Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

11:53 26 мая 2017
10
Памер шрыфта

На мінулым тыдні ў Мінску адбылося першае пасяджэнне аргкамітэта па стварэнні партыі «Жаночая альтэрнатыва». Сустаршынямі сталі Ніна Стужынская і Валянціна Болбат.

Як аказалася, у стваральніц жаночай партыі вялікія планы. Аб некаторых з іх «Народнай Волі» распавяла кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская.

– Ніна Іванаўна, сёння існуе шмат розных аргкамітэтаў, але партыю стварыць за апошнія дзесяцігоддзі ні ў кога не атрымалася…

– Мы разлічваем на працягу года зрабіць усё неабходнае для гэтага, сабраць увесь рэсурс. А атрымаецца ці не – паглядзім!

Дарэчы, «Жаночая альтэрнатыва» – пакуль умоўнае імя нашай будучай партыі, канчатковую назву зацвердзіць устаноўчы з’езд.

– Для рэгістрацыі партыі патрэбна 1000 чалавек…

– Зашмат, вядома, але, думаю, нам гэта будзе па сілах. Я вельмі спадзяюся, што менавіта наша арганізацыя прыцягне ў палітычны працэс не ангажаваных раней жанчын. Бачыце, што паказала гэтая вясна? Шмат жанчын, якія раней былі не знаёмыя ні з апазіцыйнымі партыямі, ні з палітыкамі, проста выйшлі на вуліцу на акцыі пратэсту. Таму што жыццё дастала! Маленькія зарплаты, беспрацоўе, цяжкасці ў сям’і… Думаю, усе гэтыя жанчыны цалкам могуць далучыцца да нашых шэрагаў. А пакуль ядром нашай партыі будуць актывісткі сацыял-дэмакратычнай партыі, усе мае калегі, сябры.

– Шчыра кажучы, некаторыя палітыкі чамусьці скептычна глядзяць на вашу ініцыятыву…

– Таму што гультаяватыя! Вельмі проста сядзець на канапе і перабіраць костачкі ўсім запар. Я не звяртаю на гэта ўвагі.

Дарэчы, у свой час адной з самых вядомых партый была жаночая – «Надзея». Відавочна, што сёння ў палітыцы не хапае менавіта жаночага голасу. Напрыклад, мы ўсе прыслухоўваемся да таго, што кажа Святлана Алексіевіч. Я часам думаю: калі б яна нават проста намякнула, што ў яе ёсць палітычныя амбіцыі, для многіх нашых людзей гэта было б як святло ў акенцы! Бо ўся яе літаратура – гэта поўнае разуменне сітуацыі ў краіне, праблем людзей. Яна выдатна ведае, як жыве народ. І ў Алексіевіч, акрамя ўсяго іншага, вельмі шмат спагады да людзей. Мне здаецца, яшчэ ніхто з нашых палітыкаў не пашкадаваў і не паспачуваў нашым людзям. Усе прывыклі толькі выкарыстоўваць людзей.

– Ніна Іванаўна, а што з нагоды маючых адбыцца выбараў скажаце? Будзеце балатавацца?

– Так, будзем браць самы актыўны ўдзел у мясцовых выбарах і ўсіх наступных кампаніях. Мне падаецца, нават добра, што партыя арганізоўваецца напярэдадні мясцовых выбараў. Гэта кампанія стане добрым стартам для нас.

Жаночыя ініцыятывы, як правіла, рэалізуюцца ў самыя цяжкія для краіны часы. Так, у 1918 годзе паўстала першая жаночая арганізацыя, якую арганізавала выбітны палітык Палута Бадунова і назвала яе імем іншай бліскучай беларускі – Алаізы Пашкевіч. Я думаю, у наступным годзе мы гэтую дату абавязкова адзначым.

Вы выдатна ведаеце, як у нас праходзяць выбары. І ўсё роўна пойдзеце?

– Так! Выбары патрэбны, каб трымаць партыю ў тонусе. Выбарчыя кампаніі даюць магчымасць убачыць праблемы, пачуць людзей, прапанаваць ім свае рэцэпты і рашэнні. Гэта магчымасць паказаць, што ў партыі ёсць годныя асобы, за якімі варта ісці.

Наогул, акрамя палітычнай актыўнасці наша галоўная задача – рабіць акцэнт на тым, што хвалюе жанчын. Для любой жанчыны ў першую чаргу важны свой дом, сямейны ачаг, а для партый у прыярытэце – нацыянальны дом. Таму дзве нашы галоўныя мэты – бяспека і дабрабыт. І для краіны, і для сям’і.

– Хто з вядомых жанчын падтрымае вашу партыю?

– Цяжка сказаць. У нас наогул грамадзянская салідарнасць – паняцце адноснае, а жаночая – тым больш. Але я лічу, што нас падтрымаюць аднадумцы, жанчыны, якія разумеюць вастрыню моманту і падзяляюць праграму партыі. Нічога такога нежыццёвага мы не прапануем. Напрыклад, у самы бліжэйшы час мы стартуем з праектам «Разам супраць раку малочнай залозы».

Мы выступаем за бязлітасныя меры супраць распаўсюджвання алкагалізму і наркаманіі, за прыняцце закона, накіраванага на прадухіленне хатняга гвалту, за паляпшэнне якасці дзяржаўнага медыцынскага абслугоўвання, за рэалізацыю на дзяржаўным узроўні праграмы эканамічнай бяспекі жанчын і прыняцце спецыяльных мер па прадухіленні беднасці беларускіх сем’яў, за рэальнае забеспячэнне права на роўную аплату пры роўнай працы і рэальную магчымасць кар’ернага росту, за ўвядзенне ў практыку дэмакратычнага конкурснага адбору на кіруючыя пасады.

– Не сакрэт, што сёння да апазіцыйных партый і іх лідараў неадназначнае стаўленне. «Героі без… перамог», як напісаў нядаўна на старонках “Народнай Волі” адзін з нашых аўтараў…

– Не думаю, што і да нас будзе такое стаўленне. Я бачу партыю як інструмент для перамен. Веру ў садружнасць людзей, аднадумцаў. І я ведаю, што актыўная меншасць можа перамагчы там, дзе большасць пасіўная…

ПЫТАННЕ Ў ЛОБ

Валянціна БОЛБАТ:

“Я мушу сысці…”

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Жаночая альтэрнатыва” Валянціна Болбат – сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, якой кіруе Ірына Вештард.

“Народная Воля” пацікавілася, ці застанецца Болбат сябрам адразу дзвюх партый?

 

 

Канешне, я не маю права быць у дзвюх партыях і мушу сысці з БСДП, – адказала Валянціна Васільеўна. – Я зрабіла свой выбар. Прычым гэта рашэнне было для мяне вельмі няпростым. Але я не бачу сябе сярод тых людзей, якія сёння кіруюць БСДП “Грамада”. На жаль, сёння там не чуюць тых, хто дазваляе сабе нейкую крытыку. А я хачу працаваць, у мяне ёсць ідэі і цяпер будзе магчымасць іх рэалізаваць. Разумею, што будзе няпроста, але мы падрыхтаваныя і загартаваныя!

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

18 лістапада 2017

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.