Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Не раз бачу на лавачцы ля дома гэтага чалавека. Немалады ўжо, хаця яўна і не дацягвае да майго веку (а мне 79 стукнула), увесь нейкі азызлы, са згаслымі вачыма. І на ладным, відаць, падпітку: твар аж барвовы, пад лавай напалову пустая пляшка, да якой ён прыкладваецца паміж зацяжкамі цыгарэты. Заўважыў: да аматара “культурна адпачыць” часцяком далучаецца хлапечая кампанія, і тады пах алкаголю ўперамешку з махровымі матамі-пераматамі запаланяе пляцоўку перад шматпавярховым домам, лезе проста ў вокны. Усім гэтым “любуюцца” і ўсё гэта чуюць жыльцы, іх дзеці-ўнукі…
6:00 24 лiпеня 2015
43
Памер шрыфта

Нарэшце, не вытрымліваю, падыходжу да знаёмага незнаёмца, рызыкуючы нарвацца на “цёплы” прыём. Але ён маўчыць, бы не заўважае мяне, не адрываючыся ад улюбёнага занятку. Спытаўся дазволу, прысаджваюся побач. Прыкідваю: з чаго пачаць размову, каб пайшла ў мірным рэчышчы. Цікаўлюся, як жыццё-быццё і што за бяда прымушае небараку вось так “прыгожа” бавіць час.

Ён доўга маўчыць, потым мала-памалу ўцягваецца ў размову – відаць, набалела, а падзяліцца няма з кім.

– Жыццё, пытаеш? Што гэта за жыццё пад старасць? Пенсія – сам ведаеш, лекі патрэбныя і тыя не купіш… Жонка калі была – талковая, эканомная, дык неяк лепш разам круціліся. Пахаваў яе – адзін бядую. Ёсць сыны, ды зусім на бацьку забыліся…

– Вакол цябе, заўважаю, процьма маладзёнаў таўчэцца, і ўсе – з пляшкай…

– Я ж кажу: жыццё такое. Думаеш, ім соладка? Хто на працу ніяк не ўладкуецца, у каго ў сям’і нелады.

– Падумай, няўжо ад такой “весялосці” вашы кашалькі патаўсцеюць, здароўя прыбавіцца, а зайздросныя рабочыя месцы абдымкі перад усімі раскрыюць? Можа, у стасунках з сямейнікамі ўсё ўпарадкуецца найлепшым чынам?

– Ат, не разумееш ты такіх, як я! – махнуў рукой субяседнік. – Ідзі сабе ўжо далей, куды ішоў…

Мне, прызнаюся, стала крыўдна. Як гэта – не разумею? Я што, з Марса зваліўся? У самога тыя ж – ці падобныя – “параметры” лёсу . У дзяцінстве разам з мамай і сястрычкай, як і ўсе з нашага пакалення, перажылі жахі вайны на акупаванай тэрыторыі. Бацька загінуў на фронце, і нават у першыя мірныя гады сям’я сербанула гора пад завязку. Мама ў полі, я з ёю – каб хоць крыху падсабіць, зарабіць якую капейчыну ў саўгасе. Падлеткам захапіўся сельгастэхнікай, вырашыў, як вырасту, звязаць сваё жыццё з працай на зямлі, старацца, каб добра радзіла. Пасля дзесяцігодкі скончыў Мар’інагорскі сельгастэхнікум, затым – профільны інстытут у Ленінградзе і паехаў па накіраванні на Палессе, у Іванаўскі раён.

Праца агранома (пэўна, як і ўсялякая іншая, калі ты любіш яе, а не зямлю цяжыш) патрабуе і сучасных ведаў, і сыноўскіх пачуццяў да зямлі-карміцелькі, клопату пра яе здароўе ў любую непагадзь – і пад снегам, і пад ліўнем, і пад градам. Не было калі наракаць на такую наканаванасць, сам жа выбраў дарогу і не збочыў з яе. Хлебаробская справа – ганаровая і нічым не заменная, і я, не хвалячыся, аддаваў ёй усе сілы. Маю за сваё старанне ўзнагароды той пары – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, граматы Вярхоўнага Савета БССР. І хоць той час даўно мінуў, узнагароды тыя не выкідваю: людзі казалі, што заслужыў.

