Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:45 14 верасня 2016
20
Памер шрыфта

Сёння нацыянальная зборная Беларусі па футболе правядзе першы матч адборачнага турніру да чэмпіянату свету-2018, які пройдзе ў Расіі. Паядынак са свежаспечанымі віцэ-чэмпіёнамі Еўропы пачнецца ў 21.45 у Барысаве. А напярэдадні гэтай сустрэчы Беларуская федэрацыя футбола ўпершыню ў гісторыі арганізавала цалкам адкрытую трэніроўку.

Заўзятараў футбола сабралася на здзіўленне шмат. Але важная не колькасць, а тое, што гульцы галоўнай каманды краіны атрымалі зарад станоўчых эмоцый ад люду на трыбунах, яны ўбачылі, што іх любяць, што ў іх вераць. А не толькі «паліваюць» на форумах пасля паражэнняў.

Новае візуальнае аблічча нацыянальнай каманды стала нейкім спускавым кручком. Спачатку для заўзятараў (бо яны і выбіралі новы брэнд для футбольнай зборнай), а цяпер, спадзяёмся, і для падапечных галоўнага трэнера Аляксандра Хацкевіча.

Атрыбутыка з «Белымі крыламі» прадавалася як піражкі ля супермаркетаў. Акрамя маек, кепак і шалікаў заўзятары маглі купіць значкі, праграмкі і іншыя футбольныя артэфакты на «барахолцы». Тыя, хто прагаладаўся, маглі перакусіць, іншыя – пагуляць у настольны (і не толькі) футбол, нанесці эмблему зборнай на твар або руку, зрабіць фота з маскотам «нацыяналкі» Ваяром ці стылізаванымі «Белымі крыламі» і, выклаўшы здымак у “Інстаграм”, атрымаць прыз.

Але для большасці прысутных узнагародай былі зносіны з гульцамі, а таксама аўтограф-сесія, якую ладзіла каманда пасля завяршэння трэніроўкі. Тыя, каму роспісаў футбалістаў было мала, фатаграфаваліся з кумірамі.

Хто-ніхто здымаў сябе на фоне пеўняў: БФФ шляхетна патроліла французаў, размясціўшы клеткі з 11 белымі пеўнямі (гэта жывёла – сімвал зборнай Францыі): адна з дзяўчат, якія дапамагалі арганізатарам правесці адкрытую трэніроўку, начапіла на клетку вымпел французаў.

Намеснік дырэктара дэпартамента па маркетынгу і камунікацыях БФФ Дзмітрый Герчыкаў адкрыта прызнаў, што акцыя арганізоўвалася для таго, каб «прабіць лёд», які адчуваўся ў апошні час паміж заўзятарамі і зборнай. І нельга не прызнаць, што задумка ўдалася. Калі зборная ішла да поля, балельшчыкі арганізавалі жывы калідор, і выглядала гэта ўражліва.

Парадавала і тое, што на мерапрыемстве не было ніводнага міліцыянера. Думаеце, ад гэтага было менш парадку? Зусім не! Парачка сцюардаў сачыла толькі за тым, каб заўзятары не перашкаджалі футбалістам праводзіць трэніроўку, а салідную частку аўдыторыі складалі таты-мамы з сваімі дзецьмі. Атмасфера была сямейная ва ўсiх сэнсах!

«Мы хочам, каб людзі прыходзілі на футбол з задавальненнем, праводзілі час усёй сям’ёй на пазітыве, – кажа Герчыкаў, – і я рады, што сёння атрымалася зрабіць упэўнены крок».

Паводле слоў аднаго з арганізатараў адкрытай трэніроўкі, мерапрыемствы ў такім фармаце будуць праводзіцца і надалей. Але з якой перыядычнасцю, Дзмітрый адказаць не бярэцца.

Трохі засмуціла тое, што на трэніроўцы не было прадстаўнікоў фанацкай групоўкі, якія класна падтрымліваюць зборную. Уладзіміру Беражкову, які ўзначальвае дэпартамент па маркетынгу і камунікацыях, пакуль з Б-12 наладзіць кантакт не ўдалося. Спадзяёмся, што толькі пакуль, таму як менавіта вакол гэтай групы і павінен фарміравацца шырокі трыбунны балельшчыцкі «фронт».

А падтрымкі Б-12 нашай зборнай у апошні час вельмі не хапала. Варта толькі ўспомніць матч з Македоніяй, на якім было паўтары тысячы гледачоў, якія вельмі млява рэагавалі на тое, што адбывалася на полі. Пры гэтым частку з іх на трыбуны сагналі дырэктыўна.

Ад падобнай практыкі новы дэпартамент БФФ мае намер адысці раз і назаўсёды. «Гэта прынцыповая пазіцыя. Па колькасці гледачоў на трыбунах будзе бачна наша праца», – сказаў Дзмітрый Герчыкаў.

А сёння ўвечары наша каманда згуляе са зборнай Францыі. У гэтай гульні можа адбыцца дэбют (у афіцыйным матчы) Аляксея Рыаса. Некалькі месяцаў таму ён сур’ёзна разглядаў прапанову федэрацыі футбола Перу гуляць за зборную гэтай краіны. Бо бацька хаўбека – перуанец.

«Узімку была канкрэтная прапанова ад перуанскай федэрацыі. Але затым я атрымаў траўму, і дэбютаваць за зборную другой радзімы не атрымалася. А калі паступіла прапанова ад роднай зборнай, у якой марыў згуляць з дзяцінства, я не мог адмовіцца», – кажа паўабаронца беларускай нацыянальнай зборнай.

Паводле слоў Аляксея, тое, што з французамі мы сустракаемся на старце кваліфікацыйнага турніру, нічога не мяняе: «З сапернікамі такога высокага ўзроўню трэба заўсёды дэманстраваць найвышэйшую самааддачу. Без яе не дамагчыся выніку ў паядынку з французамі».

«Запомніце хлопцы: новы брэнд – новы трэнд, – пракрычаў выходзячым на трэніровачнае поле футбалістам Сяргей, заўзятар з салідным стажам. І дадаў: – Мы павінны вамі ганарыцца!» Адказам яму былі ўхвальныя воклічы і апладысменты трыбун.

Фота аўтара.

Аўтар: Алег ШАПЯЛЮК 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Умер Арсений Рогинский

В Израиле 18 декабря умер Арсений Рогинский – российский историк, правозащитник, общественный деятель, председатель правления правозащитного и благотворительного общества "Мемориал".

В бюджете-2018 президентский фонд вырос в 2,7 раза. Депутаты не знают, зачем

18 декабря Палата представителей в первом чтении принимает бюджет Беларуси на 2018 год.

Министр труда рассказала, кто все-таки получит в 2018 «по пятьсот»

В 2018 году средняя зарплата белорусов составит от 921 до 941 рублей. Об этом заявила в Палате представителей министр труда и социальной защиты Ирина Костевич во время обсуждения законопроектов по бюд