Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 8 снежня 2016
286
Памер шрыфта

Апошнім часам ледзь не штодня з’яўляюцца паведамленні, у якіх фігуруюць супрацоўнікі міліцыі. Яшчэ не сціхлі жарсці ў справе Івана Барбашынскага, брат якога загінуў у следчым ізалятары, як грамадскасць пачала сачыць за справай фермера Мікалая БЕЛЬЧУКА з вёскі Страдзеч Маларыцкага раёна, якая разглядаецца ў Брэсцкім раённым судзе. Яго таксама абвінавацілі ў гвалце супраць міліцыянера.

Што ж такое магло здарыцца з простым селянінам, добрым гаспадаром, каб яго судзілі?

З сухіх вытрымак з крымінальнай справы вынікае, што інцыдэнт адбыўся яшчэ 9 мая 2014 года. Менавіта ў той святочны дзень сям’я Бельчукоў мела канфлікт з супрацоўнікам ДАІ з-за свайго самаробнага трактара. Той, хто хоць крыху ведае пра вясковае жыццё, зразумее, што такі канфлікт можа адбыцца з кім заўгодна. Бо ў нашых вёсках ледзь не ва ўсіх гаспадарках, дзе ёсць мужыкі, якія яшчэ не спіліся і працуюць на сваёй зямлі, трактары, як правіла, самаробныя. На заводскі трактар “Беларус” грошай у вяскоўцаў няма, а калі б і знайшліся, то давялося б шукаць яшчэ амаль столькі ж, каб хапіла на запчасткі. Вось і даводзіцца мужыкам быць і інжынерамі-канструктарамі, і аўтадызайнерамі, бо часам трапляюцца такія экзэмпляры, якія можна смела накіроўваць на выстаўку. Дэталі шукаюць на сметніках, бяруць у знаёмых: рухавік – ад адной машыны, руль – ад іншай. Дапамагаюць усе сяляне. Дый дзецям ёсць цікавы занятак. Але…

У той дзень ратаваць трактар ад супрацоўніка ДАІ Сяргея НЕЛІПОВІЧА кінулася, бадай, уся вёска. Потым у судзе міліцыянеры скардзіліся, што ўсе тыя “нехарошыя” сяляне не падпарадкоўваліся іх патрабаванням. Неліповіч абвінаваціў брата Мікалая – Аляксандра Бельчука – у гвалтоўных дзеяннях. На селяніна склалі пратакол, і суд стаў на бок міліцыянера. У выніку Аляксандра пакаралі арыштам на тры месяцы. Што да яго брата Мікалая, якога цяпер судзяць, то міліцыянеры чамусьці ўзгадалі пра яго толькі амаль праз два з паловай гады, 12 кастрычніка 2016 года. І зноў не абышлося без інцыдэнтаў.

Як распавядаюць самі Бельчукі, у вёску прыехалі невядомыя людзі ў цывільным, схапілі Мікалая і гвалтам пацягнулі ў бок лесу. Напалоханыя сваякі кінуліся ўслед. Дагналі машыну, на якой невядома куды спрабавалі завезці Мікалая. Тут і суседзі падаспелі на падмогу. Адзін з іх, Віктар Палявік, спытаў: “Хто вы такія?” – і адразу атрымаў па назе. Але нападнікі гэтым не абмежаваліся: Віктара ўдарылі ў твар, потым павалілі на зямлю і збілі нагамі. Яго жонку Святлану схапілі за горла, заламалі руку і тварам паклалі на багажнік. Пры гэтым невядомы запытваў: “Цяпер разумееш, хто я такі?!” Жанчыну ўдарылі і адкінулі на ўзбочыну. Прагучалі стрэлы…

Зараз дакладна вядома, што тымі самымі незнаёмцамі былі супрацоўнікі АМАПа, якія чамусьці прадставіліся памежнай службай, і яны ўжылі табельную зброю. Навошта? На гэтае пытанне прэс-служба абласной міліцыі адказала такім чынам: “Аўтамабілі пад кіраваннем знаёмых і сваякоў падследнага сталі перашкаджаць руху службовага аўтамабіля уаз. На выкарыстанне пробліскавых маячкоў, сірэны, а таксама патрабаванне саступіць дарогу праз гукаўзмацняльныя прылады кіроўцы не рэагавалі. У мэтах спынення транспартнага сродку аднаго з правапарушальнікаў супрацоўнік АМАП выкарыстаў табельную зброю.

Ён здзейсніў адзін папераджальны стрэл у паветра. Аднак правапарушальнікі працягнулі свае супрацьпраўныя дзеянні і перашкаджалі дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. У сувязі з гэтым у мэтах спынення транспартнага сродку правапарушальніка быў здзейснены адзін стрэл у задняе кола аўтамабіля.

Міліцыянеры сцвярджаюць, што Мікалай быў у вышуку. Аднавяскоўцы абураюцца, што незадоўга да гэтага інцыдэнту ў Бельчукоў быў крадзеж (на жаль, для цяперашняй вёскі гэта звычайная справа), і яны самі выклікалі міліцыю. Тады ў міліцыянераў не было ніякіх прэтэнзій да Мікалая. Але… Нават у гэтым сухім паведамленні паміж радкоў чытаецца сапраўдная трагедыя, якая адбылася ў вёсцы. Да якой жа ступені трэба было “дастаць” тых сялян, якія з усіх сіл імкнуцца выжыць на сваёй зямлі, працуючы ад зары да зары, каб гэтым дзецюкам у чорным давялося страляць?! Ці ўяўляе сабе той даішнік, як можна працаваць на гаспадарцы без трактара?! Ці спрабавалі тыя амапаўцы ўзараць поле, пасадзіць гародніну, палоць, паліваць, касіць, гадаваць жывёліну?!

З боку сялян, магчыма, і было нейкае парушэнне закона. Але ж людзі ў пагонах павінны разумець, што іх задача – не дапусціць абвастрэння сітуацыі, не справакаваць людзей на рашучыя дзеянні. Хочацца спадзявацца, што суд зверне ўвагу на гэтую акалічнасць.

Дарэчы, сям’я Бельчукоў мела магчымасць у свой час з’ехаць на сталае жыццё ў Амерыку. Браты-фермеры кажуць, што вырашылі застацца і працаваць на сваёй зямлі. Ці маглі яны тады сабе ўявіць, што працаваць будуць у “зоне рызыкоўнага земляробства” і не толькі з-за нашага клімату і не надта добрай глебы. Вось ужо адзін брат як злачынца адбыў пакаранне за нібыта напад на міліцыянта, другі – пад вартай у чаканні прысуду.

У знак пратэсту Мікалай Бяльчук трымае галадоўку з 1 лістапада. Канваіры прыводзяць яго на судовае пасяджэнне пад рукі, бо з-за галадоўкі ён ужо не можа хадзіць самастойна.

Аўтар: Любоў ЛУНЁВА 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

18 лістапада 2017

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.