Цяпер, калі ўжо даўно на пенсіі, жыву ў Мінску. Не ўтойваю, сапраўды цяжка аднаму. Некалькі год таму адышла ў іншы свет мая дарагая жоначка Нела Герасімаўна. Мы пражылі душа ў душу шмат гадоў, былі адно аднаму апорай і суцяшэннем у любых варунках. Яна, выдатны урач-рэнтгенолаг, мела кандыдацкую ступень у медыцынскай навуцы, ратавала – і многіх уратавала – ад цяжкіх хвароб, а то і смерці. А вось сябе не здолела ўратаваць…

Перажыць незваротную страту і скруху мне дапамагаюць сябры. Нашы агульныя з Нелай сябры, што не пакінулі, не адхіснуліся, калі яе не стала. Не нейкія там забулдыгі-сабутэльнікі, якім насамрэч на цябе напляваць, а верныя, надзейныя, блізкія людзі: Іна Апалонава, Галіна Шыкунова, Анатоль Пятроўскі, Аляксандр Грабоўскі, Леў Арцюх… У нас і разуменне жыцця, і інтарэсы-захапленні ў многім супадаюць. Разам наведваем месца апошняга спачыну Нелы, згадваем перажытае. Па-ранейшаму бавім сваім гуртом вольны час, адзначаем дні народзінаў. Не забываюся на сяброўскія святы прыхапіць з сабою гармонік – дарунак тульскіх сваякоў. Спяваем улюбёныя з маладосці і сучасныя песні, згадваем, як прыгожа гучаў у нашым хоры яркі Нелін голас. А то просяць, каб я пачытаў свае вершы – даўно іх складаю, прысвячаю сябрам, розным жыццёвым уражанням. Тут і лірыка, і гумар, і іронія – пад настрой. Аднойчы апісаў, як мы зладзілі культпаход у “Чижовка-Арену”. Глядзелі гандбольны матч, за беларускую каманду балелі, аглядалі ўнікальнае спартыўнае збудаванне.

Цікавасць да спорту ў мяне не толькі глядацкая. Мой стары веласіпед рэдка адпачывае, неразлучны я з ім яшчэ з аграномскай маладосці. Ад Мінска да, скажам, Мар’інай Горкі і назад наўпрост шыбую, нашмат скарачаючы дарогу. А ўжо на рыбалку, на прыроду, ды яшчэ з фотаапаратам… Любата! А яшчэ доўгія гады займаўся маржаваннем, купаюся амаль штодня ад лёду да лёду. Пашанцавала, што Цнянскае вадасховішча блізка ад дому.

Ёсць яшчэ захапленне – кнігі, чытаю запоем. Як, дарэчы, і сваю любімую “Народную Волю”, якую ад душы віншую з 20-годдзем з дня народзінаў і якой глыбока ўдзячны за яе мужную праўду і вернае служэнне Беларусі.

…Канечне, узрост і хваробы нагадваюць пра сябе. Перанёс некалькі сур’ёзных аперацый, спіна ўжо не такая прамая. Але не жалюся і не плачуся. Галоўнае, каб душа не сагнулася пад ветрам, інакш паважаць сябе не буду. Бо сакраментальнае “Ты м-мяне п-паважаеш?” у п’янай кампаніі – зусім не тое, што падтрымае тваю годнасць, суцішыць боль.

Шкада мне, вельмі шкада майго субяседніка на лавачцы. Разумею: чалавек страціў душэўную апору і папросту губіць сябе. Асабліва балюча, што такіх, каму нестае ўдумнасці і сілы волі нешта змяніць у сабе самім, не так ужо і мала. А можа, яшчэ не ўсё згублена? Дай Бог…

Леанід Іванавіч АРЦЮШЭЎСКІ, 79 год.

Мінск.

Ад рэдакцыі

Допіс нашага чытача Леаніда Арцюшэўскага ўжо быў падрыхтаваны да друку, як стала вядома: бязлітасная спёка прывяла шаноўнага аўтара ў бальнічную палату. Зычым яму хутчэйшай папраўкі і спадзяёмся: ён набярэцца новых сіл і яшчэ возьме ў рукі свой гармонік!

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).