Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Старшыня ніжняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка паведаміў, што актывізавалася работа па вяртанні Беларусі статусу спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і што ў гэтым накірунку ёсць зрухі.
6:00 31 лiпеня 2015
9
Памер шрыфта

Якія канкрэтна зрухі? І чаму Беларусь рвецца ў ПАСЕ?
На гэтыя пытанні адказвае палітолаг, старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільнюс) Дзяніс МЕЛЬЯНЦОЎ.
– Задача аднаўлення гасцявога статусу Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы была актуалізавана восенню мінулага года, калі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову старшыні камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Мікалая Самасейкі вярнуцца да прапрацоўкі гэтага пытання. Пасля гэтага адбыўся цэлы шэраг візітаў функцыянераў Савета Еўропы ў Беларусь, што было ўжо звязана хутчэй з агульным змяненнем кантэксту беларуска-еўрапейскіх адносін і новым іміджам Беларусі як краіны-міратворца.
5 ліпеня Уладзімір Андрэйчанка ўжо заявіў пра зацікаўленасць у аднаўленні статусу спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ, але пры гэтым дадаў: «Мы не прымаем, калі нам навязваюць нейкія ўмовы ў сувязі з вяртаннем гэтага статусу».
Нагадаю, што спробы аднавіць гэты статус прадпрымаліся і ў папярэдні перыяд пацяплення адносін з ЕС у 2009 годзе намаганнямі тагачаснага і цяперашняга спецдакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні, але тады Мінск адмовіўся выканаць галоўную ўмову Савета Еўропы – увесці мараторый на смяротнае пакаранне. На гэтым працэс і скончыўся. Зараз сітуацыя паўтараецца практычна цалкам. І Мінск, і Савет Еўропы гатовы да збліжэння, але Беларусь не жадае выконваць якія-небудзь папярэднія ўмовы. Нават такія мінімальныя, як мараторый на смяротнае пакаранне.
Тут нялішнім будзе нагадаць, што Беларусь была пазбаўлена статусу з-за нелегітымнага фарміравання парламента ў 1996 годзе (тады Палату прадстаўнікоў выбіраў не народ, а адвольна прызначаў Аляксандр Лукашэнка). Але Савет Еўропы, як відаць, гатовы заплюшчыць вочы на праблемы з дэмакратыяй у Беларусі. Аднак пытанне смяротнага пакарання па-ранейшаму застаецца жалезабетоннай перашкодай на шляху вяртання гасцявога статусу. І тут зрухаў пакуль не назіраецца. Ёсць толькі інтэнсіфікацыя дыскусіі.
Варта падкрэсліць, што афіцыйны Мінск зацікаўлены толькі ў вяртанні статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ, але ніяк не ў паўнапраўным членстве ў Савеце Еўропы. Гасцявы статус дае магчымасць працаваць у шматлікіх камітэтах ПАСЕ (без права голасу і права абірацца), удзельнічаць у дыскусіях, ён легітымізуе беларускі парламент як дэмакратычна абраны інстытут (а гэты статус патрэбны афіцыйнаму Мінску для паляпшэння свайго міжнароднага іміджу і атрымання дадатковай пляцоўкі для парламенцкай дыпламатыі). Паўнапраўнае ж сяброўства ў СЕ накладае шматлікія палітычныя абавязацельствы, галоўным з якіх з’яўляецца прызнанне юрысдыкцыі Суда па правах чалавека. То бок тады беларускія грамадзяне змогуць звяртацца ў гэты суд з іскамі супраць Рэспублікі Беларусь. І цалкам верагодна, што ў такім выпадку нашай дзяржаве прыйдзецца панесці істотныя фінансавыя выдаткі (прыклад Расіі з’яўляецца доказам). Таму Мінск хацеў бы абмежавацца гасцявым статусам і пазбегнуць непатрэбных абавязацельстваў і фінансавых выдаткаў.
Цяпер склалася вельмі спрыяльная міжнародная кан’юнктура для збліжэння Беларусі з Саветам Еўропы, і многія функцыянеры ў Страсбургу, як і дэпутаты ПАСЕ, гатовы мірыцца з «асаблівасця-мі» беларускай палітычнай сістэмы. Але, паводле слоў нават самых добразычліва настроеных да Беларусі дэпутатаў Парламенцкай асамблеі, абысці патрабаванне адмены смяротнага пакарання Мінску наўрад ці ўдасца.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.

Жители Бобруйска скидываются на реконструкцию детской больницы

В Бобруйске не хватает средств на реконструкцию детской больницы, которая обслуживает маленьких пациентов из пяти районов Могилевской области.

За скорость лишать, бесправников арестовывать: поправки в КоАП приняли во втором чтении

Бесправников в Беларуси планируют наказывать административным арестом за повторное нарушение. Об этом сегодня сообщил председатель Постоянной комиссии Палаты представителей по правам человека, национа