Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 29 снежня 2016
23
Памер шрыфта

Не стала Уладзіміра Дзіско, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Беларускаму Слову.

Калі на пачатку 1990-х гадоў у мяне і маіх калег, дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, з’явілася магчымасць паспрыяць адраджэнню беларускай школы ў нашай краіне, наш разлік быў просты. У БССР тады працавала больш за дзесяць тысяч настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Калі б кожны з іх актыўна ўключыўся ў беларусізацыю нашай адукацыі, ужо праз тры-чатыры гады вынікі гэтага працэсу былі б адчувальныя. На жаль, такіх педагогаў аказалася выразная меншасць: сярод выпускнікоў беларускіх аддзяленняў філалагічных факультэтаў універсітэтаў людзей, не прыхільных да беларушчыны, я асабіста сустракаў нават больш, чым сярод выпускнікоў рускіх аддзяленняў. На шчасце, у нашай сістэме адукацыі былі ўсё ж такія людзі, як Уладзімір Антонавіч Дзіско.

Нарадзіўся будучы педагог 6 верасня 1936 года ў вёсцы Брольнікі Навагрудскага ваяводства тагачаснай Другой Рэчы Паспалітай. У гады гітлераўскай акупацыі хлопчыку Валодзю давялося перажыць нямала: расстрэл мясцовых рамеснікаў-яўрэяў, адпраўку ў Нямеччыну на прымусовыя працы старэйшых аднавяскоўцаў, сярод якіх была і яго стрыечная сястра Вольга… Толькі цуд выратаваў Валодзю і яго бацьку Антона Аляксандравіча, калі аднаго разу карнікі ўварваліся ў вёску, шукаючы партызан, сярод якіх былі і іх сваякі. Валодзева маці была арыштавана, і толькі высілкамі яе старэйшай сястры (якая аддала ў якасці хабару свой заручальны пярсцёнак навагрудскаму каменданту) яе ўдалося вызваліць. Каб узнавіць разрабаваную фашыстамі гаспадарку, сям’і Дзіско давялося звяртацца па дапамогу да спагадлівых суседзяў.

У школу Валодзя пайшоў пераросткам, і ўсё жыццё з удзячнасцю ўзгадваў сваіх першых настаўнікаў – Аляксандра Лазарэвіча, Ганну Кіклевіч, а таксама Валянціну Лістападаву, якая, прыехаўшы з Расіі, за некалькі месяцаў засвоіла беларускую мову і паспяхова выкладала на ёй… Сам Уладзімір Дзіско вучыўся на “выдатна” і ў 1952 годзе абраў прафесію педагога – паступіў у Навагрудскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога падаў дакументы ў Мінскі педінстытут імя Максіма Горкага. Тут сярод яго сяброў-аднакашнікаў былі не абы-якія асобы – напрыклад, будучы гісторык і краязнаўца Анатоль Валахановіч (які, на жаль, таксама зусім нядаўна пайшоў з жыцця) або будучы паэт Раман Тармола-Мірскі…

З 1961 года і да пачатку цяжкай хваробы ў студзені гэтага года, Уладзімір Дзіско прысвяціў сябе працы настаўніка беларускай мовы і літаратуры, педагога-метадыста і арганізатара. З захапленнем яго педагагічны талент узгадвалі і ўзгадваюць шматлікія выпускнікі Аршанскага педагагічнага каледжа, Беларускага гуманітарнага ліцэя. Колішняя вучаніца апошняга, цяпер выкладчыца міжнароднага каледжа ў баснійскім Мостары Настасся Рудак пісала: “Уладзімір Антонавіч быў першы настаўнік, які пастаянна падтрымліваў мае памкненні дасканала засвоіць мову не толькі сваімі неацэннымі высілкамі як педагог, але і ўласным прыкладам у любых жыццёвых сітуацыях. Таму пасля двух гадоў навучання ў ліцэі, падчас якіх, дарэчы, я даведалася больш, чым за ўсе папярэднія школьныя гады, я атрымала найвышэйшую адзнаку…”

У 1980 годзе лёс Уладзіміра Дзіско крута памяняўся: ён пераехаў у Мінск, дзе яго запрасілі працаваць у Рэспубліканскі вучэбна-метадычны кабінет пры Міністэрстве адукацыі БССР. Цяжка нават пералічыць, колькі ўсяго зрабіў ён асабіста, каб падтрымаць творча працуючых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры, колькі разнастайных метадычных напрацовак ён падрыхтаваў разам са сваімі калегамі! Уладзімір Антонавіч шчырай душой падтрымаў абвяшчэнне незалежнасці краіны, нават уступіў у Беларускі Народны Фронт. Першае пакаленне падручнікаў па беларускай літаратуры і мове ў Рэспубліцы Беларусь выходзіла пад яго непасрэднай апекай, дый сам ён удзельнічаў у падрыхтоўцы дапаможнікаў па беларускай літаратуры, больш за дзясятка зборнікаў экзаменацыйных матэрыялаў для 9-х і 11-х класаў. На працягу 27 (!) гадоў Уладзімір Дзіско быў нязменным сакратаром рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове для школьнікаў.

