Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Не аднойчы Лукашэнка казаў: галоўнае – эканоміка. Хаця ёсць і другая думка: а ці не важней тое, што ў чалавека ў галаве? Маецца на ўвазе нацыянальная ідэя.
6:00 6 лiпеня 2015
12
Памер шрыфта

Але пачнём з эканомікі. Тут важнейшае пытанне: дзе браць грошы? Адказ: выкарыстоўваць знешнія і ўнутраныя інвестыцыі. Скажаце: нічога новага, гаворка пра гэта не адзін раз вялася на пасяджэннях урада. Па тэлевізары мы не раз бачылі карцінку: прэзідэнт патрабуе ад высокіх чыноўнікаў знешніх інвестыцый, а яны сядзяць, утуліўшы галовы, нібыта нешта пішуць. А ўстаў бы хоць адзін з іх і як мага далікатней сказаў бы: “Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вы галоўны тормаз, з-за вас многія бізнесмены з еўрапейскіх краін не хочуць укладваць свае грошы ў эканоміку Беларусі, з-за вас існуюць санкцыі. Калі вы на самай справе хочаце дабра нашым людзям – сыдзіце са сваёй пасады, і ў краіну пойдуць інвестыцыі і сучасныя тэхналогіі”. Дзе акажацца гэты прамоўца – лёгка здагадацца. Можа нават, у тых месцах, дзе пабывала большасць кандыдатаў у прэзідэнты, ці нават там, дзе цяпер былыя высокія непаслухмяныя начальнікі Ганчар і Захаранка.

А цяпер разбяромся па сутнасці. Бізнесмены ўкладваюць свае грошы туды, дзе ім выгадна і дзе ёсць гарантыі, дзе дзейнічаюць законы, а не ўказы і воля аднаго чалавека. Дык чым іх зможа зацікавіць наша краіна з новым прэзідэнтам? Вядома ж, калі ён з’явіцца.

Першае: у Беларусі многа высокаадукаваных спецыялістаў. А калі трэба будзе, то яны хутка давучацца да ўзроўню еўрапейскіх тэхналогій. Наша моладзь добра сябе зарэкамендавала на многіх сусветных конкурсах. Амбасадар Ізраіля неяк сказаў, што сярод кіраўнікоў і другіх вядомых людзей яго краіны найбольш выхадцаў з Беларусі. А колькі нашых творчых землякоў з поспехам працуюць у Маскве! Наша краіна мае глыбокія карані адукаванасці і творчых здольнасцяў і заслугоўвае лепшай долі.

Другое: затраты на аплату працы ў нас ніжэйшыя, чым у суседніх заходніх краінах. Значыць, меншы будзе сабекошт выпускаемай прадукцыі.

Трэцяе: выгаднае геаграфічнае размяшчэнне. Добрыя транспартныя зносіны з другімі краінамі.

Чацвёртае: больш танныя энергарэсурсы. Праўда, гэты паказчык не вельмі надзейны, бо залежыць ад стаўлення да нас Расіі. Хаця расійскаму бізнесу таксама выгадна ўкладваць сродкі ў Беларусь па тых жа прычынах. І гэтаму ёсць добрыя прыклады. Фірма “Август” пабудавала ў Мінскай вобласці прадпрыемства па вытворчасці сродкаў аховы раслін і ўжо многа гадоў іх з поспехам прадае ў нашай краіне і суседзям.

А цяпер пра ўнутраныя інвестыцыі. Нашы высокія начальнікі не адзін раз гаварылі, што ў людзей на дэпазітах захоўваюцца мільярды рублёў і валюты. А гэта азначае, што ў нашай краіне не створаны спрыяльныя ўмовы, няма належнай зацікаўленасці ва ўкладанні гэтых грошай у прамысловыя, сельскагаспадарчыя, абслугоўваючыя і іншыя прадпрыемствы. Чаму грамадзяне Беларусі баяцца ўкладваць свае зберажэнні ў доўгатэрміновыя акцыі? Па той жа прычыне – няма гарантый, у многім адмоўнае стаўленне кіраўніцтва краіны да асабістай уласнасці.

Пакуль што грошы ўкладваюць у гандаль. Там хуткі абарот: купіў – прадаў – атрымаў прыбытак. Але ў сучасных умовах такі прымітыўны бізнес можа прынесці вялікую шкоду для дзяржавы. Пераважная большасць тавараў купляецца за рубяжом і за валюту. Усе гэтыя дробныя гандляры рынкаў з усіх гарадоў Беларусі за год выво-зяць з краіны ў Польшчу, Расію мільярды долараў. Прайдзіце па радах нашых рынкаў – амаль усё імпартнае: абутак, вопратка, бытавыя прылады, будаўнічыя матэрыялы, цацкі і гэтак далей. Няўжо мы не можам самі зрабіць якую-небудзь пластмасавую цацку? Кіраўніцтва краіны, трэба думаць, бачыць такое становішча, але не тыя высновы робіць. Уводзіць розныя абмежаванні для гандляроў. А трэба ствараць умовы для вытворчасці якасных і больш танных тавараў у сваёй краіне. Больш танных таму, што ў нас таннейшыя энергарэсурсы. Высакаякасных таму, што ў нас высокаадукаваныя інжынеры і высокакваліфікаваныя працоўныя. А вырабляць гэтую прадукцыю могуць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Як гэта адбылося ў Польшчы. У артыкуле, які быў надрукаваны ў “Народнай Волі”, амбасадар Польшчы спадар Шарэпка пісаў, што яго краіна дабілася вялікіх поспехаў, стварыўшы ўмовы для росту гэтага сектара эканомікі. Канешне, ім дапамаглі суседзі па Еўрасаюзе.

