Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 20 верасня 2016
17
Памер шрыфта

Выбары прайшлі, а інтрыга засталася: Аб’яднаная грамадзянская партыя, напрыклад, вырашае, што рабіць з дэпутацкім мандатам Ганны Канапацкай, якая перамагла ў Мінску па 97-й выбарчай акрузе: пакінуць яе ў складзе парламента альбо не? Рашэнне будзе агучана сёння.

А ўчора Ганна Канапацкая зрабіла сабе дзень цішыні: выключыла ўсе тэлефоны і з’ехала на прыроду. Таму, каб унесці яснасць у сітуацыю, мы звярнуліся да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля ЛЯБЕДЗЬКІ.

– Анатоль Уладзіміравіч, чаму ўвогуле ўзнікла такое пытанне? Упершыню ж прадстаўнік апазіцыйнай партыі трапіў у парламент – ці не гэтага вы дамагаліся?

– Справа ў тым, што мы арганізацыя дэмакратычная, і ў некаторых нашых сябраў ёсць такі падыход, што трэба ад мандата адмаўляцца. Гэта звязана з тым, што на вялікай колькасці ўчасткаў назіралі ўсё тыя ж нахабнасць, нізасць, якія адбываліся падчас галасавання.

Мы арганізавалі ў сябе дыскусію, і мяркую, што знойдзем правільнае, разумнае рашэнне, якое не толькі будзе сыходзіць з нейкіх нашых амбіцый, але ад якога будзе карысць для прыхільнікаў перамен. Бо зараз пытанне не толькі пра нашы ўнутраныя эмоцыі, але і пра тое, як прадстаўніцтва ў парламенце нашай актывісткі можа быць выкарыстана для краіны, для перамен.

– А ваша асабістая пазіцыя якая?

– Мы ведаем, якая можа быць “палатка” без нашай апазіцыйнай прысутнасці – назіраем гэта 20 гадоў. А вось парламент з новымі элементамі – гэтага яшчэ не было. Магчыма, нейкая рызыка ёсць, але мне падаецца, мець альтэрнатыўных дэпутатаў у парламенце з шэрагу апазіцыйных і дэмакратычных структур – важка і больш плённа для ўсіх нас.

– А як да усёй гэтай сітуацыі ставіцца сама Ганна?

– Я думаю, яна ўсё адэкватна ўспрымае і разумее, што адзін чалавек нават з самымі незвычайнымі здольнасцямі не шмат што можа зрабіць. Але калі за тваімі плячыма прафесійная каманда, партыйная структура, тады можна ставіць больш амбіцыйныя мэты і задачы. У Ганны такое ўяўленне ёсць. Сёння яна кажа: “Я частка прафесійнай каманды”.

– А што скажаце наконт абвінавачанняў, маўляў, без дапамогіўлад не абышлося, Канапацкую правялі ў парламент, каб прадэманстраваць Захаду дэмакратычныя перамены і не прапусціць у парламент канкурэнтку Ганны па дадзенай акрузе – лідара “Гавары праўду!” Таццяну Караткевіч?

– Мы не наіўныя і разумеем, што ўлада кантралявала сітуацыю на ўсіх стадыях выбараў. Якая матывацыя ва ўлады – гэта іншая размова. Але я  ведаю адно: Канапацкая са сваёй камандай адпрацавалі ад першага і да апошняга дня. У іх была прадуктыўная кампанія, я быў на яе пікетах і бачыў, як людзі  станоўча рэагавалі на Ганну. Яна з самага пачатку пазіцыянавала сябе як прадстаўнік апазіцыйнай партыі, ішла на выбары з праграмай “Мільён працоўных месцаў” як альтэрнатывай дзеючаму эканамічнаму курсу. Напрыклад, калі Таццяна Караткевіч казала, што ў краіне ўсё ідзе на паляпшэнне, што ёсць нейкія крокі наперад, то Ганна ясна і прынцыпова заяўляла, што краіна прагне перамен. Яна добра і прафесійна трымалася падчас дэбатаў. І я ўпэўнены, што пры чэсным падліку галасоў шанец перамагчы ў Ганны Канапацкай быў вельмі высокі.

– Пагадзіцеся, што пра палітыка Ганну Канапацкую наўрад ці шмат вядома. Яна даўні сябра АГП?

– Так. Яна была на ўстаноўчым сходзе АГП, калі наша партыя толькі стваралася. Тады Ганна была маладой дзяўчынай, ёй толькі споўнілася 19 гадоў. У мінулую парламенцкую кампанію, у 2012 годзе, Ганна Канапацкая таксама балатавалася ў парламент, але ў рамках стратэгіі, абранай партыяй, яна, як і ўсе сябры АГП, у апошні момант знялася з выбараў, і яе прозвішча не было ў бюлетэнях.

Ганна – добра адукаваны чалавек, мае добрую юрыдычную практыку, ведае некалькі моў, як прадпрымальнік самадастатковая, і пры гэтым ніколі не цуралася займаць прынцыповую пазіцыю: калі яе трэба было прадэманстраваць на вуліцы ў пікеце, яна гэта рабіла. Ганна прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пікеце, які ладзіўся ў падтрымку палітвязняў.

Доўгі  час Ганна Канапацкая ачольвала мінскую арганізацыю АГП, у мінулым годзе яе змяніў на гэтай пасадзе Мікалай Казлоў. Яна застаецца сябрам Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Што важна: Ганна ішла ў Палату прадстаўнікоў не дзеля зарплаты. Яна паспяховы прадпрымальнік, за мінулы год, як было пазначана ў яе дэкларацыі, зарабіла  амаль 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Ганна ведае, на што ёй дэпутацтва. Але ў любым выпадку мы нясём за яе адказнасць, бо яе вылучала кандыдатам на выбары Аб’яднаная грамадзянская партыя. Мы гатовы ёй дапамагчы і нам ёсць што ёй прапанаваць. Мы можам фарміраваць актуальны парадак дня для краіны, для ўлады, для прыхільнікаў перамен.

 

ТЫМ ЧАСАМ

“Павінна ўзяць гэты мандат і працаваць”

Таццяна Караткевіч асабіста не павіншавала Ганну Канапацкую з перамогай, але на прэс-канферэнцыі, якую ўчора правялі лідары “Гавары праўду!” па выніках парламенцкай кампаніі, адзначыла:

– З’явіліся новыя палітыкі, у тым ліку і Аня Канапацкая, якая перамагла. І я кажу ёй: «Аня, ты павінна ўзяць гэты мандат і працаваць. Калі патрэбна, я гатова табе дапамагаць.

Аўтар: Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

В центре Нью-Йорка произошел взрыв

Полиция Нью-Йорка проверяет информацию о взрыве на Манхэттене недалеко от Таймс-сквер.

Беременную могут лишить пособия за плановое УЗИ не в государственном, а в частном медцентре

Беременную минчанку могут лишить пособия для женщин, ставших на учет до 12-й недели беременности, из-за того, что она сделала УЗИ в частном медцентре. Как такое возможно?

Не отдала пенсию: в Щучинском районе сын убил мать

Мужчина, находясь в состоянии алкогольного опьянения, избил мать, а скорую вызывать не стал. Женщина скончалась.