Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 15 мая 2017
10
Памер шрыфта

Жлобінская раённая газета змяніла адну за адной свае ранейшыя назвы “Шлях сацыялізму” і “Камуніст” на абнадзейваючую “Новы дзень” і такім чынам як бы запэўніла чытачоў, што з сацыялістычна-камуністычным мінулым пакончана. Вось толькі ў рэальнасці гэта не заўважна. Хутчэй за ўсё, пакончана з беларускай мовай: стаўшы двухмоўнай, газета, па сутнасці, для сваіх публікацый абрала мову чужой краіны, нашай усходняй суседкі.

Да прыкладу, возьмем некалькі сакавіцкіх нумароў. Так, 7 сакавіка ў газеце па-беларуску змешчаны ўсяго дзве афіцыйныя малюпасенькія інфармацыі пра конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка” ад Міністэрства інфармацыі і пра форум маладых літаратараў Гомельшчыны ад абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Уласнага журналісцкага слова па-беларуску, як бачым, ніводнага. Калі, праўда, не лічыць назвы газеты і выхадных дадзеных.

Цалкам рускамоўны і газетны разварот, адведзены пад віншаванні жанчынам ад розных устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў. Як і афіцыйнае віншаванне жлабінчанкам ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.Няхай і старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Т.Яновіч. Быццам і жанчыны нашы – не беларускі, а расіянкі. Літаратурная старонка – таксама ўся з рускамоўных вершаў. Ці магчыма было такое ў часы, калі газету ўзначальваў энергічны і ўсюдыісны Пятро Шутаў?

 Па-руску павіншавалі з Днём Канстытуцыі жыхароў горада і раёна ў нумары ад 14 сакавіка і кіраўнікі раёна – старшыня райвыканкама І.Навуменка і старшыня райсавета дэпутатаў М.Касюкоў, як і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Г.Мельнікава (зрэшты, яна  ж і галоўны рэдактар газеты) і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Жлобіншчыны В.Дзьячэнка і У.Шчэпаў (з іншымі святамі ў іншых нумарах тая ж самая карціна – быццам гэтыя ўшчэнт зманкуртаваныя чыноўнікі і заканадаўцы і не ведаюць, у якой краіне жывуць). Ды і з астатніх газетных матэрыялаў у гэты дзень – зноў-такі толькі дзве невялічкія публікацыі на роднай мове. Нават пра сустрэчу рэдактара аддзела “Новага дня” Юліі Андросавай з вучнямі СШ №13 – на рускай. У якой навучальнай установе вучылася гэтая журналістка і ці вучылася ўвогуле? Ва ўсялякім разе на адсутнасць нацыянальнай свядомасці яна, прабачце за такі выраз, дакладна хворая.

Усяго дзве публікацыі на роднай мове ў нумары ад 17 сакавіка: “Жыццёвыя гісторыі гісторыка Аляксандра Пятруніна”  журналіста Мікалая Шуканава і “Рэвалюцыйная вясна 1917 года” супрацоўніка мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея Уладзіміра Малеца.

Наўрад ці варта гартаць жлобінскую газету далей, бо, колькі б мы яе ні гарталі і як бы ні ўчытваліся, публікацый на беларускай мове там і пад павелічальным шклом знойдзеш не шмат. Бо ў калектыве рэдакцыі, дзе галоўным рэдактарам і галоўным манкуртам з’яўляецца Галіна Мельнікава, зусім не шануюць родную мову. Ды і ці родная яна для журналістаў, для якіх, магчыма, і Беларусь – не суверэнная дзяржава, не родны край, а толькі месца іх пражывання і працы? Дык ці можна чакаць ад “пражываючых” нейкай патрыятычнай пазіцыі? Але для чаго тады мясцовая ўлада – райвыканкам на чале з яго старшынёй І.Навуменкам? А што, у вобласці не бачаць, якую моўную пазіцыю займае рэдакцыйны калектыў “Новага дня”? І ці ж можна было вылучаць членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Г.Мельнікаву, калі яна, будучы рэдактарам раённай газеты, так пагардліва ставіцца да роднай мовы?

А дзе ж нацыянальная пазіцыя кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі? Ці, можа, і чыноўнікі гэтага ідэалагічнага ведамства заадно з манкуртамі з зарэгістраваных імі газет?

Алесь КАВАЛЕВІЧ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".