Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Бабуля неяк расказала пра найвялікшы жах свайго дзяцінства. 
1:55 20 лiпеня 2015
15
Памер шрыфта

Да іх у вёску прыйшла багамолка і прынесла страшэнныя навіны, што недзе там, ужо недалёка, пачаўся канец свету. І страшна будуць мучыцца людзі, чыстага неба не пабачаць. Бо неба тое ўжо пачалі зацягваць дротам. І няўмольна насоўваецца гэтая навала на тутэйшыя вёскі, кіламетр за кіламетрам. 

“Далібог, сваімі вачыма бачыла”, – клялася багамолка…

Мая бабуля, дзяўчо тады, ад страху плакала начамі. Ды і некаторыя дарослыя галасілі, гледзячы на аблокі. Неба?! Дротам?! Як гэта?! Лепш ужо і не выжыць, каб доўга не мучыцца!

Аказалася, у вёскі вялі электрычнасць.

Цяпер, бывае, гляджу я на тых, хто не дае жыцця незалежным СМІ, спрабуючы прымусіць усіх да “адзіна правільнай праўды”, і бачу тую багамолку з бабуліных кашмараў. Свабоднага слова яны баяцца, проста як нейкага вар’яцтва. Каб кожны мог гаварыць і пісаць тое, што думае, што лічыць неабходным, – у іх светапогляд гэта не ўкладваецца. Для іх гэта немагчыма. Жах! Канец свету!

Сапраўднае нашэсце “багамольцаў” было на рэдакцыю, калі мы надрукавалі ўспаміны Іллі Копыла “Нябышына. Вайна”. Ваенны пенсіянер, ён сустрэў вайну падлеткам і апісаў, што бачыў, што помніў, што перажыў. Пасля гэтага пачалося такое, нібы чалавек не свае ўспаміны надрукаваў, а перапісаў за апосталаў Святое пісанне.

Спачатку на нас нацкавалі  БРСМ. 

Дэлегацыя абураных маладых камісараў прыйшла ў рэдакцыю з флэш-мобам: урачыста ўручыць нам кнігі “Памяць”, каб мы ведалі “праўдзівую праўду” пра вайну.

Цікаўлюся: 

– Ілля Копыл пісаў пра тое, што сам бачыў і сам перажыў. А вы адкуль “праўдзівую праўду” ведаеце? З кіно? З кніжак?

– Мой дзед быў у партызанах, – адказвае адзін. – Як вы сёння можаце пісаць, што партызаны забівалі мірных жыхароў?! Як вы можаце ачарняць памяць майго дзеда, ачарняць партызанскі рух? Як можаце працаваць у нашай рэспубліцы-партызанцы?! Вы не “Народная Воля”, вы – “Антынародная воля”.

– Але ж праўда – яна і ёсць праўда. І ў любым выпадку праўда – гэта лепш, чым казкі пра вайну, якімі нас доўгія гады кармілі і ў якія ніхто не верыў. Вы асабіста супраць праўды?

– Праўда вось тут надрукавана, – хлопцы паказваюць на таўшчэзныя, афіцыйныя кнігі “Памяць”. – Спецыяльна для вас прынеслі. Чытайце!

– Абавязкова пачытаем. 

Адкрываю наўздагад кнігу на нейкай старонцы і, як на тое шчасце, бачу спіс прозвішчаў мінскіх падпольшчыкаў з прыпіскай: “Расстраляны партызанамі”. 

– Вы самі гэтую кнігу чыталі? – пытаюся.

– А як жа!

– Вось тут напісана, што, здаралася,  партызаны расстрэльвалі падпольшчыкаў. Па вашай логіцы, гэта ёсць ачарненне памяці. Толькі вось не магу зразумець чыёй – памяці падпольшчыкаў ці памяці партызан?

“Камісары” ад БРСМ, не паверыўшы, вылупілі вочы:

– Дзе такое напісана?

Паказваю на старонку прынесенай імі ж кнігі. Тут ужо ім і сказаць не было чаго. Разгубіліся і хуценька сышлі.

Затое праз колькі дзён адстойваць “праўдзівую праўду” з пікетам пад вокны рэдакцыі прыйшлі абураныя ветэраны. Такія не паспеюць у грамадскі транспарт увайсці, як ужо крычаць, каб ім саступілі месца. А тут ні хвароб, ні стомленасці – стаяць, плакаты трымаюць і хоць бы што. 

Кіраваў імі вельмі бойкі і вельмі абураны ветэран з медалямі. Але як для ветэрана вайны – дык нейкі замалады.

– У вас іншыя ўспаміны пра вайну? – пытаюся. – Вы з якога рэгіёна родам?

– Я ў 1945 годзе нарадзіўся, – адказвае. – І родам са Стаўрапольскага краю. Усё жыццё служыў у арміі. Так што праўду пра вайну я ведаю лепш за вашага Копыла. І не дазволю перапісваць гісторыю. Мы не дазволім!.. 

Ну што можна такому даказаць: не жыў, не бачыў, але ўсё роўна ведае лепш за каго… І смех і грэх проста. 

Але нагадаю, што з-за тых “багамольцаў” ледзь газету не закрылі. Міністэрства інфармацыі ўжо нават падало ў суд іск на ліквідацыю нашага выдання. Літаральна ў апошні момант нехта ва ўладзе адумаўся. 

І вось што цікава: чалавек, які першым той публікацыяй абурыўся, узняў на дыбы Міністэрства інфармацыі, Адміністрацыю прэзідэнта, ветэранскія і маладзёжныя арганізацыі, потым прыйшоў пад рэдакцыю стаяць у пікеце і грамчэй за іншых даказваў, што газету трэба забараніць, і зараз чытае “Народную Волю”. Ён дасылае нам свае роздумы на розныя тэмы, час ад часу яны з’яўляюцца на старонках газеты… Ёсць такія дзіўныя людзі: спачатку баяцца неба ў дроце, а потым жыцця не ўяўляюць без электрычнасці.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.