Адкуль браць грошы на будаўніцтва такіх прадпрыемстваў? Тры асноўныя напрамкі: замежныя інвестыцыі (сумесныя прадпрыемствы), крэдыты, стварэнне акцыянерных таварыстваў. Пра апошнія хачу сказаць больш падрабязна. Калісьці нас вучылі ў інстытутах па палітэканоміі, што такое акцыя. Гэта калі ў чалавека ёсць добрая ідэя ці бізнес-план, але няма дастаткова грошай. Тады ён выпускае і прадае акцыі на неабходную суму. Прадавец акцый адкрывае вытворчасць, а пакупнікі акцый атрымліваюць дывідэнды. Так ствараецца рынак каштоўных папер, як гэта існуе ў большасці краін. Чым больш паспяховае прадпрыемства – тым даражэй акцыі. Працаўнікі прадпрыемства самі робяцца ўладальнікамі часткі акцый, і ў іх з’яўляецца інтарэс працаваць больш паспяхова.

Такое акцыянаванне вырашае некалькі праблем. Ствараюцца новыя працоўныя месцы (гэта вельмі важна ў апошні час у сувязі з барацьбой з так званым дармаедствам), выпускаецца патрэбная прадукцыя, не траціцца валюта на яе закуп за мяжой, грашовыя сродкі людзей будуць працаваць, бюджэт атрымае падаткі. Што для гэтага патрабуецца? Стварыць адпаведныя ўмовы: ільготы па крэдытах і падатках (асабліва на першым этапе), выдзяленне зямлі, адносіны да прадпрымальнікаў як да лепшых людзей краіны, а не чужародных элементаў, і гэтак далей.

Адна з праблем цяперашняй улады – вялікая колькасць стратных прадпрыемстваў. Нават былыя брэнды – трактарны, аўтамабільны заводы, “Гомсельмаш”, “Гарызонт” і другія адносяцца да гэтай катэгорыі. Скарачаць іх – а тады куды дзяваць рабочых? Фінансава падтрымліваць – гэта раскручваць дэвальвацыю. Тое ж самае тычыцца і стратных сельгаспрадпрыемстваў. Атрымліваецца тупік. Вось чаму ў нас тры абвальныя дэвальвацыі за апошнія чатыры гады. Долар вырас з 2800 да амаль 16.000 рублёў. Пашырэнне і развіццё дробнага і сярэдняга бізнесу дасць лю-
дзям працу. Тое, што сёння на рынках ледзь не ўсё імпартнае, прадастаўляе вялікую прастору для прадпрымальніцкай дзейнасці. Патрэбна толькі дапамога, і будучы прэзідэнт павінен будзе гэта зрабіць. У нашай краіне знойдуцца таленавітыя палітыкі, эканамісты, якія распрацуюць патрэбную праграму. Такія, як Бальцэровіч у Польшчы, Дэн Сяопін у Кітаі, Гавел у Чэхіі.

Чаму цяперашняя ўлада не дае прасторы прадпрымальніцкай дзейнасці? Таму што гэта не ўкладваецца ў рамкі сістэмы кіраўніцтва зверху данізу. Калі пайсці на радыкальныя рэформы, то прызначаць дырэктараў недзяржаўных прадпрыемстваў вертыкаль не зможа. А гэта вельмі важна. Дырэктар не будзе трымаць пад спудам кантрактаў сваіх рабочых і сам не будзе падпарадкоўвацца раённаму начальству.  А там, глядзі, людзі адчуюць сябе свабоднымі і пачнуць патрабаваць празрыстых і чэсных выбараў.

З эканомікай разабраліся. Чарка і скварка добра, але чалавек тым і адрозніваецца ад жывёлін, што можа думаць. І калі ў гэтых думках прысутнічае нацыянальная ідэя, важная мэта, то ён можа на нейкім этапе пагадзіцца з тым, што трэба падцягнуць папругу, ашчадна  выкарыстоўваць прыродныя і энергетычныя рэсурсы, не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю. Але такую ідэю ці мэту можа даць толькі такі прэзідэнт, якому ўсе, ці па крайняй меры вялікая большасць, будуць давяраць. Само сабой, абраны ён будзе на справядлівых выбарах, без датэрміновага галасавання і другіх парушэнняў.

