Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 10 студзеня 2017
16
Памер шрыфта

У навагоднюю ноч супрацоўнік міліцыі страляў у 28-гадовага мінчаніна, які пасля гэтага аказаўся ў рэанімацыі.

Як інфармуе сайт ГУУС Мінгарвыканкама, сітуацыя развівалася наступным чынам:

“1 студзеня 2017 года ў 6.40 раніцы ў міліцыю патэлефанавалі і паведамілі, што ў адной з кватэр дома па праспекце Любімава шумяць, перашкаджаюць адпачываць. Па гэтым адрасе быў накіраваны супрацоўнік гарадскога аддзела міліцыі №2 сяржант міліцыі С.

Калі сяржант прыйшоў на месца, то пачуў шум. На званок дзверы адкрыў грамадзянін Г. Супрацоўнік міліцыі прадставіўся, патлумачыў прычыны візіту. У адказ грамадзянін Г., які знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, нанёс удар супрацоўніку міліцыі ў вобласць грудзей, пасля чаго – яшчэ серыю ўдараў у вобласць галавы, а затым паспрабаваў захапіць табельную зброю.

Супрацоўнік міліцыі гэтую спробу спыніў. Спачатку ён зрабіў вуснае папярэджанне, потым папераджальны стрэл. Грамадзянін на гэта не адрэагаваў, і тады супрацоўнік міліцыі зрабіў два стрэлы і параніў дэбашыра. У выніку грамадзянін дастаўлены ў медыцынскую ўстанову, прааперыраваны, яго жыццю нічога не пагражае. Супрацоўнік міліцыі дастаўлены ў шпіталь МУС з чэрапна-мазгавой траўмай. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа па ст.363, ч.2 Крымінальнага кодэкса Беларусі (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак).

Тым часам блізкія параненага 28-гадовага Андрэя Т. лічаць, што не ўсё адбывалася так, як прадстаўлена ў версіі міліцыі.

“Як толькі муж адкрыў дзверы, я пачула хлапкі і крыкі, – распавяла яго жонка Анастасія. – Першай у тамбур выбегла мая сястра, і міліцыянер адразу ж наставіў на яе пісталет. Я ўбачыла мужа, які ляжаў на падлозе. Ён быў увесь у крыві. Міліцыянер двойчы стрэліў у яго. Я не паспела з міліцыянерам пагаварыць, ён збег. Калі спрабавала спыніць кроў, побач са мной стаялі яшчэ два міліцыянеры. Я не ведаю, ці прыйшлі яны адразу альбо пазней”.

Паводле слоў Галіны Іванаўны, маці Андрэя, зараз сын знаходзіцца пад аховай у Галоўным ваенным клінічным шпіталі, дзе яна і збіралася яго ўчора наведаць.

– Кампанія з васьмі чалавек (пераважна ўсе – сямейныя пары) адзначала ў кватэры Новы год, – распавяла яна “Народнай Волі”. – Гучна іграла музыка, хтосьці з суседзяў выклікаў міліцыю. Затым быў званок, сын пайшоў адчыняць дзверы адзін. Далей – стрэлы, сына з раненнямі ў спіну і ў нагу адвезлі ў шпіталь. Я затым пайшла ў апорны пункт міліцыі, які знаходзіцца акурат ля дома, папрасіла назваць прозвішчы тых міліцыянераў, якія выязджалі на месца здарэння. Мне адмовілі ў прадастаўленні такой інфармацыі, але паведамілі, што Андрэй сам кінуўся на супрацоўніка міліцыі. Хаця ў руках у сына нічога ж не было. Навошта было сына расстрэльваць, як нейкага рэцыдывіста?..

– 2 студзеня вы паспрабавалі наведаць яго ў шпіталі…

– Мяне не пусцілі, урач, з якім давялося пагутарыць, сказаў, што ніякай інфармацыі мне даваць не будзе. Маўляў, на гэта патрэбны дазвол сына. Але паведаміў, што яго стан стабілізаваўся, ён ужо размаўляе. І ў той жа час з рэанімацыі пакуль не пераводзяць. Ахову паставілі – аж трох чалавек. Знайшлі злачынцу!

– ГУУС Мінгарвыканкама тым часам паведамляе, што супрацоўнік міліцыі таксама дастаўлены ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.

– Раней быццам бы казалі, што ў міліцыянера проста гематома, а зараз ужо размова ідзе пра чэрапна-мазгавую траўму. Але ў Андрэя ў руках нічога не было, акрамя мабільнага тэлефона…

***

Адным словам, у гэтай справе хапае супярэчлівай інфармацыі, але кропкі над “і” павінна расставіць следства.

Аўтар: Алесь СВЯТЛАНІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.