Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:59 19 снежня 2016
12
Памер шрыфта

Той, хто бачыў, як гэтыя двое ідуць паўз возера “Любенскае”, дзівіліся: мужчына заўсёды трымаў за руку худзенькую жанчыну ў блакітным берэціку. Пазней пранырлівыя “ўсяведы” расказалі: мужчыну завуць Андрэй (жонка часам клікала яго Андрусь), а яе – Марына. І прыехалі яны ў горад з далёкай вёскі, дзе прадалі яшчэ неблагі свой дом.

– Бач, як беражна трымае свайго Андруся, – гаварыла іх суседка Кацярына. – Я спачатку думала – каханне, як кажуць, да труны. Аж Марынка, аказваецца, слабавата бачыць. Дык Андрэй заўсёды яе падтрымлівае.

У пары быў правераны часам маршрут. Яны паціху тупалі паўз бераг возера, дзе часцяком можна было заўважыць, як асобныя мясціны пакрываліся зялёнай бросенню. Часам садзіліся на адну са шматлікіх лавак, што металічнымі штырамі мацаваліся да шэрых бетонных пліт (хоць усё роўна некалькі невядомыя злыдні сцягнулі) і ціхенька нешта спявалі…

І зноў жа ўсюдыісная суседка Кацярына расказвала суседзям па пад’ездзе, якую песню спявалі “для душы” Андрэй з Марынай.

– Яны, людзечкі, часцяком – мусіць, пад настрой – і дома на кухні спяваюць. Песня пачынаецца са слоў “А ў полі – азярэчка. Там плавала ведзярэчка…”.

– Дык і я чуў тую песню, – аднойчы далучыўся да размовы сусед зверху, сіваваты мужчына з маршчыністым тварам. – Там далей апавядаецца, як паехаў расчараваны хлапчына ў далёкі край:

Рыссю, мой коню,

Рыссю, вароны, –

Аж да сіняга Дуная…

А ў тым далёкім краі ён “і вады напіўся, і не ўтапіўся, і дадому вараціўся”…

Аказалася, што ў Андрэя ёсць музычная адукацыя, а Марына доўгі час спявала ў хоры, якім кіраваў яе муж.

– А вы папрасіце, каб яны вось тут, у двары, пад каштанамі паспявалі, – прапанавала тая ж Кацярына. – Хочаце – я папрашу?

Аднак Андрусь і Марына адмаўляліся раскрыць душы, распавесці пра вядзерца, у якога “саснова клёпка, дубовае дзенца”, і папрасіць словамі песні: “Не цурайся майго сэрца…”

Міналі дні, і новыя жыхары дома Андрэй і Марына станавіліся, як кажуць, старажыламі гэтых мясцін. І спявалі ўжо не толькі каля Любенскага возера, паблізу якога высіўся дом, дзе яны жылі.

А пасля Кацярына выведала яшчэ адну таямніцу суседзяў: тыя аблюбавалі недзе мясціну і дамок ля возера. І хочуць зрабіць там аграсядзібу. Вядома, калі атрымаецца ўдала прадаць гарадскую кватэру.

– А то сядзеш, як казаў мой дзед, у галёш – возьмеш на спіну непасільную ношу… – казаў суседзям Андрэй.

– Паспрабуем, – пераконвала яго Марына. – Бачу я: за апошнія гады развучыліся людзі не толькі ўсміхацца, а і ўголас выказваць свае мары і думкі… Можа, нам трохі і пашэнціць у жыцці.

За паўсядзённымі клопатамі жыхары дома нават не заўважылі, як Андрэй з Марынай з’ехалі, а ў іх кватэру засялілася маладая сям’я з маленькай дачкой. Ён – высокі негаваркі, а жонка – чарнявая шчабятуха.

– Варкай дачку назвалі, Варварай, – адразу абвясціла яна, першы раз выкочваючы з пад’езда прыгожую чырвоную каляску з дачушкай.

– Няхай расце здаровенькая! – пажадала ёй Кацярына.

– Дзякуй, цётачка!.. Учора званіла Марына, былая гаспадыня нашай кватэры, казала: прыедзе забраць якія-ніякія рэчы, што тут яшчэ засталіся.

Марына прыехала з Андрусём. Тыя, хто іх сустракаў, адзначылі самі сабе, як зблажэлі, пастарэлі абое. Андрй прыкметна прыгорбіўся, а ў Марынкі з-пад зімняга берэціка выбіваліся пасівелыя валасы.

– Ну, як там у вас, каля Васілевічаў? – дапытвалася ў былых суседзяў Кацярына. – Плавае вядзерца з дубовым дзенцам?

– Плавае, – раптам заўсміхалася Марына. – І зацягнула прыгожым голасам:

А ў полі азярэчка.

Там плавала ведзярэчка.

Саснова клёпка, дубовае дзенца…

Не цурайся майго сэрца…

– Прагарэлі мы з Андрусем з той сядзібай. Мала едуць да нас адпачываць. А чаму? Там жа возера побач – мы лазню збудавалі, з парай і венікамі, і хлеб хатні з квасам ёсць, але… Ды ўсё роўна трэба не апускаць галаву, а глядзець у неба – лічыць вечарамі, колькі на ім новых зорак успыхне. Шкада – слабавата я бачу…

Кацярына моўчкі лыпала вачыма на дзівачку: “Вось людзі! Што ні здарыцца – а яны зноў пойдуць, пабраўшыся за рукі, паўз возера”.

Міхась ДАНІЛЕНКА.

Гомель.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.