Будучаму прэзідэнту давя-дзецца вырашаць і другія вельмі важныя пытанні. Напрыклад, фактычнае раздзяленне ўлады. Бюджэт павінен зацвярджаць толькі парламент. І ў яго, на маю думку, таксама трэба ўнесці значныя змены. Трэба зменшыць сродкі на сілавыя структуры. У нас, паводле дадзеных многіх сродкаў інфармацыі, колькасць міліцыянераў у разліку на тысячу чалавек у чатыры разы большая, чым у Польшчы, а парадку там больш. А навошта так многа спецназаўцаў, у нас жа самыя мірныя і памяркоўныя людзі? Пры справядлівых выбарах людзі на Плошчу не пойдуць. Ды і выдаткі на армію занадта вялікія. Краіны Еўропы больш багатыя, а маюць колькасць вайскоўцаў значна меншую, чым у нас, і трацяць менш грошай на ўзбраенне. У наш час колькасць танкаў нічога не вырашае. І ад каго нам абараняцца? Заходнія суседзі на нашы землі не прэтэндуюць, а з Расіяй, галоўным пудзілам у цяперашні час, у нас цэлы шэраг аб’яднанняў, у тым ліку і абаронных.

Атрыманыя за кошт зніжэння ваенных выдаткаў сродкі лепш накіраваць на адукацыю і навуку. Гэта наша перспектыва. Мне вельмі спадабаўся артыкул у “Народнай Волі” пад назвай “Новая волна” пра перадавую моладзь, якая дабілася значных поспехаў у камп’ютарных тэхналогіях, у тым ліку ў гульнявых праграмах. Хлопцы і дзяўчаты зарабляюць добрыя грошы, на ўзроўні Еўропы. Але гэта атрымалася не дзякуючы дапамозе кіраўніцтва краіны, а ў выніку іх асабістых дасягненняў. Калі стварыць на вядучых прадпрыемствах для такой моладзі спрыяльныя ўмовы, у тым ліку і па аплаце працы, то станоўчы вынік будзе абавязкова. Як я казаў раней, мы не маем прыродных запасаў нафты і мінералаў, але маем высокі інтэлект людзей. Сюды і трэба ўкладваць грошы. А пакуль што ў нас наадварот: дацэнт, навуковы супрацоўнік атрымліваюць 4 мільёны, прафесар – 6, будаўнік – 8–12, футбаліст – 30–100 мільёнаў. Можна пагадзіцца з аплатай будаўнікоў – яны атрымліваюць тое, што зарабілі. А вось на футбалістаў і другіх спартсменаў з прадпрыемстваў бяруць аброк, прымушаюць адлічваць грошы. Чым яшчэ больш пагаршаюць іх фінансавае становішча. Прывяду прыклад адмоўных вынікаў такой палітыкі. Наша краіна штогод закупляе хімічныя сродкі аховы раслін, мікраўгнаенні на суму каля 1 мільярда долараў. Калі б частку гэтых грошай аддаць на распрацоўку і вытворчасць сваіх, айчынных, прэпаратаў, то атрымалі б шматбаковую карысць. Вучоным павялічылі б зарплату, і іх не пераманьвалі б да сябе замежныя фірмы, з’явіліся б новыя працоўныя месцы, валюта заставалася б у сваёй краіне. Можна было б экспартаваць свае хімічныя вырабы і зарабляць валюту.

Я выклаў свае думкі-меркаванні наконт таго, як нам будаваць будучае нашай краіны. Магчыма, у чымсьці я памыляюся ці не валодаю дастатковай інфармацыяй. Але, калі сабраць неабыякавых людзей, спецыялістаў у розных галінах вытворчасці разам, будуць выпрацаваны правільныя напрамкі і рашэнні. Настаў час кардынальнай замены курсу. Пакуль што ў нас, як сказала адна журналістка на сустрэчы з прэзідэнтам, пры падборы кадраў толькі тусуюць старыя карты. Будучаму прэзідэнту трэба будзе набіраць новую каманду, з новым, сучасным разуменнем будаўніцтва краіны пад назвай Беларусь. Вось для чаго ў самадастатковых багатых краінах свету абавязковым з’яўляецца змена прэзідэнта і ўрада пасля адной-дзвюх кадэнцый. Да такога рашэння яны прыйшлі ў выніку шматвяковага вопыту. Можа, і нам пара ісці ў нагу з цывілізаваным светам?

Васіль МІХАЛЬЧЫК,
кандыдат
сельскагаспадарчых навук.

Гродна.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Анна Канопацкая: «Меня пытаются очернить…»

В последнее время председатель Объединенной гражданской партии Анатолий Лебедько не раз публично высказывал свои претензии к депутату Палаты представителей Анне Канопацкой.

Родня погибшего делила имущество с вдовой. Что случилось в Жодино, где пенсионер застрелил знакомого

В четверг утром в милицию Жодино обратился мужчина, который рассказал, что убил знакомого.

Госпредприятия пошлют на четыре буквы

Белорусские власти прислушались к МВФ и выполняют рекомендации фонда.