Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 4 студзеня 2017
9
Памер шрыфта

Многія нашы суайчыннікі ідуць следам за расійскай версіяй развіцця навагодняй тэмы. І… памыляюцца.

Традыцыя лічыць пачаткам года 1 студзеня ўзыходзіць да распараджэння рымскага імператара Юлія Цэзара, які ў 45 годзе ДА нараджэння Хрыстова ўвёў каляндар, названы ў гонар аўтара. Першыя сведчанні пра адлік года ад 1 студзеня згодна з хрысціянскім календаром на беларускай зямлі адносяцца да ХІІ стагоддзя. Тым не менш у народзе гэта яшчэ доўга не прыжывалася. Да таго ж у хрысціянстве адбыўся раскол (канчаткова ў ХІ стагоддзі), а праваслаўнымі было прынята весці гадавы адлік ад 1 верасня (гэта дзень пачатку заснавання свету).

Пачынаючы з ХІV стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае ішло на збліжэнне з Польскай Каронай. Апошняя імкнулася распаўсюджваць свае ўплывы на ўсход. У тым ліку – праз экспансію каталіцызму. Да каляндарнай сістэмы спрычынілася Люблінская унія (1569). Пасля яе, у 1583 годзе, агульны для абедзвюх дзяржаў кароль Сцяпан Батура загадам увёў Грыгарыянскі каляндар (уведзены папам Грыгорыем XIII за год перад тым). З тых пор Новы год у Беларусі афіцыйна і пачалі адзначаць 1 студзеня. Дарэчы, большасць еўрапейскіх краін пераходзіла на сучасную традыцыю святкавання 1 студзеня на працягу XVI–XVII стагоддзяў. Таму ВКЛ, як варта лічыць, знаходзілася ў тагачасным цывілізацыйным трэндзе.

Зразумела, адразу прышчапіцца традыцыя не магла. Таму даследчыкі лічаць, што быў час, калі беларусы маглі адзначаць Новы год ажно тры разы: 1 студзеня, 1 сакавіка і 1 верасня.

Дапамагло схіліць народныя масы да першастудзеньскага пачатку года ўніяцтва, якое ўзнікла ў 1596 годзе і перавяло большасць праваслаўных пад каталіцкую юрысдыкцыю.

Асобна зазначым, што ў Расіі адлік новага года з 1 студзеня быў уведзены толькі ў 1700 годзе ўказам Пятра І, але – паводле юліянскага календара, які ў сваю чаргу быў зменены на Грыгарыянскі ў 1918 годзе бальшавікамі. Гэта значыць, беларусы Новы год 1 студзеня па сучасным календары сустракалі на 335 гадоў раней за расіян.

Праўда, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Таму функцыянаванне грамадства паводле Грыгарыянскага календара было перарвана.

Зрэшты, для беларускага сялянства вышэйапісаныя каляндарныя пертурбацыі не мелі прынцыповага значэння. Яно жыло ў культурнай парадыгме той рэлігійнай канфесіі, да якой належала. Панавалі ж праваслаўе, уніяцтва (1596–1839) і каталіцызм. Важнейшае значэнне па-ранейшаму мелі элементы язычніцтва. Таму тая ж упрыгожаная ялінка (яна з’явілася ў нас толькі ў ХІХ стагоддзі, але ў сялянскую хату прыйшла толькі ў ХХ) прымяркоўвалася не да Новага года, а да Каляд. Таму і святкавання Новага года як нейкай урачыстасці не праводзілася. Адпаведна, не была распрацавана “праграма” свята, і Дзеда Мароза не існавала. Затое яго функцыі (перш за ўсё выкананне жаданняў і дарэнне прэзентаў) выконваў Святы Мікалай. Яго прыход спачатку адбываўся 6 снежня. Але з’яўленне Святога Мікалая было перасунута да Раства Хрыстова ў сувязі з тым, што Рэфармацыя хрысціянства, якая асабліва разгарнулася па Еўропе ў ХVІ–XVІІ стагоддзях, не ўхваляла ўшанавання святых. Гэтым самым фактычна стварылася глеба для ўзнікнення Дзеда Мароза.

Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.