Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 10 студзеня 2017
8
Памер шрыфта

Даўно не ўзгадваўся А.Пушкін, а вось учора толькі прыехаў у рэдакцыю, сеў за рабочы стол, як на памяць прыйшлі яго знакамітыя словы: “Для всякого человека есть праздник, а для журналиста – никогда”. Так выказаўся Аляксандр Сяргеевіч, які меў непасрэднае дачыненне да выдання “Литературной газеты”, а таксама часопіса “Современник”.

І сапраўды, другі дзень Новага года большасць людзей працягвалі святкаваць, а мы, супрацоўнікі “Народнай Волі”, з самага ранку і да позняга вечара варажылі над нумарам, які вы, шаноўныя чытачы, зараз трымаеце ў руках. Не да адпачынку было, калі стаяла задача без спазнення ўпісацца ў графік работы друкарні, экспедыцыі па дастаўцы газеты ў рэгіёны, іншых партнёрскіх служб.

І ўсё ж, шаноўныя сябры, я спаслаўся на Пушкіна не для таго, каб паскардзіцца вам на рэдактарскі лёс, на тое, як нам, журналістам, цяжка дастаецца выпуск “Народнай Волі”. Наадварот, хачу ў нейкай меры абвергнуць сусветнага генія. Вось ужо дваццаць другі год для мяне і для тых, хто ўвесь гэты час падстаўляў мне сваё плячо, вялікае свята – выдаваць газету, не звяртаючы ўвагі на тыя ці іншыя складанасці. Вы ведаеце, праз якія выпрабаванні давялося нам прайсці (і друкаванне газеты ў Вільнюсе, Смаленску, і шматлікія суды, і непамерныя штрафныя санкцыі, і пагрозы забойства…), але мы зрабілі ўсё, каб не загінула наша вольная дэмакратычная ластаўка. І сёння ад супольнай працы над чарговым нумарам кожны з нас, народавольцаў, атрымлівае творчую асалоду. Наша радасць грунтуецца ў першую чаргу на тым, што мы робім патрэбную справу. Для Беларусі, для ўсяго беларускага народа.

Без усялякай пафаснасці скажу: для нас галоўнае – гэта апраўдаць ваш, шаноўныя прыхільнікі “Народнай Волі”, давер. І ў 2017-м мы будзем старацца радаваць Вас цікавымі, змястоўнымі, актуальнымі публікацыямі, даваць як мага больш эксклюзіўнай інфармацыі для роздуму над тымі вострымі праблемамі, якія вылучае час, найноўшая гісторыя.

Наш творчы шлях не ўсыпаны ружамі, але ж мы не сыдзем з яго, не збочым з тых прынцыповых пазіцый, якія адстойвалі на працягу двух з лішнім дзесяцігоддзяў. Трымаліся ўсе гады дэмакратычнага накірунку – і будзем трымацца! Спрыялі адлюстраванню плюралістычных поглядаў – не адмовімся ад гэтага і ў будучым. Чаплялі вострым пяром тых, хто не ўладах з сумленнем і законнасцю, – пад прыцэлам такія асобы застануцца і надалей. Не памятаю, каму належаць наступныя словы, але я люблю іх паўтараць: крытыка – наждак для іржы.

“Народная Воля” – не служанка тых ці іншых сіл, кланаў. У той жа час старонкі газеты былі і застаюцца даступнымі для тых, каго хвалюе лёс Беларусі, яе сённяшні і заўтрашні дзень. Невыпадкова на адной з прэс-канферэнцый А.Р.Лукашэнкі  я прапанаваў выкарыстаць пляцоўку “Народнай Волі” для агульнанацыянальнай дыскусіі па найбольш праблемных пытаннях развіцця краіны, дзяржавы, грамадства. Здавалася, апазіцыя першай кінецца рэалізоўваць гэтую надзвычай актуальную ідэю. Ды дзе там! Міналі тыдні, месяцы, а ў лідараў палітычных партый, грамадскіх рухаў як быццам мову адняло. І я, помню, у адным са сваіх артыкулаў рэзка выказаўся на адрас тых, хто ціха адмёў маю ідэю аб правядзенні  “круглага стала”, які мог бы стаць лёсавызначальным для Беларусі. Дзеля праўды трэба сказаць: А.Лукашэнка тады падтрымаў маю прапанову, нават сказаў, што ў пасяджэнні за “круглым сталом” возьмуць удзел прадстаўнікі Савета бяспекі. А вось тыя, хто павінен быў ухапіцца за гэта, як за выратавальную саломінку, у адказны момант схаваліся ў кусты.

Я іншы раз чую: не драматызуйце сітуацыю, у краіне спакойна – і дзякуй Богу! На першы погляд апаненты як быццам маюць рацыю. А калі глыбей паглядзець? На могілках таксама ціха, але ж там няма жыцця. Калі не падштурхоўваць улады, тыя ж палітычныя партыі, рухі да ўзаемных рашучых дзеянняў на карысць усяго грамадства, то сённяшняя падманлівая стабільнасць заўтра ператворыцца ў магільную цішыню. А то і выбухне такім майданам, што зямля задрыжыць. Вось чаму “Народная Воля” шчыпала і будзе шчыпаць усіх, хто засынае на хаду, хто забывае пра сваю канкрэтную місію.

У змаганні за Беларусь дэмакратычную, за Беларусь прававую рэдакцыйны калектыў “Народнай Волі” і надалей будзе апірацца на Вас, шаноўныя чытачы. І прыемна адзначыць, што кола прыхільнікаў газеты не звужаецца. Пра гэта, дарэчы, сведчаць вынікі чарговай падпісной кампаніі. Дзякуй Вам, шаноўныя сябры, за вернасць газеце, за падтрымку яе сваімі зберажэннямі.

Я не буду ў дэталях распісваць нашы творчыя планы на 2017 год. Скажу толькі: ёсць шмат новых задумак. У прыватнасці, больш увагі будзем надаваць жыццю ў рэгіёнах. Пад абстрэл возьмем так званых мясцовых князькоў. А то што ж бачым: у раёне ўсё валіцца, простыя людзі марнеюць, не могуць звесці канцы з канцамі, а начальнікі і начальнічкі будуюць для сябе і сваіх сямейнікаў камунізм. Зразумела ж, не за афіцыйныя зарплаты, а абкрадаючы тыя ж працоўныя калектывы, дзяржаву. Вунь як глыбока пусціла карані карупцыя! Адным словам, шырокае поле для дзейнасці “Народнай Волі”.

Па рэдакцыйнай пошце заўважаю: людзі стаміліся змагацца з мясцовымі бюракратамі, якія фармальна як быццам дзейнічаюць па законе, а на самай справе – з іх боку адбываецца не што іншае, як жудасны здзек з чалавека. Тым чынушам, якія ў 2017 годзе трапяць пад каток “Народнай Волі”, не паздаровіцца!

Не, для нас, народавольцаў, якія прайшлі агонь, ваду і медныя трубы, галоўнае не скандальнасць, не самапіяр, а ПРАЎДА і абарона ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА. Стаялі на гэтым і стаяць будзем! Не дарэмна мы часта паўтараем на старонках газеты адзін і той жа слоган:

Вы – з “Народнай Воляй”, “Народная Воля” – з Вамі!

Разам мы выжывем, разам пабудуем дэмакратычную Беларусь!

З Новым годам Вас, шаноўныя! З Нараджэннем Хрыстовым!

Міру, спакою, дабрабыту кожнаму дому, кожнай сям’і!

Іосіф СЯРЭДЗІЧ, заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”.

Аўтар: Іосіф СЯРЭДЗІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.