім заканадаўстве асуджаны чалавек не можа балатавацца ў прэзідэнты. Такім чынам, гэтую кампанію трэба разглядаць як кампанію салідарнасці з палітвязнем, кандыдатам у прэзідэнты на мінулых выбарах, які застаецца за кратамі.

Баранавіцкага актывіста не захацелі браць у каманду Лукашэнкі

Грамадскі актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус напісаў заяву аб уключэнні яго ў склад ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

Заяву спадар Чарнавус перадаў супрацоўніцы агульнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама. Пазней патлумачыў: “Я пазначыў, што добра ведаю выбарчы закон і маю вялікі асабісты вопыт збору подпісаў не толькі падчас выбараў, але і пры правядзенні розных грамадскіх ініцыятыў і кампаній. Таксама пацвердзіў у сваім лісце, што калі стану сябрам ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, то ў мяне не бу-
дзе ніводнага недакладнага подпісу выбаршчыкаў, нават пагадзіўся ўзначаліць у Баранавічах прэзідэнцкую ініцыятыўную групу. У заяве я цвёрда паабяцаў сабраць найбольшую колькасць подпісаў па Брэсцкай вобласці за дзеючага прэзідэнта і не дапусціць ніводнага недакладнага подпісу выбаршчыкаў”.

Пасля гэтага актывіст атрымаў на свой ліст адказ, у якім сказана, што гарвыканкам фарміраваннем ініцыятыўных груп не займаецца. 

Адказам гарвыканкама Мікалай Чарнавус быў незадаволены, а таму такую ж заяву даслаў і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Зрэшты, ініцыя-тыўная група Аляксандра Лукашэнкі ўжо зарэгістравана, баранавіцкага актывіста ча-
мусьці не захацелі браць у каманду кіраўніка краіны. Дарэчы, Мікалай Чарнавус абяцаў сабраць некалькі тысяч подпісаў…

Алесь СВЯТЛАНІЧ.


Пад пільным наглядам

Патэнцыяльныя кандыдаты ў прэзідэнты пайшлі ў народ. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, напрыклад, накіраваўся да прахадной Мінскага аўтамабільнага завода. Усё, што адбывалася, запісваў на камеру чалавек са спецслужбаў.

Перш за ўсё палітык хоча пазнаёміць лю-
дзей з праграмай АГП “Мільён новых працоўных месцаў” – менавіта ёй і прысвечаны ўлёткі, якія раздаваў старшыня АГП. Але, па сутнасці, гэта праграма стане выбарчай праграмай кандыдата ў прэзідэнты, калі Лябедзька будзе ў такім статусе зарэгістраваны.

У метро – нельга, у бальніцах – можна

У Мінску вызначаны месцы, забароненыя для правядзення
пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вы-
лучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гэта рашэнне Мінгарвыканкама ўступае ў сілу з 23 ліпеня і дзейнічае да 21 жніўня 2015 года ўключна, паведамілі ў прэс-службе.

Пікетаванне забаронена на аб’ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, у падземных пешаходных пераходах; на тэрыторыі Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа; на адлегласці менш як 200 м
ад будынкаў рэзідэнцый прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета міністраў; на адлегласці менш як 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абарана-здольнасць і бяспеку дзяржавы.

Устаноўлена, што пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў можа праводзіцца з 8.00 да 22.00.

Ці чытаў
Лазавік Канвенцыю?

Сёлетняя прэзідэнцкая кампанія – першая, падчас якой трапілі пад забарону заклікі да байкоту. Больш за тое, у беларускае заканадаўства ўнесены змены, згодна з якімі за такія заклікі прадугледжана пакаранне штрафамі. Але сітуацыя не такая простая. Бо здарыўся сур’ёзны юрыдычны казус.

Забарона на заклікі да байкоту выбараў з’явілася зусім нядаўна, калі ў лістападзе 2013 года ў беларускі Выбарчы кодэкс (артыкул 47) былі ўнесены змены. Згодна з імі аказаліся забаронены “заклікі, якія падахвочваюць або якія маюць сваёй мэтай падахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, рэферэндуму, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”. Іншымі словамі, была ўведзена забарона на заклікі да байкоту выбараў. 

Аднак у студзені 2014 года Беларусь афіцыйна далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў СНД. Пункт 8 артыкула 9 гэтага міжнароднага дакумента гучыць так:

“Асобы і органы, чыя дзейнасць накіравана на фальсіфікацыю падліку галасоў, вынікаў галасавання і вынікаў выбараў, на перашкоду свабоднаму ажыццяўленню грамадзянінам яго выбарчых правоў і свабод, у тым ліку ў
форме байкоту ці заклікаў да байкоту выбараў, адмовы ад выканання выбарчых працэдур або выбарчых дзеянняў, павінны пераследавацца па законе”.

Іншымі словамі, з Канвенцыі вынікае, што не тыя, хто заклікае да байкоту, падлягаюць пакаранню, а, наадварот, тыя, хто такія заклікі забараняе. 

Але… ці ведае пра гэта сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік?.. 

На гэтым тыдні, сустракаючыся з прадстаўнікамі місіі АБСЕ, сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік нагадаў, што Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў СНД і заявіў: «У адпаведнасці з гэтай канвенцыяй байкот забаронены. Прычым гэтая забарона распаўсюджваецца не толькі на выступленні кандыдатаў, але і на ўсіх грамадзян краіны. То бок калі дзяржава выдаткоўвае аграмадныя сродкі на арганізацыю і падрыхтоўку выбараў, то грама-
дзянам забаронена весці агітацыю за зрыў гэтага важнейшага мерапрыемства”.

У гэтай сувязі самі сабой узнікаюць пытанні:

– Ці чытаў Мікалай Лазавік Канвенцыю? 

– Ці дзейнічае яшчэ артыкул 8 беларускай Канстытуцыі, якім прызнаецца прыярытэт міжнародных дамоў і неабходнасць прывядзення нацыянальнага законадаўства ў адпаведнасць з імі?

– Ці законныя забарона на заклікі да байкоту выбараў і пакаранне за такія заклікі?

– Чаму спіць у шапку Канстытуцыйны суд?

Алена НОВІКАВА.




Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).

Как выглядит поездка на новом поезде из Минска в Варшаву

Журналистка «Белсата» Марина Вашкевич стала одной из первых пассажирок нового железнодорожного маршрута, который соединяет белорусскую и польскую столицы.