У 1997 годзе пасля чарговай змены кіраўніцтва ў Інстытуце адукацыі з ініцыятывы новай улады Уладзімір Дзіско быў звольнены з тагачаснага Навукова-метадычнага цэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання. Лёс прывёў яго ў Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе ён стаў выкладчыкам беларускай мовы. Усе гады працы ў ліцэі Уладзімір Антонавіч быў узорам прафесіяналізму і бездакорнай адказнасці: немагчыма было сабе ўявіць, каб ён нешта своечасова не выканаў, недзе ў нечым недапрацаваў. Калі ліцэй намаганнямі цяперашняй улады быў пазбаўлены афіцыйнага статусу, ён застаўся верны ліцэістам і іх бацькам: рэгулярна, нягледзячы на немаладыя ногі, праблемы з сэрцам, дабіраўся на заняткі і – аніколі не спазняўся!

Калі праз год пасля афіцыйнага закрыцця ліцэя ў Мінск прыехаў здымаць фільм (які атрымаў потым назву “Партызанская школа”) беластоцкі тэлежурналіст Юрый Каліна, ён зрабіў Уладзіміра Дзіско фактычна адным з самых галоўных герояў гэтага фільма…

Варта адзначыць яго надзвычайную ўважлівасць і далікатнасць. Не было выпадку, каб ён забыўся павіншаваць каго-небудзь з калег з днём нараджэння, з іншымі важнымі падзеямі ў жыцці… Звычайна Уладзімір Антонавіч пісаў вершаваныя віншаванні. Наогул, усё сваё жыццё ён памалу пісаў – і паэзію, і прозу. Да васьмідзесяцігоддзя з дня нараджэння сёлета калегі-педагогі ў складчыну прафінансавалі выданне выбраных твораў Уладзіміра Дзіско, што – з прадмовай вышэйзгаданага Анатоля Валахановіча – выйшлі ў адным з мінскіх прыватных выдавецтваў пад назвай “Хвіліны радасці і смутку”.

На пачатку гэтага года, калі Уладзімір Дзіско ўжо не змог далей праводзіць заняткі ў ліцэі (страціў магчымасць размаўляць), ягоны фактычны педагагічны стаж складаў 63 з паловай гады! На мой погляд, гэты факт заслугоўвае ўнясення ў любыя кнігі рэкордаў, але галоўнае іншае: жыццёвы шлях Уладзіміра Антонавіча Дзіско – прыклад таго, як можна, не прыцягваючы залішняй увагі да сябе, рабіць справу свайго жыцця.

Уладзімір Дзіско ад самага пачатку і да апошніх дзён свайго жыцця быў нязменным падпісчыкам “Народнай Волі”. Калі мы з калегамі завітвалі да яго, ужо моцна хворага, дадому, ён увесь час паказваў мне і мае публікацыі, і іншыя артыкулы, якія прыцягнулі яго асаблівую ўвагу ў газеце. Уладзімір Дзіско вельмі перажываў за тое, што адбываецца ў краіне; на жаль, нямала здароўя адабралі ў яго антыбеларускія дзеянні тых, хто стаіць ва ўладзе…

Застаецца верыць, што такія людзі, як ён, усё ж такі пражылі сваё жыццё недарма і што вучні і вучні вучняў гэтага сціплага працаўніка на ніве беларускай справы яшчэ скажуць сваё слова ў будучай Беларусі.

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Кучма: Россия предлагает сделать новую границу с Украиной

Представитель Украины в трехсторонней контактной группе по урегулированию ситуации на Донбассе Леонид Кучма считает, что Россия фактически хочет создать на линии соприкосновения на Донбассе новую гран

Лукашенко открыл завод «Белджи» и рассказал об указе по стимулированию покупки автомобилей Geely белорусами

В Беларуси разрабатывается проект указа, направленный на стимулирование покупки белорусами отечественных легковых автомобилей, произведенных СЗАО "Белджи".

МНС сможет блокировать операции плательщиков по их электронным кошелькам

Министерство по налогам и сборам Беларуси получило право приостанавливать операции плательщиков по их электронным кошелькам.